Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Клікаць людзей на плошчу варта цяпер, а не пасьля галасаваньня "


У эфіры "Званкі на Свабоду". Пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, 11-я гадавіна зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на "Свабоду".

Афіцыйную заяву пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата на галоўную пасаду сёньня зрабіў лідэр кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў. На тэму прэзыдэнцкіх выбараў — наступныя выказваньні слухачоў:

Зіноўеў: "Хачу сказаць кандыдатам: ды не сьмяшыце вы гэтую двухаблічную пані — Цэнтральную выбарчую камісію РБ! Асабіста Някляеву: скажыце Цэнтравыбаркаму праўду. А Мілінкевічу: зрабіце, як вашы продкі-шляхцічы, якія ні пры якіх умовах так бы ўладзе не падыгрывалі".

Спадарыня: "Як будуць галасаваць нашы людзі? Па апытаньнях, якія робяць карэспандэнты ў многіх гарадах, відаць, што жанчыны будуць галасаваць за Лукашэнку. Па іх адказах, ён іх задавальняе".

Спадар: "Лічу, што гэта чарговае глупства — заклікаць людзей на плошчу. Пасьля бойкі кулакамі не махаюць. Трэба заклікаць людзей на плошчу, як толькі зарэгіструюцца кандыдаты, і гэтай грамадой патрабаваць, каб у выбарчыя камісіі былі ўключаны прадстаўнікі ад кожнага кандыдата".

"Калі 19 верасьня адбудуцца выбары не прэзыдэнта, а Лукашэнкі, як вы сьцьвярджаеце, улічваючы сыстэму галасаваньня са шматлікім прымусовым датэрміновым галасаваньнем без прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковых выбарчых камісіях і падпісаньнем загадзя падрыхтаванага пратаколу, то было б больш правільна ўсім кандыдатам зьняцца і адмовіцца ад удзелу ў выбарах, пакінуўшы Лукашэнку аднаго. Гэтым дэмаршам сарваць легітымнае абраньне Лукашэнкі".

Выказваньне камэнтуе адзін з кандыдатаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

"Ці будуць дэмакратычныя кандыдаты вылучацца, ці не — у Лукашэнкі заўсёды знойдуцца партнэры і выбары будуць прызнаныя легітымнымі. У такім выпадку і Лукашэнку нават ня трэба будзе фальшаваць гэтыя выбары. І Захаду, і Ўсходу давядзецца прызнаваць іх, а дэмакратычныя сілы нават ня змогуць назваць фактаў парушэньня. Таму дэмакратычным сілам трэба ісьці на гэтыя выбары і ўдзельнічаць у іх".

Сёньня споўнілася 11 гадоў, як бясьсьледна зьніклі палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Беларуская і міжнародная грамадзкасьць лічыць, што яны былі выкрадзеныя з палітычных матываў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

"Я наконт зьнікненьня апазыцыянэра нашага прэзыдэнта. Калі ёсьць Бог на сьвеце, то хай тыя, хто даваў загады забіваць і хто забіваў, самі адчуюць тое гора, якое адчулі бацькі, жонкі і дзеці забітых. Чужыя сьлёзы не павінны праліцца дарма. Хай яны самі, ворагі нашага народу, пацярпяць тое, што пацярпелі бацькі і ўсе астатнія".

Працягваем праграму яшчэ адным тэлефанаваньнем:

Ільля Копыл: "Я ня буду нічога казаць пра будучыя прэзыдэнцкія выбары, пра адзінага кандыдата ад апазыцыі. Скажу пра звыклыя рэчы. Мы часта чуем заклікі "Купляйце беларускае!" На днях я наведаўся ў невялічкую харчовую краму (ня буду яе называць, каб не ствараць ёй рэкляму ці антырэкляму) у раёне плошчы Якуба Коласа. У краме ўсе паліцы абвешаны плякатамі "Купляйце беларускае!" Каб не пакідаць краму з пустымі рукамі, узяў бутэльку сланечнікавага алею, шклянку натуральнага мёду 920 грамаў, палку кілбасы "Аршанскай нежнай". Дома надзеў акуляры і ўбачыў, што алей — Растоў-на-Доне, Расея, мёд — Малдова. Толькі кілбаса насамрэч беларуская, але ж есьці яе амаль немагчыма. Вось вам і "купляйце беларускае"!"

У эфіры званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG