За акуратнымі шэрагамі платоў, у перапляценьні вулак — пабеленыя хаткі ці някідкія катэджы, што патанаюць у квітнеючых садках ды гародах. У цэнтры гораду — сярэднявечная ратуша з гадзіньнікам. Назіраючы гэтыя, бадай, букалічныя відарысы сучаснага Слоніма, цяжка ўявіць, як напярэдадні Грунвальда ў летнім пылу крочылі закаваныя ў жалеза ваяры тутэйшай харугвы.Тым ня менш акурат перад 1410-м паселішча яскрава адпавядала свайму назову, што паходзіць ад паняцьцяў "услон", "заслон". Сьведчыць наш навуковы дарадца, сябра грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні 600-годьдзя Грунвальдзкай бітвы, доктар гісторыі, спадар Юры Бохан.
Бохан: "Быў тут адзін з выпадкаў, які падрыхтаваў Грунвальдзкую бітву. Калі палякі і ВКЛ вялі дыпляматычныя перамовы з Тэўтонскім ордэнам, Вітаўт працягваў умацоўваць свае пазыцыі ў Жамойці, на літоўскім узьбярэжжы Балтыйскага мора, з-за якога, уласна кажучы, пачалася вайна. Ён накіраваў у Прусію свайго брата Жыгімонта, які разрабаваў там шэраг гарадоў і вёсак і вывеў шматлікі палон. Вітаўт сьвядома пайшоў на гэты крок, каб нанесьці яшчэ адзін удар ненавісным тэўтонам. Крыжакі чакалі зручнага выпадку, каб адпомсьціць князю. Патаемна сабралі войска, расьцягнуўшыся паміж Гроднам і Бельскам, напаўшы на мястэчка Ваўкавыск, дзе народ сабраўся на набажэнства. Усё абрабавалі і спалілі, літвінаў і русінаў абодвух полаў у палон забралі. І той жа самай дарогай, якой прыйшлі, хутка вярнуліся назад. Вялікі князь Аляксандар у Слоніме за 7 міль знаходзіўся. Раптоўнай трывогай агорнуты, сам з жонкай Ганнай хаваўся ў цёмных, балоцістых лясах. На шляху крыжакоў утварыўся вялікі гасьцінец, і на яго дагэтуль паказваюць. Акурат з таго часу вайсковая старожа прызвычаілася паліць дубовую кару, каб не выдавала месца знаходжаньня каравулу. Вось так Слонім спрычыніўся да ацаленьня вялікага князя і перад вялікай вайной — да ўдасканаленьня вайскоўцаў ВКЛ…"
Карэспандэнт: "А чулі пра Грунвальдзкую бітву і што ў Слоніме харугва была?"
Русак: "Чулі, я цікаўлюся вайсковай гісторыяй і гісторыяй Беларусі — маё хобі. Сябры зьбіраюцца ехаць у Грунвальд у Польшчу. Мы выяжджаем кожны год на Бярэзіну, на рэканструкцыю баталіі 1812-га…"
Ля 9-й гарадзкой школы днямі сустрэў двух, трэба думаць, сучасных нашчадкаў грунвальдзкіх ваяроў у мундзірах і фуражках, якія нагадваюць, праўда, сувораўскія. Аднак у галовах 17-гадовых выпускнікоў вучнёўскага кадэцкага корпусу Леаніда Русака ды Дзьмітрыя Траханоўскага — зусім не імпэрскае "за веру, цара, Айчыну". Дый на вуснах — наша мова.
Карэспандэнт: "Вы адчуваеце, што ваш кадэцкі корпус нацыянальны, беларускі?"
Русак: "І беларускі, і ёсьць сувязь з царскай Расеяй, бо ўказ аб адкрыцьці першага кадэцкага корпусу быў падпісаны Кацярынай у 1735 годзе. Асноўны выпуск наш пойдзе ў Вайсковую акадэмію, МУС, таксама на грамадзянскія спэцыяльнасьці — напрыклад, я — на экалёгію, буду ахоўваць нашу родную прыроду…"
Траханоўскі: "А я паступаю ў БДУ на вайсковага хіміка…"
Кар: "Не сакрэт, што вайсковая прафэсія ня надта папулярная стала. Мо з-за таго, што адкрылася — пачынаючы ад дзедаўшчыны і да нізкай тэхнічнай забясьпечанасьці арміі. Тым ня менш, што вас захапіла?"
Траханоўскі: "Калі ня мы, дык хто будзе бараніць нашу зямлю? Армія заўжды патрэбна краіне, прафэсія вайскоўца заўжды стабільная і будзе запатрабаваная…"
Карэспандэнт: "Зараз ідуць размовы пра ўвядзеньне вайсковых каманд па-беларуску…"
Русак: "Вельмі добра! Я, як патрыёт, заўсёды імкнуся размаўляць на беларускай мове. Хоць ня вельмі падабаецца, што асноўная маса людзей размаўляе па-расейску…"
Пенза: "Нацыянальным войска абавязана быць. Гэта трэба! Мы ў гэтай краіне жывем, а мовы ня ведаем сваёй. Я сам ня ведаю, на сорам і жаль. Ня думайце, што я расейскі такі ўжо. Можна ўзяць добрае, што ёсьць у Расеі, напоўніць беларускім нацыянальным зьместам — у гэтым задача!"
Падпалкоўнік, кіраўнік ды заснавальнік слонімскага кадэцкага корпусу, 59-гадовы спадар Віктар Пенза, адчуваецца, камплексуе не перада мной першым. Хоць за тузін гадоў існаваньня сотні кадэтаў сталі афіцэрамі-прафэсіяналамі. Усяго ж у корпусе ў 5—11 клясах іх зараз больш як паўтары сотні. Тым ня менш палкавы сьцяг расейскай арміі, мундзіры, барабаны, стрэльбы, флейта ўзору 1812 году, а таксама бюст Сталіна — асноўныя экспанаты школьнага вайсковага музэю. Рухавы, невялікага росту суразмоўца гарачыцца.
Пенза: "У Мінадукацыі не разумеюць сэнсу кадэцкай адукацыі, бо лічаць, што яна вайсковая. А яна грамадзянска-патрыятычная. Бо расейская кадэцкая адукацыя дала плеяду пісьменьнікаў, кампазытараў — Дастаеўскі, Купрын, Талстой, Рымскі-Корсакаў, Глінка. Мы вывучаем харэаграфію, краязнаўства. У расейскім войску найперш была мараль, пасьля "капейка". Аснова маральная — служэньне Айчыне…"
Карэспандэнт: "Вы грунтуецеся на традыцыях расейскай імпэратарскай арміі. А што да традыцыяў беларускіх, Грунвальду?"
Пенза: "У ВКЛ кадэцкіх карпусоў не было. Мы ўзялі за аснову дзейнасьць Полацкага кадэцкага корпусу. У Слоніме ёсьць рыцарскі клюб "Ваяр", яны рэканструююць 14—15 век. Мы зь імі сябруем. Вайна 1812 году цікавая для нашай краіны — беларусы служылі і ў расейскім войску, і ў францускім. У Слоніме фармаваўся 20 стралковы полк войска Напалеона, які абяцаў рэанімаваць ВКЛ, як і Аляксандар I. Трагедыя нашага народу ў гэтым — на палях Барадзіна беларусы ваявалі супраць беларусаў. І мы езьдзім туды зь вянкамі, маючы ў памяці і тых, і другіх…"
Карэспандэнт: "Чым кадэцкае выхаваньне вызначаецца, акрамя таго, што стрэльбы ідуць у танкавай брыгадзе?"
Пенза: "Што кадэцкага, акрамя формы? Дысцыпліна, блізкая да вайсковай. У нас ёсьць правілы ўнутранага распарадку, дзе рэглямэнтуюцца свае званьні, атрыбутыка, свае ўзаемаадносіны — зварот да афіцэра-выхавальніка "таварыш выкладчык". Правілы нашэньня адзеньня, як весьці сабе на вуліцы. Кадэт становіцца больш сабраным, уважлівым, дысцыплінаваным, культурным. У нас моцнае ўнутранае кіраваньне — старшына клясы, камандзір аддзяленьня. Ёсьць "савет-кадэт" для падтрыманьня духу падпарадкаваньня, таварыства. Яны могуць хадайнічаць перад кіраўніцтвам аб адлічэньні з кадэцкага корпусу…"
Галоўнае, аднак, што непакоіць бравага камандзіра кадэтаў, спадара Пензу, — прававая няпэўнасьць ды цьмяная будучыня: вынік, як ён лічыць, таго, што робяць непрафэсіяналы.
Пенза: "Вайскова-патрыятычных клясаў юрыдычна няма, хоць у больш як 200 школах працуюць — як хочуць! І зараз выйшаў прэзыдэнцкі ўказ нумар 54 ад 29 студзеня аб стварэньні кадэцкіх вучэльняў. Дурны ўказ! І самае жахлівае, што хочуць зрабіць — дзіцячыя дамы абазваць кадэцкімі вучэльнямі! А хто імі будзе кіраваць? І патрэбна адзіная праграма, патрабаваньні, адукацыйны стандарт. Што на выхадзе мець? Гэта будзе проста дзіцячы дом з усімі яго бедамі. У сувораўскія вучэльні бралі дзяцей татаў і матуль, якія загінулі ў вайне. А зараз якія там будуць сіроты?!"
У Слоніме засталося адзінае на Гарадзеншчыне грамадзка-палітычнае выданьне "Газета Слонімская". Заснаваў і трымае яе, як кажа, з апошняе моцы 50-гадовы спадар Віктар Валадашчук. Ён дасьведчаны прадпрымальнік і журналіст — працаваў у свае часы ў найбуйнейшай апазыцыйнай газэце "Свабода". Мы гутарым зь ім паміж тэлефоннымі званкамі і старонкамі, якія паступаюць на праўку — вярстаўся чарговы нумар.
Валадашчук: "Газэта жыве ад рэалізацыі — рэнтабэльная, але няшмат. З распаўсюдам праблема, бо працуе толькі ўласны. Мы ня можам прадавацца ў крамах, па падпісцы "Белпошты" і ў шапіках "Саюздруку"…"
Карэспандэнт: "Хоць толькі што на кірмашы спытаў, дзе "Газэта Слонімская", мне паказалі на бабулю — вось тут…" (Сьмех.)
Валадашчук: "Так, прадаюць жанчыны сталага ўзросту. Службу распаўсюду мы арганізавалі ў першы ж год — пасьля пэўных нашых публікацый. Былы старшыня выканкаму сабраў усіх кіраўнікоў крамаў і загадаў скасаваць з намі дамовы. Падпіска ў нас 500—600, у розьніцу да 6-7 тысяч асобнікаў. Распаўсюднікі даведваюцца, што будзе ў нумары, замаўляюць пэўную колькасьць асобнікаў і прадаюць..."
Карэспандэнт: "Што найбольш сёлета "бамбанула" падпісчыкаў?"
Валадашчук: "Людзей у першую чаргу хвалююць сацыяльныя праблемы — жыльлё, заробак. Жыльлё будуецца даволі інтэнсіўна — на пачатку году закладзеныя чатыры дамы шматпавярховыя. Але ж яно вельмі дарагое. Многія адмаўляюцца ад кватэр. Прадпрыемствы працуюць, але на камвольна-пральнай фабрыцы працавалі па 3—4 дні, скарачалі зьмены. Людзі звальняліся, зьяжджалі ў Расею, бо ўсё прыводзіла да заробку ў 300—400 тысяч. Аўтарамонтны завод раней на ўсю Беларусь грымеў — чарга была, каб патрапіць з рамонтам "Масквічоў", "Волгаў" — цяпер поўны банкрут з-за зьмяненьня каньюнктуры аўтарынку. Шэраг прадпрыемстваў прадаюць маёмасьць, перапрафілююцца…"
Карэспандэнт: "Як у гэтым сэнсе прыватны рынак?"
Валадашчук: "Ня вельмі дужы. Хто займаецца вытворчасьцю, выжывае, хто продажам — людзі працуюць толькі ў выхадныя дні. Скардзяцца прадпрымальнікі, што ня здольныя заплаціць за арэнднае месца, падаткі. Пакупніцкая здольнасьць слонімцаў — купляюць самае неабходнае…"
Карэспандэнт: "Што з уціскам з боку уладаў?"
Валадашчук: "Па-ранейшаму не атрымліваем інфармацыі. Хатку гэтую купіў, хацеў вывесьці з жыльлёвага фонду — ёсьць праблемы. Дзяржаўным прадпрыемствам "рэкамэндуюць" не даваць рэкляму ў нашу газэту. Але людзі адчуваюць, што яна спрацоўвае больш эфэктыўна, таму сюды нясуць. Зьвяртаюцца да памянёных бабулек па газэту…" (Сьмех.)
У дзень майго прыезду ў вядомага на Слонімшчыне паэта, гісторыка, літаратуразнаўцы, перакладчыка ды журналіста Сяргея Чыгрына надарылася сьвята — прыйшлі гранкі яго 21-й (!) кнігі, прысьвечанай, як і іншыя, дасьледаваньню жыцьця і творчасьці знакамітага і забытага слонімца. Спадар Сяргей быў на эмацыянальным уздыме, які перадаўся і мне.
Чыгрын: "Зараз падрыхтаваў кнігу пра слонімскага кампазытара, дырыжора царкоўных хораў Антона Валынчыка. Памёр у 1988 годзе і апошнія гады ў Гродзенскім унівэрсытэце ўзначальваў катэдру музычную. Скончыў Варшаўскую кансэрваторыю. У часе вайны кіраваў у Слоніме царкоўным хорам. Калі прыяжджаў Вільгельм Кубэ, некалькі песьняў для яго хор прасьпяваў. І пасьля вайны ня мог знайсьці працы нідзе. Але мяне цікавіла — як гэта ён ня быў рэпрэсаваны? Энкавэдэшнікі і мясцовыя сэксоты яго не чапалі, хаця з Гродна, Менску, Масквы быў загад арыштаваць Валынчыка. Але яны проста падавалі дакумэнты, што "арыштавалі". Звычайна яны арыштоўвалі і радаваліся, выхваляліся. А Валынчык быў супэрінтэлігентны чалавек. Па крупінцы сабраў здымкі, знайшоў ноты зь яго песьнямі, скрыпку — ёй 100 год! Цікавая дэталь. У 38 годзе пры Польшчы сабраліся ў клюбе інтэлігенцыя, чыноўнікі, паліцыя паглядзець канцэрт. Быў нумар і ў Валынчыка. Выйшаў мужчынскі хор і засьпяваў "Ідуць касцы, зьвіняць іх косы". І на сцэну выйшлі 50 чалавек з косамі. І чыноўнікі спалохаліся — здавалася, сыдуць са сцэны і пачнуць "касіць" іх. Яны адмянілі канцэрт! У кнізе будуць песьні на вершы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы, ноты для іх…"
Карэспандэнт: "Ведаючы славутых слонімцаў, што ты можаш сказаць пра сучасных? Ці перарвалася повязь часоў?"
Чыгрын: "Віталь, я хацеў бы жыць у Слоніме 20—30-х гадоў мінулага стагодзьдзя! Натальля Арсеньева тут жыла. Кушаль служыў тут у 48-м польскім палку — яны толькі ажаніліся, і першы сын нарадзіўся ў Слоніме. Карніцкі быў, мастак. Гальляша Леўчыка хатка-музэй — сам пабудаваў. Там столькі экспанатаў, карцін, музычных інструмэнтаў, ён і бібліяфіл быў! У Слоніме жыў паэт Анатоль Іверс. Заяжджаў Піліп Пестрак. Сяргей Новік-Пяюн актыўнае жыцьцё вёў. Да вайны і ў вайну кнігарню сваю трымаў Сяргей Хмара, нават вёў Слонімскае радыё, дзе 3 разы сказаў "Сьмерць савецкім партызанам!" Жыў заснавальнік Слонімскага беларускага драматычнага тэатру Мікалай Варвашэвіч. Гэта ён дабіўся, каб з народнага зрабіць экспэрымэнтальны тэатар-студыю. Ставіў п’есы толькі беларускіх драматургаў, толькі на беларускай мове…"
Карэспандэнт: "Што сёньня з тэатрам — ты загадчык літаратурнай часткі?"
Чыгрын: "Сытуацыя вельмі складаная. Сёлета тэатру 20 год, так будынку і не пабудавана. Народны дом быў, дзе выступалі Валынчык, Галіна Вішнеўская. Забэйда-Суміцкі прыяжджаў — на гэтым месцы ён плянуецца, але не будуецца, бо няма грошай. Зараз ён арандуе памяшканьне ГДК. Тым ня менш 70 % пастановак беларускамоўных. У нас найбагацейшы дзіцячы рэпэртуар маладых беларускіх драматургаў. Слонімскага Аляксея Якімовіча тэатар паставіў 7 п’ес! І гастралюем па ўсёй Беларусі — 80—90% запаўняльнасьць нашай залі, 25—30 тысяч гледачоў за год…"
На наступны адрас мяне падвёз мой калега з "Газэты Слонімскай" Анатоль Валадашчук. У дарозе ізноў разгаварыліся пра надзённае.
Анатоль: "Колькі пунктаў гандлю нашай газэты было, зараз абмежавалі да шасьці — "Вы ня наша газэта". А сам мэр выпісвае і чытае "ад коркі да коркі". Валадашчуку кажа — "Я знаходжу ў вас шмат новага". А пасьля тэлефануе ў пункты продажу… І няма грошай нідзе. Мне здаецца, хутка і кірмашу ня будзе. "Купляйце беларускае" — а яно не такое і якаснае. Як у Паўднёвай Карэі, будзем хадзіць у адным і тым жа. У нашых распаўсюджвальнікаў у доўг бяруць газэту — яшчэ не пааддавалі за той месяц. Але калі дзе ня могуць дабіцца праўды, усе зьвяртаюцца ў газэту — "памажыце, памажыце!" Інстанцыя сумленьня…"
Я ў мясцовай раённай бальніцы, дзе лекарам-траўматолягам працуе найстарэйшы слонімскі апазыцыянэр, лідэр незарэгістраванай суполкі Партыі БНФ спадар Шэга. Іван Іванавіч меў заклапочаны выгляд.
Шэга: "Зараз патэлефанаваў Віктар Нарчык, што міліцыя затрымала яго за распаўсюд улётак. Нашы паехалі: у міліцыі — "няма", у КДБ — "не". Схапілі, закінулі і зараз будуць душыць. Хоць ён мае права заявіць прадстаўніка — беззаконьне поўнае. Схапілі, быццам тэрарыста з пагрозай для грамадзтва, хоць ён зь лістоўкай толькі ішоў. Хоць для іх, мабыць, пагроза вялікая…"
Спадар Шэга цьвердзіць, што, нягледзячы на вонкавыя паразы, унутраная моц і колькасьць слонімскай апазыцыі ўзрастае.
Шэга: "Не змаглі перарэгістраваць, бо не далі памяшканьня. 3—4 разы спрабавалі, цяпер і не спрабуем, бо ня мае сэнсу. У апошнюю кампанію толькі нашых было вылучана 10 кандыдатаў ад Партыі БНФ, усіх дэмакратычных — 15. 30 чалавек вылучаныя ў камісіі выбарчыя. Калі б нармальнае галасаваньне, думаю, нашых 4—5 было б у райсавеце. Якраз пасьля кампаніі ў партыю прыйшло 5 новых сяброў, якія напісалі заявы, і хлопцы маладыя. Яны навучыліся працаваць зь людзьмі, зьбіралі подпісы — палітычны трэнінг. Зараз будуць прэзыдэнцкія выбары — мы палітычна падрыхтаваныя, у нас адмабілізаваныя ўсе, як трэба. Мы гатовыя…"