1. Якуб Колас. Сымон-музыка. Менск, «Юнацтва». 1991.
У кожнага ўнука ёсьць два родныя дзяды. У кожнага беларускага ўнука, ёсьць яшчэ і свае літаратурныя дзяды, якіх з радасьцю прымаеш за крэўных, што дапамагаюць у розныя моманты і пэрыяды жыцьця. Адзін з старэйшых літаратурных дзядоў Беларусі дзед Курыла нарадзіўся ўсяго 85 гадоў, а ў самім творы Якуба Коласа «Сымон-музыка» ён толькі «за семдзесят залез».
«Няўклюда, мухамора, дурубала, даўбня, завала, нязгрэба» — адно такія словы чуе маленькі хлопчык ад сваіх бацькоў. Чуе, бо ён ад нараджэньня вылучаецца тонкай чульлівай натхнёнай душою. Сапраўды крэўным для яго становіцца самотны дзед Курыла -"дзядок — душа«. Просты пастух, які сам умее граць, заўважае ў хлопчыку вялікі талент і прадчувае, што таго чакае шмат выпрабаваньняў. Як нябёсны дар прымае ад дзеда Курылы Сымонка ягоную дудку і скрыпку, усё, што нажыў стары за сваё жыцьцё. А калі дзед памірае, «музыка-чараўнік» сустракаецца зь ім у сне. Стары «згасае бяз болю». Ці не таму, што сустрэўся ў гэтым сьвеце са сваім унукам. Дзед Курыла — адначасова і сымбаль творчай падтрымкі беларускіх унукаў, і горкі напамін пра частае неразуменьне і непрыманьне творчых душаў блізкімі людзьмі.
2. Міхась Лынькоў. Міколка-паравоз. Менск, «Мастацкая літаратура», 2009.
У самы пік рэпрэсіяў, у 1936-м, нарадзіўся дзед Астап — дзед Міколкі-паравоза, які стаўся дзедам і Міколкаў-тэлевізараў, і Міколкаў-ракетаў, і Міколкаў-кампутараў. Калі бацькі вечна занятыя працай і адно мараць, каб і ты ім дапамог, якое шчасьце мець дзеда, які, як і ты, ня можа жыць без прыгодаў. Дзед Астап — ці не адзіны ў беларускай літаратуры герой турэцкай вайны, і адзіны, у каго няроўная барада — адна палова густая, другая — ь рэдкая. Дзед Астап замяняе бацьку, што сядзіць у вязьніцы паводле палітычных «матываў», а гэтая з’ява, на жаль, дасюль канчаткова не сыходзіць у літаратуру.
Дзед Астап — сымбаль няўрымсьлівага шукальніка прыгодаў, зь якім можна пайсьці ў выведку, што паводле вызначэньня вельмі важна для любога беларускага ўнука. Прага прыгодаў — гэта парастак будучай прагі свабоды, якая перадаецца ад дзядоў да ўнукаў.
3. Уладзімер Караткевіч.Каласы пад сярпом тваім. Менск, «Мастацкая літаратура». 2001.
У 1965 да беларускіх унукаў прыходзіць дзед Даніла Вежа Загорскі з «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча. Сёньня гэтаму старому ўсяго 45 гадоў. Калі я нарадзілася, столькі было майму дзеду, і я ў маленстве ня верыла, што гэта дзед. Але ж...
Стары Вежа не адразу знаходзіць паразуменьне са сваім унукам, але ж і ўнук у яго, у адрозьненьне ад астатніх дзядоў, далёка не маленькі хлопчык. Дзед не чытае яму казкі, але ў старога Вежы ёсьць бібліятэка, у якой унук чытае «Шляхціца Завальню» Яна Баршчэўскага. Дзед — чалавек выключны, і ягоныя думкі «Аб уладах зямных і незямных» пачынае занатоўваць унук. Дзед разумее адданасьць служэньню Радзіме ўнука. Дзед бачыць ува ўнуку «самога сябе, толькі нязьмерна палепшанага...», і гэтага ж застаецца пажадаць усім дзядам. Каб змагацца за будучыню, лічыць стары Вежа, трэба ведаць мінулае. Дзед Даніла Вежа Загорскі — сымбаль нацыянальнага ўсьведамленьня, вежа, на якую арыентуюцца пасталелыя беларускія ўнукі.
4. Міхась Стральцоў. Адзін лапаць, адзін чунь (у кнізе «Перад дарогай»). Менск, «Юнацтва», 1994.
1966-ы — год нараджэньня літаратурнага дзеда Міхалкі з аповесьці «Адзін лапаць, адзін чунь» Міхася Стральцова. Быць дзедам яму даводзіцца ў цяжкія пасьляваенныя гады. У сямігадовага хлопчыка Іванкі загінуў на вайне бацька, ад нягодаў сталася зласьлівай маці, нават лапцяў у яго няма. Але ж ёсьць дзед — апірышча і абаронца. Усё ж, чым можа абараніць дзед Міхалка, — дабрыня. Дзед і сам адчувае, што ў яго замест душы — адно шкадаваньне, пакутуе ад думак, ці трэба так шкадаваць малога. Але ж іначай ня можа.
Дзед Міхалка крышталізуе ў сабе дабрыню беларускіх дзядоў. Гэта дзед, які жыве з малітвай за ўсіх беларускіх ўнукаў: «Даруй мне, Божа... Прашу цябе за ўнука... Пашлі выпрабаваньне яму па сіле. Не зрабі так, каб надламалася яго душа пад цяжарам дабра, але не зрабі й так, каб душа яго стала зласьлівай. Палажы яму тую меру, якую не палажыў ты мне».
5. Васіль Шырко. «Дзед Манюкін і ўнукі». «Мастацкая літаратура». 2003.
Чаго толькі не здараецца на мяжы тысячагодзьдзяў. Сярод літаратурных дзядоў з’явіўся дзед Манюкін. Беларускі Мюнхгаўзэн таленавіта распавядае ўнукам казкі. І няхай яму даюць мянушкі і Ачмуровіч, і Дзед Абуй Лапці, ён не крыўдуе і з гонарам носіць прозьвішча Манюкін. У гэтага дзеда шчырая фантазія, што для дзяцей і ёсьць шчырай праўдаю. Расповяды вядуцца ад першай асобы і захопліваюць да апошняй літары. Паверце, не маню.
Дзед Манюкін — сымбаль беларускай фантазіі і гумару, безь якіх беларускія ўнукі ня стануць цудоўнымі дзядамі.