Амбасадарка Кіргізстану празь некалькі гадзінаў пасьля прэсавай канфэрэнцыі Курманбека Бакіева склікала адмысловую канфэрэнцыю для журналістаў, на якой заявіла аб падтрымцы часовага ўраду Рэспублікі Кіргізстан.
Амбасадарка, у прыватнасьці, зазначыла, што сытуацыя ў краіне цалкам кантралюецца часовым урадам.
Адстаўка Бакіева, на яе думку, дае магчымасьць правесьці канстытуцыйную рэформу ў краіне, а таксама правесьці 10 кастрычніка выбары парлямэнту .
Што да патрабаваньняў выдачы Бакіева кіргіскім уладам, то яна сказала, што пакуль няма прававой падставы для гэтага.
Кажучы пра статус зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану ў Беларусі, Ішэнкуль Балджурава адзначыла, што Бакіеў тут знаходзіцца як госьць, асабіста запрошаны Аляксандрам Лукашэнкам.
«У нас шмат турыстаў, мы ня можам за ўсімі сачыць», — сказала Балджурава.