Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра Мытны саюз: “Пажывем – пабачым”


Ад 6 ліпеня Беларусь далучаецца да адзінай мытнай прасторы Казахстану і Расеі. На тэрыторыі Беларусі пачынае дзейнічаць Мытны кодэкс Мытнага саюзу трох. Сваё рашэньне кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка агучыў падчас саміту лідэраў краін ЭўрАзЭС у Астане.

Ад 1 ліпеня Мытны кодэкс ужо дзейнічае на тэрыторыі Казахстану і Расеі. Таму самай чаканай падзеяй у Астане было абвяшчэньне А.Лукашэнкам свайго рашэньня адносна ратыфікацыі гэтага дакумэнту. Хаця яшчэ 3 ліпеня ў Менску ён заявіў, што Беларусь ратыфікавала ўсе дамовы Мытнага саюзу. Па выніках пасяджэньня расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў, што Беларусь, Казахстан і Расея падпісалі заяву пра ўступленьне ў сілу Мытнага кодэксу. Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павел Лёгкі сказаў карэспандэнту "Свабоды", што пасьля пасяджэньня А.Лукашэнка быў у добрым настроі:
Прэзыдэнт у добрым настроі ...

"Я думаю, што ёсьць нагода быць кіраўніку краіны ў добрым настроі, хаця ён праявіў асьцярожны аптымізм на прэс-канфэрэнцыі, калі сказаў адносна будучыні Мытнага саюзу — пажывем, пабачым. Насамрэч, пажывем, пабачым з той простай прычыны, што раней мы сутыкаліся з тым, што дакумэнты, якія падпісваліся, зацьвярджаліся, не зусім выразна выконваліся. Прэзыдэнт пакуль дастаткова стрымана адрэагаваў на вынікі, якія сёньня былі дасягнутыя. Але прэзыдэнт у добрым настроі".

Кіраўнікі краінаў Мытнага саюзу вырашылі, што ўрадам трох краін неабходна зрабіць усе патрэбныя захады, каб да 1 студзеня 2011 году былі распрацаваныя і прынятыя ўсе пагадненьні, якія фармуюць адзіную эканамічную прастору "тройкі". Паводле спадара Лёгкага, па самым важным для беларускага боку пытаньні прыняты "кампрамісны варыянт, які больш адпавядае інтарэсам нашай краіны".
На год падаўжаецца дзеяньне цяперашніх ставак мыта на ўвоз аўтамабіляў ...

"Мы атрымліваем магчымасьць, пасьля таго як мы падпішам і ратыфікуем пакет дакумэнтаў па стварэньні адзінай эканамічнай прасторы, атрымаць нулявыя стаўкі мыта на нафту і нафтапрадукты. Па-другое, цягам году ў нас будзе захоўвацца нацыянальны рэжым гандлю з трэцімі краінамі. Гэта таксама вельмі важна. Гэта адзін з выняткаў у Мытным саюзе, і ён афіцыйна замацаваны адмысловым пратаколам. Ня менш важна, што на год падаўжаецца дзеяньне цяперашніх ставак мыта на ўвоз аўтамабіляў".

У Астане Аляксандар Лукашэнка правёў двухбаковую сустрэчу з Нурсултанам Назарбаевым і назваў яго "маторам нашых стасункаў у рамках ЭўрАзЭС". А ці плянуецца двухбаковая сустрэча з прэзыдэнтам Расеі?

"Не, не плянуецца, дый няма калі іх цяпер праводзіць, бо кіраўнікі краін знаходзяцца ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Казахстану, там свая прыватная праграма арганізавана прэзыдэнтам Казахстану. Там, я думаю, прэзыдэнтам у нефармальных абставінах можна будзе перагаварыць".

Сёньня падчас двухбаковай сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў адзначыў, што Беларусь, Казахстан і Расея наблізіліся да вельмі высокага ўзроўню інтэграцыі. Наперадзе — супрацоўніцтва па лініі адзінай эканамічнай прасторы, а ў будучыні — агульны рынак і стварэньне асноваў сумеснай валютнай прасторы.

Як будзе ўплываць далучэньне да Мытнага саюзу трох на дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам? Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў:

Аляксандар Класкоўскі
"З пункту гледжаньня стратэгічных інтарэсаў Беларусі лепш было б пэўны час перапакутаваць, перажыць эканамічную ломку. Няхай быў бы даражэйшы газ, але затое адкрываўся б больш прамы, просты, магістральны шлях да інтэграцыі ў эўрапейскую супольнасьць, да мадэрнізацыі эканомікі, да цывілізаваных правілаў гульні ў эканамічнай сфэры".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG