Што для вас свабода?
Воля, свабода – гэта самае галоўнае пачуцьцё, якое даецца чалавеку ад Бога, пачуцьцё, якім ён павінен ганарыцца і ўсяляк яго берагчы. Самае галоўнае – трэба быць вольным у душы і сэрцы, нягледзячы ні на якія сытуацыі.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Абмяжоўвае, на жаль, шмат што: і агульная сытуацыя ў краіне, і тое, што няма ў нас такога шырокага шчырага асяродзьдзя беларускага, і націск чынавенства, якое толькі камандуе і не прыслухоўваецца да разумных людзей. Гэта прыгнятае.
Што для вас шчасьце?
Шчасьце – гэта воля, любімая праца, любімая сям'я і мае сябры. Калі ўсё гэта разам ёсьць, то я шчасьлівы.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Ранней я баяўся хваробы, яшчэ нечага такога, а цяпер, мне здаецца, я нічога не баюся.
Які талент вы хацелі б мець?
Вельмі шкадую, што ня ведаю многіх замежных моваў. Гэтага таленту мне не хапала.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Захапляюся тымі людзьмі, для якіх Беларусь – галоўнае. А калі пэрсанальна, то назаву найперш Васіля Быкава і Янку Брыля.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць – гэта самая прыемная работа. А на другім месцы ў гэтым сьпісе – зьбіраць грыбы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Мусіць, нічога, апрача таго, што больш сур'ёзна паставіўся б да вывучэньня замежных моў.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Усе найлепшыя парады я атрымаў ад сваіх бацькоў. Гэта маё шчасьце, што ў мяне такія бацькі, якія давалі мне і стратэгічныя парады, і парады ў канкрэтных жыцьцёвых сытуацыях.
Які ваш улюбёны дэвіз?
"Не казацца, а быць!"
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратычнай, незалежнай, багатай Беларусі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У беларускай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Тут чалавек ня можа выбраць, у якой давялося жыць, у такую і жыву. Але хацелася б зазірнуць сюды гадоў празь пяцьдзесят і пабачыць, што тут будзе. Я б з прыемнасьцю перакінуўся на пяцьдзесят гадоў наперад.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Найперш вярнуў бы канстытуцыю 1994 году і зрабіў так, каб законы былі для ўсіх законамі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Мы павінны там быць.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Сяброўскія, але незалежніцкія.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Дыктатуры не павінна быць ніякай.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Я думаю, што яна зьменіцца досыць хутка, ну і спадзяюся, што яна зьменіцца нармальным, законным, эвалюцыйным шляхам.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі стане зусім іншая ўлада ў нас, не антыбеларуская, а беларуская. Як казаў Якуб Колас, начальства загаворыць па-беларуску і народ загаворыць. Будзе гэта, можа, тады, калі я празь пяцьдзесят гадоў убачу Беларусь, то ўбачу ўжо сапраўдную беларускую эўрапейскую Беларусь.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Зьнікне мова, зьнікне народ, зьнікне дзяржава.