Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: “Захад мяне кінуў...”


Беларусь ня будзе ламаць свой канстытуцыйны лад, каб дагадзіць Захаду. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію інфармагенцтву Reuters.

"Вось калі б мы заўтра зрабілі палітычную сыстэму як ва Ўкраіне, то вы б нам проста апладзіравалі і, напэўна, хвалілі б на ўсіх раздарожжах. А мы гэтага ня хочам, таму што мы ўбачылі, што адбывалася ва Ўкраіне і да гэтага часу адбываецца. Вы хочаце нас пусьціць гэтым шляхам. Вы ведаеце, гэта больш чым дзіўна, я ўвогуле не разумею: навошта вам гэта трэба? Навошта вам нестабільны цэнтар Эўропы? "

"Калі вы такіх крокаў хочаце, каб мы праз выбарчае заканадаўства ўсё паламалі, то гэтага ня будзе ніколі. І паверце, ня толькі пры мне ня будзе. Які б тут ні быў прэзыдэнт, калі, вядома, ён будзе прабеларускі, калі ён будзе дбаць пра сваю краіну, свой народ, ён ніколі ня пойдзе на тое, што патрабуе Захад".

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Менск гатовы зрабіць "роўна столькі крокаў, наколькі да гэтага гатовы Захад". "Ведаеце, я не магу нават вам сказаць пра тыя крокі, вельмі адчувальныя для нас, якія я зрабіў. І Захад мяне "кінуў", - дадаў кіраўнік Беларусі. - І гэта нам дорага каштавала. І я зразумеў, яшчэ раз падкрэсьліваю, што на Захадзе проста вялікая колькасьць безадказных палітыкаў. Яны забываюць тое, што казалі ўчора. Непасьлядоўныя. Вось, разумееце, у іх добра сёньня, быццам з крызысу выходзім, і добра: потым, маўляў, паглядзім, як складзецца ... "

“Усходняе партнэрства" не павінна дыскрымінаваць Беларусь”

"Добрая ініцыятыва – “Усходняе партнэрства". Я думаю, што Эўразьвязу, сапраўды, на межах, важных межах на ўсходзе, абсалютна ня трэба нестабільная дзяржава, не патрэбныя непрадказальныя рэжымы. Хіба было б дрэнна, калі б мы ў рамках "Усходняга партнэрства" змаглі і Ўкраіну, і Беларусь, і іншыя краіны, якія ў гэтым удзельнічаюць, падцягнуць да ўзроўню заходнеэўрапейскіх дзяржаваў? Гэта было б нармальна: большы рынак, разьвіцьцё адносін, выгадная транзытная палітыка. Ужо колькі мы гаворым пра гэтае "Усходняе партнэрства" – але ж нічога не адбываецца!".

"Ну што ж, гэта справа больш Эўразьвязу, мы пачакаем. Але гэтае яшчэ несфармаванае ўтварэньне – "Усходняе партнэрства" – ужо сёньня нам заяўляе: "Вось будзе нейкая парлямэнцкая арганізацыя Эўранэст. І вось усе дзяржавы, якія ўваходзяць ва "Ўсходняе партнэрства", будуць прадстаўленыя парлямэнтарамі, а Беларусь павінна быць прадстаўлена ня толькі выбраным народам парлямэнтам, але яшчэ і нейкімі самазванцамі. Чаму да нас такое стаўленьне? Што, у нашых дзяржаў-партнэраў па "Ўсходнім партнэрстве" не такія праблемы, як у Беларусі? Ды яшчэ больш праблем. Чаму вы да нас падыходзьце так, а да іх інакш? "

“Мы чакалі ад Захаду большага”


"Ёсьць добрыя зрухі ў нашых адносінах, ёсьць нядрэнныя вынікі, але гэта працэс няспраўджаных надзеяў як з боку Захаду, калі чытаць тое, што вашыя палітыкі заяўляюць, так і з нашага боку. Мы чакалі ад Захаду большага", - сказаў кіраўнік Беларусі.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсьліў, што беларуская дзяржава не пацерпіць ніякага ціску з боку заходніх палітыкаў: "Нас ніхто ня будзе штурхаць у сьпіну, ніхто ня будзе падганяць, намі ніхто не будзе камандаваць. Усім давядзецца зьмірыцца з тым, што тут ёсьць сувэрэнная незалежная дзяржава, ёсьць народ, гераічны народ. Мы кожнага трэцяга страцілі падчас вайны. І я мяркую, што як Вялікабрытанія, Францыя, ЗША - нашы саюзьнікі ў гэтай вайне, так і Нямеччына павінна быць удзячная беларускаму народу. І калі Нямеччына вінаватая ў тым, што адбылося ў гісторыі, і яна павінна ведаць аб гэтым і кампэнсаваць Беларусі – я не кажу аб фінансавай кампэнсацыі, а хаця б у павазе і узаемаадносінах кампэнсаваць усё тое, што адбылося, – так і краіны кааліцыі павінны не забываць пра тое, што беларускі народ занадта шмат паклаў на алтар перамогі, нашай агульнай перамогі ", - сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Лукашэнка Бакіева не аддасьць


"Да мяне афіцыйна ніхто не зьвяртаўся. І адразу хачу заявіць, што гэтыя звароты будуць дарэмныя, таму што яны ведаюць, які будзе адказ ад Лукашэнкі. Прэзыдэнт Кіргізстану знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзыдэнта. Прэзыдэнт Кіргізстану і сёньня Прэзыдэнт. Яго ніхто не пазбавіў паўнамоцтваў”.

"І з гэтага пункту гледжаньня, што мяне папракаць, тым больш Расеі? Гэта што ў іх, першы раз адбылося? Калі гэтага самага Прэзыдэнта за рукі прывялі да ўлады, праўда, тады без страляніны, дзе апынуўся папярэдні прэзыдэнт Кіргізстану, Аскар Акаеў, дзе? У Расіі. Яны спакойна працаўладкавалі яго. Я працаўладкаваў, груба кажучы, гэтага прыняў прэзыдэнта. Што тут ня так? Ці Расеі можна, а нам нельга?"

“Кіргіскі сцэнар у Беларусі немагчымы”


Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста, выказаў упэўненасьць, што кіргіскі сцэнар у Беларусі немагчымы. "Вы выдатна ведаеце, што Беларусь – гэта не Кіргізстан. І любы, хто паспрабуе ў Беларусі паступіць падобным чынам, будзе заўсёды, узважваючы, думаць: наколькі гэта будзе шкодна для яго самога. Гэта зрабіць сабе на шкоду. Беларусь – цэнтар Эўропы, цывілізаванага сьвету. Таму тут у сілу іншых у тым ліку фактараў гэта немагчыма. Што тычыцца таго, ці стаяла Расея за падзеямі ў Кіргізстане ... У мяне дадзеных няма. Але заявы расейскіх палітыкаў падчас гэтага дзяржаўнага перавароту і пасьля яго насьцярожваюць. Дакладна так, як і вас ".

Лукашэнка зьвярнуў увагу, што Расея і ЗША тым, што падтрымліваюць “незаконнае фармаваньне” і ўрад, які “гвалтоўным шляхам прыйшоў да ўлады”, па сутнасьці, “стварылі небясьпечны прэцэдэнт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG