Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя сустрэлася з прэм'ер-міністрам Канады


Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што беларуская дэлегацыя наведала больш за дзясятак сустрэч і мерапрыемстваў. Гадзінныя слуханьні праходзілі ў парлямэнце Канады, дзе апазыцыянэры пад прысягай падрабязна праінфармавалі дэпутатаў Канады пра сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі.

"Як вынік — ёсьць ініцыятыва, яна будзе абмяркоўвацца, і мы будзем рабіць усё магчымае для гэтага, каб у Парлямэнце была створаная група "За дэмакратычную Беларусь". Такая заангажаванасьць ёсьць у розных дэпутатаў з розных палітычных сілаў, і гэта дае спадзяваньні, што такі пункт пляну будзе практычна рэалізаваны. Натуральна, што гэтым мы ствараем доўгатэрміновую пляцоўку для працы ў Канадзе", — адзначыў спадар Лябедзька.

Беларуская дэлегацыя сустракалася таксама зь міністрам міграцыі і міністрам зьнешняга гандлю, а таксама з прэм'ер-міністрам Канады Стывэнам Харпэрам.

"Мы не чакалі, што ён дасьць згоду на гэтую сустрэчу, усё ж такі адзін з выбітных палітыкаў сусьветнага ўзроўню. Тое, што ён праявіў цікавасьць да нас, значыць, што ён праявіў цікавасьць да Беларусі. Сустрэча доўжылася крыху больш за 15 хвілін, але яна была вельмі ясная і вельмі канкрэтная. Я думаю, што нам удалося самае галоўнае — гэта заангажаваць спадара Харпэра на беларускую праблематыку", — расказаў спадар Лябедзька.

У Нацыянальным прэсавым цэнтры Канады адбылася прэсавая канфэрэнцыя беларускай дэлегацыі, а таксама сустрэча з прадстаўнікамі дзелавых колаў. На апошняй абмяркоўваліся пэрспэктывы правядзеньня інвэстыцыйнага форуму ў Менску.

"Мы зь Яраславам Раманчуком рабілі прэзэнтацыю праграмы "Мільён новых працоўных месцаў" і адзначаем, што гэта абсалютна рэалістычны праект. І калі б нам далі рабіць яго ў Беларусі, то 100% гарантыі, што мы прыцягнулі б мільярды даляраў патэнцыйных канадзкіх інвэстыцый. Гэта чыстыя грошы, за якія ня трэба турбавацца, якія маглі б працаваць у тым ліку і на эканамічныя інтарэсы Беларусі і амаль 10 мільёнаў яе грамадзянаў", — адзначыў старшыня АГП.

"Мы абсалютна задаволеныя гэтай паездкай", — сказаў Анатоль Лябедзька.

На гэтым тыдні Канаду і ЗША наведвае дэлегацыя беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. У складзе дэлегацыі — тры прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі: лідэр партыі Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук, міжнародны сакратар партыі Андрэй Дзьмітрыеў, а таксама лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG