Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левыя вызначыліся, астатнія — думаюць


Напярэдадні ў інтэрвію Радыё Свабода сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях павінны быць прадстаўнікі апазыцыі. Лідэры дэмакратычных партый і рухаў спадзяюцца, што ўлады спыняць перашкоды для ўдзелу апазыцыйных актывістаў у назіраньні за выбарамі і падліку галасоў. Адпаведныя сьпісы ў ЦВК мусяць быць пададзеныя да канца дня 26 верасьня.

Валеры Ухналёў
Як і падчас папярэдніх палітычных кампаній, найбольш актыўная ў вылучэньні кандыдатаў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». Намесьнік старшыні партыі Валеры Ухналёў распавёў:

«Па сваёй партыі „Справядлівы сьвет“ магу сказаць: у нас вылучана 45 чалавек ва ўсе абласныя камісіі, менскую гарадзкую, а таксама раённыя і гарадзкія, кшталту Пінску, Баранавічаў і г.д. Гэтыя людзі ўчора-сёньня вылучаныя, дакумэнты здадзеныя. То бок, у нас гэтая справа завершаная, вызначаныя 45 чалавек, і больш ня будзе. Пакуль складана сказаць, дзе, на якім рэгіёне мы зробім большы акцэнт. Зразумела, што асаблівая ўвага — на буйныя гарады, абласныя цэнтры, уласна Менск. Але нешта грунтоўна пакуль сказаць складана, трэба глядзець на сытуацыю».

А вось Партыя БНФ стаўку ў працэсе вылучэньня прадстаўнікоў для працы ў выбарчых камісіях робіць на вядомых людзей. Гаворыць старшыня партыі Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
«Канчатковая інфармацыя будзе напачатку наступнага тыдня, але паўсюль, дзе ў нас зарэгістраваныя структуры, мы вылучаем прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі. Хацеў бы адзначыць, што перадусім мы вылучаем знакавых асобаў: такіх, прыкладам, як Юрась Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Галіна Сямдзянава. Насамрэч, мы вельмі задаволеныя, што яны далі сваю згоду вылучыцца ў гэтыя камісіі і, безумоўна, для ўладаў гэта будзе моцны тэст. Таму што пра гэтых людзей ніяк нельга сказаць, што яны ня маюць досьведу, што яны не абазнаныя ў справе арганізацыі выбараў. Вось і праверым, наколькі праўдзіва можна ўспрымаць словы спадара Лазавіка».

Нягледзячы на тое, што экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч заявіў аб сваім няўдзеле ў сёлетняй кампаніі, ягоны рух «За Свабоду!» мае намер прысутнічаць у тэрытарыяльных камісіях. Праўда, як кажа намесьнік кіраўніка арганізацыі Юрась Губарэвіч, давядзецца туды ісьці вакольнымі шляхамі:

Юрась Губарэвіч
«У нас ёсьць папярэдняе рашэньне пра тое, што мы вылучаем сваіх людзей у выбарчыя камісіі. Аднак сытуацыя для руху „За Свабоду!“ не зьмянілася ад часу мясцовых выбараў, калі фактычна мы як арганізацыя ня здольныя былі вылучаць людзей ад імя арганізацыі. І ўсё таму, што мы ня маем ня сёньняшні дзень зарэгістраваных структураў у рэгіёнах Беларусі. Спроба зарэгістраваць абласную структуру ў Гомельскай вобласьці плёну ня мела, нам адмовілі. Таму будзем рэкамэндаваць сябрам руху „За Свабоду!“ прыватным чынам, праз збор подпісаў, падаваць заяўкі ў выбарчыя камісіі. Гэта адзіная для нас магчымасьць цяпер дасылаць сваіх людзей у камісіі. Ёсьць рашэньне, што мы сканцэнтруемся, вядома, на працы ўчастковых выбарчых камісій, якія непасрэдна займаюцца падлікам галасоў».

Леў Марголін, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнта ад АГП Яраслава Раманчука расказвае, што партыйныя кандыдаты таксама будуць рэкамэндаваныя для працы ў камісіях:

Леў Марголін
«Нешта на гэты конт ужо вядома, але ж канчаткова мы яшчэ дадзеныя не падсумоўвалі, бо яшчэ і сёньня, і заўтра, і ў нядзелю будуць несьці пратаколы. Мы плянуем вылучыць людзей ва ўсе абласныя, менскую гарадзкую і ўва ўсе менскія раённыя выбарчыя камісіі. А таксама ў тыя раённыя камісіі, дзе ў нас ёсьць зарэгістраваныя арганізацыі. Будуць вылучацца таксама нашы прадстаўнікі і шляхам збору подпісаў, але ж гэта ўжо трохі іншая справа. То бок, мы будзем спрабаваць рабіць усё, што можна рабіць паводле закону, а далей будзем аналізаваць і рабіць высновы».

Вылучэньне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных камісій працягнецца да 26 верасьня. Усяго па Беларусі да 29 верасьня трэба сфармаваць 155 такіх камісій.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG