Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты пра шанцы — свае і чужыя


Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына дапускае, што прэзыдэнцкія выбары могуць адбыцца сёлета ўвосень. Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта ацэньваюць свае шанцы на перамогу, а таксама шанцы сваіх канкурэнтаў.


Каардынатар «Хартыі’97» Андрэй Саньнікаў лічыць, што пакуль няма кандыдатаў, якія б працавалі на перамогу.

«Па-першае, лічу, што пакуль няма кандыдатаў, хто працаваў бы на перамогу. Я ня чуў такіх заяваў. Усё, што кажуць іншыя кандыдаты, гэта спробы, нейкія выняткі са сцэнару, які не прывядзе да перамогі. Што тычыцца выбараў, то мы ўсе паўтараем, што выбараў у нас няма. Але ж выбар у нас заўсёды ёсьць, і мы вернем народу гэты выбар. Свае шанцы я ацэньваю як вельмі добрыя, таму што ў Лукашэнкі ўжо няма шанцаў. Народ павінен гэта зразумець і зразумее. 16 гадоў безвыніковага рэжыму, які не палепшыў жыцьцё беларусаў, мы павінны спыніць і мы гэта зробім».

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч: «Трэба гаварыць не пра выбарчыя тэхналёгіі і саму кампанію, хаця яны вельмі важныя, а трэба казаць пра тое, што настрой у грамадзтве зьмяняецца. Ежджу, ведаю, размаўляю зь людзьмі.

Улада ня ўпэўненая, народ больш пратэстны і задае сабе пытаньне: „Што далей?“. Думаю, што гэтыя зрухі ў грамадзтве — самы галоўны чыньнік для нармальных выбараў.

Што тычыцца шанцаў, то лічу, што трэба ставіць максымальную задачу. Трэба перамагаць. Кажуць, што гэта немагчыма, але, калі немагчыма, то тады ўвогуле трэба на канапу легчы і не працаваць.

Усё ідзе на нашу карысьць, бо няма ва ўлады такога ўплыву на грамадзтва, бо акрамя рэпрэсій яны нічога рабіць ня ўмеюць. Трэба працаваць. Шанцы ж іншых кандыдатаў я ацэньваць ня буду».


Каардынатар «Эўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч: «Ну, калі б у нас былі выбары, то любы кіраўнік партыі павінен быў бы ў іх удзельнічаць, бо тады навошта займацца палітыкай. Але, на жаль, у нашай краіне ёсьць толькі імітацыя выбараў. Гэтыя выбары ў надзвычай высокай ступені палітызуюць грамадзтва. У дэмакратыі зьяўляецца шанец скарыстацца гэтай палітычнай кампаніяй і вярнуць краіну да свабоды. Вярнуць выбары. Я маю стратэгію. Гэта стратэгія была зацьверджана і „Народнай Грамадой“ і Кангрэсам „Эўрапейскага выбару“. Я вылучаны гэтым кангрэсам, які адбыўся летам. Чаму людзі мяне вылучылі? Ну, мабыць, яны вераць, што я здолею змагацца за перамогу ў гэтай сытуацыі, што я не напалохаюся і не адступлю. Сапраўды, рэальнае змаганьне за перамогу, а не імітацыя па наежджанай уладамі каляіне, як гэта адбывалася ўсе апошнія прэзыдэнцкія выбары».


Старшыня лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што цяперашнія выбары будуць надзвычай цяжкімі і складанымі:

«Прэзыдэнцкая кампанія будзе самаю цяжкаю, якую хто-небудзь можа сабе толькі ўявіць. Нехта недаацэньваў сытуацыю. Я шмат бачу. Па папулярнасьці і вядомасьці больш за ўсё шанцаў у мяне. Гэта відавочна. Я самы „раскручаны“ чалавек у Беларусі. Я 5 гадоў ня злазіў з экрана тэлевізара. Ці будзе інтрыга? Інтрыга ў тым, хто будзе ўвогуле кандыдатам на прэзыдэнта. Людзей, якія зьбяруць 100 тысяч подпісаў, няма. Гэта самае страшнае, што можа адбыцца. Я хачу, каб яны сабралі, бо калі я адзін іду на выбары, то я не разумею, як я магу на іх пайсьці. А, калі я не іду на выбары, то што тады? Адзін чалавек будзе ў сьпісе? Тады якія гэта выбары?

Вось цяпер Мілінкевіч абвясьціў, я думаю: „Дзякуй Богу“. Я ж не магу застацца адзін. Вы ж мяне ўсе абвінаваціце ў тым, што я падыгрываў уладам, а калі я здымаюся, то мяне ўлада задушыць, бо адзін у сьпісе — гэта ўсё.

Ёсьць у Мілінкевіча структуры. Я разумею, што яго падтрымае БНФ. Калі не, то ён подпісаў не зьбярэ. Саньнікаў? Увогуле не хачу размаўляць. Ня бачу ні структуры, ні рэсурсаў.

Калі будзе толькі Гайдукевіч, Мілінкевіч і Лукашэнка — гэта будзе найскладанейшая кампанія».


Палітык Алесь Міхалевіч: «У мяне ёсьць жаданьне перамагаць. У мяне ёсьць шанцы. Я не кажу пра ўпэўненасьць, бо любы кандыдат, апроч Аляксандра Лукашэнкі, які мае жаданьне балятавацца, то, калі ён мае ўпэўненасьць, ён не зусім адэкватны. Але, калі высьветліцца, што шанцы змаглі рэалізавацца, а кандыдат ня пойдзе, то гэта будзе вельмі балюча».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG