Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз стартуе безь Беларусі?


Дзьмітры Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў
Дзьмітры Мядзьведзеў, Аляксандар Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў
Ад 1 ліпеня павінен пачаць дзейнічаць Мытны кодэкс Мытнага зьвязу Беларусі, Казахстану і Расеі. Аднак у адрозьненьне ад Казахстану і Расеі А.Лукашэнка не падпісаў дакумэнты па Мытным кодэксе і таму фармат удзелу Беларусі ў Мытным саюзе пакуль не акрэсьлены.

Беларусь зьяўляецца сябрам Мытнага саюза. Адпаведныя дакумэнты былі падпісаны ў сьнежні мінулага года ў Менску прэзыдэнтамі Беларусі, Казахстана і Расеі. Аднак у адрозьненьне ад Казахстана і Расеі Аляксандар Лукашэнка не падпісаў дакумэнты па Мытным кодэксе і таму фармат удзелу Беларусі ў Мытным саюзе пакуль не акрэсьлены.

30 чэрвеня на гэтае пытаньне журналістаў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка адказаў:

"4—5 (ліпеня) вы пачуеце адказ. А можа, і пазьней, я не выключаю. Таму што калі ў Санкт-Пецярбургу два тыдні таму прэм'еры Казахстану і Расеі падпісалі адпаведныя дакумэнты, то там было заяўлена, што дзьверы для Беларусі застаюцца адчыненымі, каб яна магла ў зручны для яе момант далучыцца. Бо ўсе разумеюць, што ёсьць пытаньні паміж Расеяй і Беларусьсю".

5 ліпеня ў Астане пройдзе пасяджэньне кіраўнікоў краін ЭўрАзЭс, куды чакаецца прыезд Алякснадра Лукашэнкі.

Першы віцэ-прэм'ер патлумачыў, якія спрэчныя пытаньні застаюцца з Расеяй:

"Увядзеньне мыта на нафтапрадукты — гэта нонсэнс. Мы падпісалі дамову. Увялі такое правіла — 6,3 мільёна тон нафты атрымліваем бяз мыта, астатнія — з мытам. І гэта ўсё адпавядае дакумэнтам. А вось увядзеньне мыта на нафтапрадукты — гэта абсалютна незаконнае дзеяньне. І прынятае яно на роўні нейкага намесьніка старшыні Мытнага камітэту Расеі. Гэта ёсьць выхад з усіх міжурадавых і міжгаліновых пагадненьняў Расеі і Беларусі.

Таму мы і кажам: выкіньце ўсе гэтыя рэчы, і тады мы гатовыя, мабыць, і сёньня падпісаць дакумэнты. А калі Расея будзе настойваць, што яны застаюцца, то тады, мабыць, і ў нас ёсьць контраргумэнты — пачакаць, пацярпець, паглядзець і г.д."
XS
SM
MD
LG