Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Карэтнікаў: "Мы заўсёды спрабуем трымацца прававога поля"


Эфір 13 верасьня

Госьць "Начной Свабоды" – кіраўнік арганізацыі "Правы альянс" Юрась Карэтнікаў.

Арганізацыя "Правы альянс" атрымала судовы пазоў ад Менгарвыканкаму, у якім сьцьвярджаецца, што "Правы альянс" дзейнічае не адпаведна статутным мэтам, бо зьяўляецца палітычнай структурай. Арганізацыя зарэгістраваная як інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова. Тым часам адзін з актывістаў арганізацыі, Ігар Чапіга, застаецца пад вартай ад 8 верасьня. Дзяжурная адвакатка, якая яго абараняе, паведаміла, што яго падазраюць у нападзе на ізалятар на вуліцы Акрэсьціна.

Знаткевіч: Спадар Карэтнікаў, наколькі апраўданыя закіды з боку Менгарвыканкаму – вы ж сапраўды палітычная арганізацыя, хіба не?

Карэтнікаў: Мы не адмаўляемся ад таго, што займаліся і грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. У красавіку была спроба праверыць адпаведнасьць нашай дзейнасьці нашаму статуту. На працягу месяцу нас правярала падаткавая іспэкцыя, дзяржкатроль, аддзел юстыцыі гарвыканкаму. Пасьля гэтай праверкі нам дазволілі працягнуць нашую дзейнасьць.

Знаткевіч: Наведнік Ігар задаў такое даволі правакацыйнае пытаньне: "Правы Альянс" здольны да сілавых дзеяньняў? Ці вы цалкам падпарадкоўваецеся цяперашнім законам?"

Карэтнікаў: Як бы мы ні ставіліся да расейскай дзяржавы і яе агрэсіўнай палітыкі, абсалютна бязглузда і заўчасна нападаць сёньня на расейскую амбасаду. Бо гэта ня мае ніякіх практычных вынікаў. Калі казаць пра сродкі дзейнасьці "Правага альянсу", то мы заўсёды спрабуем трымацца існага прававога поля. Калі мы паказалі дзяржаве, што гатовы працаваць у межах дзейных законаў, зарэгістравалі сябе як інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова, таму што нам да гэтага два разы забаранялі рэгістравацца як грамадзкае аб'яднаньне, то мы заўсёды спрабавалі знаходзіць тыя моманты і тыя магчымасьці, якія, няхай невялікія, але ёсьць нават пры сёньняшнім рэжыме. 27 ліпеня гэтага году мы падавалі афіцыйную заяўку аб пікетаваньні расейскай амбасады. Зразумела, што там не дазволілі правесьці пікет. Тады мы перадалі пэтыцыю. Мы можам пайсьці на нейкую несанкцыянаваную акцыю, але якая ня будзе мець ніякіх крымінальных наступстваў для нашых чальцоў. Таму што мы ня можам падстаўляць наш актыў пад нейкія рэчы, якія ня будуць мець рэальнага практычнага выніку альбо нейкага рэальнага ўплыву на сытуацыю.

Знаткевіч: У інтэрнэце зьявіўся ананімны відэазапіс, аўтар якога прадставіўся "былым супрацоўнікам адной са спэцслужбаў Расеі", і папярэдзіў, што прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін нібыта стварыў групу для ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі. Вячак зь Берасьця пытаецца: "Заява аб тым што рыхтуецца замах на Лукашэнку, гэта піяр ход,альбо сапраўды нешта ёсьць?"

Карэтнікаў: Пакуль я ня бачыў гэтага роліка, але, як мне падаецца, наўрад ці прадстаўнік расейскіх спэцслужбаў будзе вось так шчыра выказваць пра нейкія замахі. Ня тыя людзі са спэцслужбаў, каб пасьля рабіць нейкія такія гучныя заявы. Мне падаецца, што тут трэба шукаць нейкія крыніцы як раз у атачэньні Лукашэнкі. Мне падаецца, што ратацыі, якія зараз адбываюцца сярод сілавікоў, паказваюць, што ідуць працэсы для нагнятаньня сытуацыі падчас прэзыдэнцкай кампаніі камусьці выгодныя. Мы можам назіраць, што напад на расейскую амбасаду выдатна выкарыстоўваецца для таго, каб пачаць прэсаваць розныя моладзевыя ініцыятывы. На нас выходзілі прадстаўнікі футбольных клюбаў, заўзятараў і казалі, што там лік затрыманых ідзе на дзясяткі. Проста іх справа не атрымала яшчэ шырокага грамадзкага розгаласу. Што да гэтых ролікаў, то, як я разумею, ідзе змаганьне за тое, хто будзе пад час прэзыдэнцкай кампаніі забясьпечваць бясьпеку прэзыдэнта. Гэта адзін накірунак. Другая магчымая роля гэтага роліку – паказаць – паглядзіце нашых б'юць. Прычым, адна сытуацыя, калі гэта робіць нейкі мясцовы, а калі гэта робяць звонку, і гэта замова нейкай суседняй дзяржавы, то чаканая рэакцыя, што людзі пачнуць неяк яднацца вакол той асобы, няхай і кепскай. Таму, калі думаць, каму гэты ролік выгадны, ён выгадны беларускаму рэжыму. Або той частцы так званых ястрабаў, якія блізкія да Лукашэнкі з кола сілавікоў.

Слухаць перадачу цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG