Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элеанора Язерская: "Футбалісты — гэта прыгожыя, сэксуальныя, пасьпяховыя, багатыя хлопцы"


Сёньня ў Паўднёваафрыканскай рэспубліцы пачынаецца 19-ы чэмпіянат сьвету па футболе. Турнір упершыню было вырашана правесьці ў Афрыцы. За каго ці супраць каго будуць перажываць вядомыя ў нашай краіне асобы?

Сярод 32-х камандаў, якія возьмуць удзел у чэмпіянаце сьвету па футболе, ёсьць зборныя даволі экзатычных краінаў. Паўночная Карэя, Новая Зэляндыя, Гандурас — экзотыка для беларусаў ня толькі з футбольнага пункту гледжаньня.

Лідэрамі па колькасьці выйграных Кубкаў сьвету застаюцца бразыльцы, якія пяць разоў за гісторыю былі чэмпіёнамі. Чатыры разы трыюмфавалі італьянцы, тройчы перамагалі немцы. Дзейны чэмпіён сьвету — зборная Італіі.

Славакія — геаграфічна самая блізкая да Беларусі краіна, прадстаўленая на футбольным першынстве. Дык за каго ці супраць каго на сёлетнім чэмпіянаце будуць заўзець беларусы?

Генадзь Бураўкін, паэт: "А чаго "супраць"? Лепш хварэць "за" каго! Я, напрыклад, заўсёды любіў і люблю бразыльцаў за іх футбол, мне вельмі падабаюцца гішпанцы. Менш, але таксама падабаецца англійскі футбол. А супраць? Супраць тых, хто дрэнна гуляе, хто груба гуляе, хто ня ўмее".

Некаторыя вядомыя асобы ўвогуле першынство сьвету ў Паўднёвай Афрыцы глядзець не зьбіраюцца.

Аляксандар Кулінковіч, музыка: "Вы ведаеце, увогуле не цікаўлюся спортам і футболам у прыватнасьці. Нават глядзець ня буду".

Сьвятлана Зелянкоўская, акторка: "Ой, я ня ў тэме".

А вось што кажа тэлевядучая Элеанора Язерская: "Я дачакаюся таго часу, калі Беларусь будзе гуляць на чэмпіянаце сьвету. Спадзяюся, што дажыву да гэтага часу. Увогуле, футбалісты — гэта прыгожыя, такія накачаныя, сэксуальныя, пасьпяховыя, багатыя хлопцы. Нядаўна чытала ў сьвецкай хроніцы пра аднаго, паўабаронцу, здаецца, Гішпаніі".

Палітык Аляксандар Мілінкевіч таксама ніводнай камандзе на чэмпіянаце зла не жадае: "Шчыра кажучы, у мяне няма такой каманды, супраць каго я. Проста хочацца харошага футболу, атакуючага, адкрытага, як мага больш. Мая сымпатыя зь дзяцінства — да галяндцаў".

Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнэр барысаўскага БАТЭ, традыцыйна будзе жадаць удачы Аргентыне, а "хварэць" супраць адмаўляецца: "Мне ўвогуле цяжка сказаць, што я супраць кагосьці магу "хварэць". Ёсьць Паўночная Карэя, але зь цяжкасьцю нават язык паварочваецца. Наадварот, цікава будзе паглядзець, што сабой уяўляе іх футбол".

З прывітальным словам да футбалістаў ды заўзятараў зьвярнуўся прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі Джейкаб Зума

Чэмпіянат пачаўся гульнёй паміж Паўднёвай Афрыкай і Мэксыкай

Удзельнікаў матчу вітаюць прэзыдэнт FIFA Сэп Блатэр і прэзыдэнт Паўднёвай Афрыкі Джейкаб Зума




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG