Калі вынік матчу ня так важны, а колькасьць гледачоў не дазваляе “адбываць нумар”, часта атрымліваецца класная гульня: разьняволеная, хуткая і прыгожая. Футбол па-за конкурсам, адмысловы паказальны выступ, разьвітальны матч камандаў, якія зрабілі гэты мундыяль. Як Уругвай – Нямеччына.
Гэты матч за 3-е месца мне запомніцца ў першую чаргу неверагодным голам Дыега Фарляна. Сапраўднага трылеру тут не было і быць не магло. Быў проста футбол, высокай якасьці.
Цяжка нават гаварыць пра тое, каму больш хацелася выйграць: “нябеснай” камандзе Оскара Табарэса ці нямецкаму інтэрнацыяналу Яхіма Лёва, які пасьля паразы ў паўфінале ад гішпанцаў загрыпаваў. Больш правільна будзе сказаць, што ніхто ня быў супраць перамогі, выйгралі ў выніку немцы (3:2), але пасьляматчавыя ўсьмешкі Швайнштайгера ды таго ж Фарляна кажуць, што ў такіх матчах няма пераможцаў ды пераможаных.
Цалкам лягічным вынікам стала б нічыя, але мяч адскочыў ад перакладзіны варотаў нямецкага брамніка Бута на апошніх сэкундах. Адскочыў ня ў сетку. Нічыя ў матчы за 3-е месца не выглядае абсурдам – матывацыя ў вызначэньні пераможцы настолькі слабая, што можна не прызначаць дадатковы час ды сэрыю пэнальці. Бо сутнасьці “суцяшальнага фіналу” гэта ня зьменіць – разьвітальны матч зь лёгкім флёрам таварыскай гульні.
Дзякуй, Уругвай, за драму ў чвэрцьфінале з Ганай. Дзякуй, Нямеччына, за паказальную перамогу над Аргентынай. Вы зрабілі гэты мундыяль такім, якім ён быў. І сумленна зарабілі права на гэты прыгожы разьвітальны футбол.