Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст зь Вільні


Ларыса Шапавалава
Ларыса Шапавалава

Прывітаньне, дарагая мая мамачка!

Рада, што ў вас усё добра. Спадзяюся, што гэта сапраўды так, а ня толькі каб мяне суцешыць.

У нас таксама няблага. Жэнька расьце. Па вяртаньні з сада ўвесь вечар прападае на вуліцы са сваімі старэйшымі сябрамі. Праз гэта і ў літоўскай мове ў яго адбыліся зрухі, і хоць асабліва не размаўляе па-літоўску, але разумець стаў значна болей. І пачаў чытаць літоўскія шыльды. Мінулым разам я дасылала табе спасылку на свой жж, дзе пішу пра яго і пра наша жыцьцё-быцьцё. Ведаю, што інтэрнэт не бясплатны, але можа калі пачытаеш.

Увогуле, варта табе з інтэрнэтам “пасябраваць”, бо безь яго ў наш час ужо ніяк. Асабліва ў вас там. Ты хоць і чытаеш газэты і “Свабоду” сваю слухаеш, але інфармацыя ўсё ж досыць аднабаковая атрымліваецца. Ведаеш, я тут днямі прачытала ў аднаго блогера вельмі актуальную для нашага часу (і асабліва для Беларусі) думку: “Прайшоў той час, калі значная частка лічыла праўдай любое надрукаванае, а тым больш прамоўленае з экрана слова. Нават мае бацькі навучыліся ставіцца да ўсяго скептычна. Прывучылі журналісты, і ў гэтым іх галоўная місія. Хочаш атрымаць пра што-небудзь хаця б павярхоўнае ўяўленьне — зьбірай па крупінцы з розных крыніц”. Далібог, як для цябе пісана. Але ж дзе ты ў Беларусі “розныя крыніцы” знойдзеш? Яно і тут, у Літве, ня так проста, хоць і крыніц разнастайных болей будзе. Тут табе і газэты для літоўцаў, і для палякаў, і для рускіх. І не па адной, а, што называецца, “у асартымэнце”. І ўсе быццам бы незалежныя, дзяржаўных няма. Але, зь іншага боку, усе яны — нечая ўласнасьць. Бізнэс. А ў бізнэсу, зразумела, могуць быць свае інтарэсы.

Нядаўна ў Вільню прыяжджаў Уладзімір Позьнер, дык вось на пытаньне пра зьмены ў сучаснай расійскай журналістыцы ён сказаў, што “цэнзуры, якая была ў часы СССР, няма. Аднак ёсьць пэўныя тэмы, якія проста ня варта чапляць. Ёсьць самацэнзура, і любы журналіст разумее, што лепей нечага не казаць, пра нешта не пісаць. Проста так, на ўсялякі выпадак.” Але ж ці толькі для расійскай журналістыкі гэта характэрна? Або ў іх калегаў у Беларусі няма самацэнзуры? І літоўцы ня могуць пахваліцца яе адсутнасьцю.

Праўда, у Літве ўжо інтэрнэт-сувязь на добрым узроўні: якасная і недарагая, што дазваляе атрымліваць, пры жаданьні, больш поўную і рознабаковую інфармацыю. Нярэдка людзі сталага ўжо веку шукаюць інфармацыю ў сеціве. Так што ідзі, мамачка, у інтэрнэт, ён табе ўсю праўду скажа.

Толькі не забывайся, што зьбіраць яе лепей “па крупінцы”. Самае цікавае, як на мой погляд, не на сайтах розных выданьняў, а ў блогах. Блогеры — гэта надзея і апора сучаснай журналістыкі. Гэта людзі, якія вядуць інтэрнэт-дзёньнікі і пішуць у іх усё пра ўсё. І ўжо калі што адбылося дзе — хоць у Зымбабвэ, хоць пад Смаленскам — найперш пра гэта стане вядома ў блогах і абавязкова знойдуцца відавочцы ці проста дадатковая інфармацыя, якой няма ў СМІ. Толькі на сайце livejournal больш за 60 000 блогераў-беларусаў. Уяўляеш, як цяпер журналістам зручна працаваць? Разнастайныя форумы, блогі — тут табе якія хочаш тэмы знойдуцца. Ды што тэмы — амаль гатовыя матэрыялы. Часам нават без “амаль”. Вось пасьля падзеньня самалёта пад Смаленскам расійская "Комсомольская правда" надрукавала кавалак абмеркаваньня гэтай падзеі на авіяцыйным форме. Пасьля гэтага ўдзельнікі гутаркі “ўключылі” самацэнзуру, бо, як выказаўся адзін зь іх, “для журналістаў сумленьне — нішто, рэйтынг — усё”. Горка, канечне, такое чытаць, але якое выданьне не вядзе цяпер барацьбу за рэйтынг?

Вяртаючыся да блогаў, хачу яшчэ сказаць, што і тут пры чытаньні не пашкодзіць здаровы скептыцызм. Пішу гэта, ведаючы, як табе ўласьціва ўспрымаць усё на веру. А інфармацыя ж бывае розная. Усё ж блог — на тое і блог, каб выказваць свае ўласныя думкі і меркаваньні. Свабода ва ўсім. І ацэнкі падзеяў могуць давацца людзьмі недастаткова інфармаванымі. Таму заўсёды варта пакінуць месца для пытаньняў, нават калі аўтар упэўнены ў сваёй праваце. Як з тым здымкам пад Смаленскам, памятаеш, я табе пісала?

Дарэчы, пра свабоду добра сказаў усё той жа Позьнер: “Свабода слова зусім ня значыць “я хачу — і сказаў”. Аднак мы ў Расіі свабоду разумеем як жаданьне: што хачу, тое і варачу. Але ж павінна быць абмежаваньне такой свабоды, і гэтае абмежаваньне называецца адказнасьцю: я адказваю за свае дзеяньні і за свае словы”.

Нешта я ўсё пра сур’ёзнае ды пра сур’ёзнае. А так хочацца нечага лёгкага і цікавага. Ты заўважыла, як цяжка пазытыўнай інфармацыі дабрацца да нас? Праўда, і пазытыву ня так каб шмат было.

Дык вось, пра пазытыў. Прыемна было прачытаць, што да вас даходзяць мае журналісцкія экзэрсісы, але ж ты ведаеш, што сама сябе я журналістам не лічу. Прынамсі, пакуль. Як у той казцы пра Папялушку: “я не чараўнік, я толькі вучуся…” Дарэчы, памятаеш, расказвала пра пляны зрабіць сайт пра Вільню? Каб і розная карысная інфармацыя была, адрасы беларускія разнастайныя, і гістарычныя матэрыялы, і розныя маршруты? Дык вось, зрабілі, можаш павіншаваць. Пакуль яшчэ небагата ўсяго, але будзем працаваць.

Цалую вас усіх і моцна абдымаю,

ваша Ларыса Шапавалава

Ларыса Шапавалава


Нарадзілася на Віцебшчыне, у Дуброўне. Расла ў Менску. Скончыла там філфак БДУ. Пэўны час выкладала беларускую мову ў школе. Пасьля працавала ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі.

У 2004 годзе наша сям’я пераехала ў Вільню. Нейкі час займалася выхаваньнем сына, прыглядалася да мясцовых жыхароў, а яны — да мяне. У выніку аказалася, што многія — зьвязаныя зь Беларусьсю, як і я. З гэтага часу адчула, што я дома. І чым далей, тым болей мне тут падабаецца.

Апошнім часам вучуся быць журналістам. Зьяўляюся сябрам БАЖ. Займаюся распрацоўкай сайта пра Вільню. Пакуль што гэта хутчэй блог, але вельмі спадзяюся, што атрымаецца “выгадаваць” зь яго цікавы і карысны сайт.


1. Навошта я пішу блог

Па сямейнай традыцыі. Больш падрабязнае тлумачэньне — на пачатку блога.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

“Дадуманыя” пасты (у якіх сфармуляваныя думкі, найлепшыя здымкі і інш.)

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Неахайнасьць.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

http://sergeydolya.livejournal.com/

http://ivansaj.livejournal.com/

http://d-eva-chka.livejournal.com/

http://radulova.livejournal.com/

http://tareeva.livejournal.com/
XS
SM
MD
LG