Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары. Онлайн-рэпартаж

абноўлена

25 красавіка ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы. У Менску на выбарчым участку быў затрыманы журналіст газэты «Белорусы и Рынок» Вадзім Александровіч, які вёў здымку працэсу падліку галасоў.

21.50 Назіральнік Леанід Гаравы з райцэнтру Гарадок на Віцебшчыне паведамляе, што на Гагарынскім выбарчым участку бюлетэні з скрыні для датэрміновага галасаваньня не пералічваліся.

Бюлетэні проста запакавалі, не агучыўшы колькасьць галасоў за кандыдатаў у Віцебскі абласны савет, у тым ліку за старшыню раённай суполкі партыі БНФ Леаніда Аўтухова, які балятуецца на Гарадоччыне.

21.10
Незалежнага кандыдата не дапусьцілі да падліку галасоў

Сябар партыі БНФ Аляксандар Камінскі балятуецца ў Аршанскі гарадзкі савет. Ён распавёў, што яго не дапусьцілі назіраць за падлікам галасоў на выбарчым участку № 6 .

У выбарчай камісіі кандыдату заявілі, што ягоная прысутнасьць забаронена выбарчым заканадаўствам. Актывіст піша скаргу, што чальцы камісіі ня маюць рацыі: кандыдат мае права знаходзіцца на выбарчых участках менавіта падчас падліку галасоў, але ня мусіць знаходзіцца там у час галасаваньня.

21.00 На 19-м участку менскай выбарчай акругі нумар 30 у памяшканьні гімназіі №33 міліцыя затрымала журналіста Вадзіма Александровіча з газэты «Белорусы и Рынок». Сьведкам затрыманьня стаў кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету па гэтай акрузе Алесь Лагвінец. Ён зазначыў, што Александровіч вёў здымку працэсу падліку галасоў, што не спадабалася выбарчай камісіі. Затрыманьне, па словах Лагвінца, правёў намесьнік начальніка Фрунзенскага РУУС Менску Ўладзіслаў Сьпірын на просьбу дырэктаркі гімназіі №33 Аксаны Якубоўскай. Александровічу інкрымінуецца парушэньне грамадзкага парадку. Яго адвезьлі ў РУУС Фрунзенскага раёну Менску.

20.50 З пасёлку Дружны, што непадалёк ад Менску, праз тэлефон паведамляе грамадзкі актывіст Сяргей Абразоўскі:

Сяргей Абразоўскі
— На ўчастках № 42 і 43 Дружнага за час датэрміновага галасаваньня, паводле падлікаў нашых назіральнікаў, у дзень галасавалі каля 20-25 чалавек Аднак у пратаколах былі зусім іншыя лічбы. На датэрміновым галасаваньні прагаласалі на адным участку амаль 400 чалавек, а сёньня за цэлы дзень — 290 чалавек.

— На ўчастку № 42 у дружненскай школе было ўмоўлена, што скрыні датэрміновага галасаваньня будуць аплямбаваныя а 7:30 раніцы нядзелі, аднак калі ў прызначаны час прыйшлі назіральнікі, скрынкі ўжо былі аплямбаваныя. Што ў іх — нявядома.

— Назіральнікі зафіксавалі, што прыходзілі людзі з двума пашпартамі і галасавалі.

— Назіральнікам не давалі інфармацыю па выязным галасаваньні: колькі чалавек запісаліся, адкуль яны. Назіральнікі не маглі назіраць за галасаваньнем па месцы жыхарства.

— Назіральнікам не давалі інфармацыю, колькі бюлетэняў атрымана камісіяй.

— Назіральнікам не давалі знаёміцца зь сьпісамі выбарцаў.

— Назіральнікам не далі нават карыстацца літаратурай і дакумэнтацыяй, якая знаходзілася на ўчастках.

Па ўсіх гэтых парушэньнях складзеныя акты, якія перадалі ў камісію й накіруюць у пракуратуру.»

Спадар Абразоўскі таксама паведаміў, што у ягоных сёньняшніх пераездах за ім увесь час сачыла машына. Марку і нумар машыны ён паведаміў у дзяжурную частку.

20.00 Выбарчыя ўчасткі закрыліся.

19.40
Электронны ліст ад Вінцука Вячоркі:

"Як паведамляе назіральнік ад Партыі БНФ на 73-м выбарчым участку 43-й акругі ў Савецкім раёне Менску Аляксей Хадыка, сьпісы для галасаваньня па месцы жыхарства на гэтым участку ў парушэньне арт. 54 Выбарчага кодэксу складаліся паводле не заявак жыхароў, а нейкага іншага прынцыпу.

Старшыня камісіі паказаў А.Хадыку сьпіс са 120(!) заявак на хатняе галасаваньне. Аляксею Хадыку ўдалося далучыцца да аднае з дзьвюх групаў членаў камісіі, якія выйшлі са скрынкамі. Суб'ектыўнае ягонае ўражаньне - бальшыня людзей не чакала такіх гасьцей (хаця ўрэшце галасавалі).

Аб'ектыўныя факты - наяўнасьць у сьпісе заявак на хатняе галасаваньне імёнаў прынамсі чатырох нябожчыкаў (якія жылі пад адрасамі вул. Лук'яновіча, 39 і 47-1; вул. Літаратурная, 49-2; вул. 1-я Пасялковая, 100; людзі памерлі ад 2 да 5 гадоў таму). Многіх людзей не было дома, нямала адмаўлялася галасаваць. У парушэньне Выбарчага кодэксу члены камісіі ўпісвалі ў ведамасьць іншых жыхароў абыходжаных кватэраў і намаўлялі іх прагаласаваць.

Аляксей Хадыка аформіў акт аб парушэньні Выбарчага кодэксу.

Па акрузе № 43 балятуецца Вінцук Вячорка, ягоны супернік ад улады - У.Галабурда".


19.15
Назіральнікі кандыдата ў дэпутаты Франака Вячоркі, які балятуецца ў райсавет Мазыра (Гомельская вобласьць), зафіксавалі масавыя парушэньні на ўчастку для галясаваньня па яго выбарчай акрузе.

"Мае назіральнікі зафіксавалі, як намесьніца старшыні ўчастковай камісіі ўкінула ў скрыню для галасаваньня адразу некалькі бюлетэняў. Калі да яе зьвярнуліся па тлумачэньні, яна сказала, што галасавала толькі за сябе", - заявіў Вячорка БалаПАНу.

"У выбарчым участку зьнялі плякат зь інфармацыяй пра кандыдатаў у дэпутаты, які павінен быць на кожным выбарчым участку. Нам не паведамляюць ніякай інфармацыі: ні колькі прагаласавала дома, ні колькі дакладна выбаршчыкаў прагаласавала датэрмінова. Называюць толькі лічбу 25%. Выбарчая камісія нават заахвочваў людзей галасаваць ня толькі за сябе, але і за родных і блізкіх. Дайшло да таго, што нашым назіральнікам нават не паказалі ўзор выбарчага бюлетэня", - абураецца Франак Вячорка.


19.00 Фотагалерэя: Выбары ў Смалявіцкім раёне


18.36 Ці дапусьцяць назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў?


18.34 “Пры цяперашнім рэжыме выбары ня могуць быць дэмакратычнымі”


18.23 Выбары: дзецям — канцэрт, бацькам — буфэт


18.20
Электронны ліст ад Яўгена Асіеўскага: "Назіральніка Віктара Пятроўскага і давераную асобу Міхася Пашкевіча кандыдата па Чыгуначнай акрузе Фёдара Масленнікава (Маладыя Дэмакраты), выдалілі з участка № 57. Афіцыйная прычына – перашкаджалі працы камісіі. На самой справе, яны былі выдаленыя за тое, што спрабавалі падпісаць акт пра парушэньні выбарчага заканадаўства ў аднаго з чальцоў камісіі".


17.50 Кандыдатка ў дэпутаты па Шугаеўскай выбарчай акрузе №53 (Менск) Ірына Губская магла два разы прагаласаваць за сваю кандыдатуру


Губская прыйшла на ўчастак для галасаваньня № 13, заявіла, што яна кандытатка ў дэпутаты, і папрасіла выдаць ёй бюлетэнь для галасаваньня.

Камісія бюлетэнь выдала, негледзячы на тое, што Губская не паказала ніякага дакумэнту.

Кандыдатка бюлетэнь не запоўніла, а забрала з сабой.

Губская адправілася на ўчастак для галасаваньня № 14, дзе таксама заявіла, што зьяўляецца кандыдаткай у дэпутаты і хацела б прагаласаваць.

Негледзячы на тое, што яна Губская не адносіцца да гэтага ўчастку і яе прозьвішча ў сьпісе выбаршчыкаў не было, камісія - зноў без прад'яўленьня дакумэнту - унесла кандыдатку ў дадатковы сьпіс для галасаваньня і выдала бюлетэнь.

"Цяпер у нас ёсьць два бюлетэня з подпісамі сябраў камісіяў, якія наглядна сьведчаць пра тое, як у нас праходзяць выбары", - пракамэнтаваў БелаПАНу сытуацыю Павал Севярынец.



Вёска Грычына, Менскі раён

Выбарчы ўчатсак №35, Менск, вуліца Філімонава

Выбарчы ўчастак у МДЛУ

Выбарчы участак №3, Менск, вуліца Захарава




17.23 Рэпетыцыя прэзыдэнцкіх выбараў


16.10 Апытаньне на вуліцах Горадні




16.00
На выбарчым участку, што месьціцца ў віцебскай гімназіі №5 і ўваходзіць у Чарняхоўскую выбарчую акругу, чальцы камісіі самі прапануюць прагаласаваць за адсутных сваякоў.

Пра гэта паведаміў сябар партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў, які балятуецца па гэтай самай акрузе ў дэпутаты Віцебскага аблсавету.

Пра парушэньне апазыцыянэру распавёў ягоны знаёмы, якому толькі што прапанавалі прагаласаваць і за сябе, і за ўсю сям’ю.

Апрача Аляксандра Кузьняцова, за дэпутацкі мандат у Чкалаўскай выбарчай акрузе №55 балятуюцца актывістка стваранай партыі БХД Алена Шабуня і Аляксандар Калкоў, генэральны дырэктар буйной будаўнічай арганізацыі.


15.20 Сьмяцярка зьбіралася ўкінуць два бюлетэні

Марыя Кульманава
Магілёўская кандыдатка на дэпутацтва ў гарсавет ад незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Марыя Кульманава не дазволіла сьмяцярцы ўкінуць у урну для галасаваньня два бюлетэні. Інцыдэнт адбыўся на выбарчым участку ў сярэдняй школе № 30 абласнога цэнтру.

“Я прыйшла на ўчастак паглядзець за галасаваньнем. Бачу, што член камісіі падзывае сьмяцярку й кажа ёй, каб яна кінула ў урну два бюлетэні ўжо адзначаных. Я гэтыя бюлетэні забрала. Цяпер яна просіць, каб я аддала гэтыя бюлетэні, бо яе звольняць з працы. Пагражае міліцыяй. Прозьвішча члена камісіі Гулецкая. Я хацела сысьці, але мяне нікуды не пускаюць. Патрабуюць аддаць бюлетэнь. Мяне акружылі”.

Як паведаміла толькі што спадарыня Кульманава, у яе гвалтам забралі бюлетэні.


15.10 Выбары-2010: усё бліжэй да савецкіх "рэкордаў"

14.45 Прэсынг на назіральніцу на Сухараўскай выбарчай акрузе

На 20-м участку па Сухараўскай выбарчай аркузе №30, дзе балатуецца каардынатар руху "За свабоду" Алесь Лагвінец, ціснуць на назіральніцу ад Менскага абласнога аб'яднаньня "Шыпшына" 19-гадовую Злату Сьмірнову. Цкуе назіральніцу старшыня камісіі Георгі Андрушчанка.

Андрэй Сушко, давераная асоба Лагвінца, распавядае, што Сьмірнова як назіральніца была зарэгістраваная ўчора. Сёньня яна захацела зрабіць копіі пратаколаў датэрміновага галясаваньня, але старшыня камісіі ёй адмовіў. Праз нейкі час, пракансультаваўшыся з кімсьці, Андрушчанка ўсё ж дазволіў зрабіць копіі дакумэнтаў, але пасьля гэтага пачаў абмяжоўваць яе дзейнасьць як назіральніка.

"Ад стала камісіі да назіральніцкага – каля за 10 мэтраў. Старшыня камісіі вымагае дзяўчыну падымаць руку, калі яна хоча зрабіць заўвагу, то бок казаць ёй нічога нельга", - расказвае Андрэй Сушко.

Акрамя таго, Андрушчанка некалькі разоў выводзіў Сьмірнову з выбарчага ўчастка "пагаварыць", пры гэтым асноўныя тэму яго размоваў можна акрэсьліць як "навошта табе гэта трэба?" Таксама старшыня камісіі сказаў, што перадаў усю інфармацыю пра яе рэктару ўнівэрсытэта.

Па Сухараўскай акрузе назіральнікі працуюць з аўторка, таму да іх такія негатыўныя адносіны, лічыць Сушко.


14.30 Ці галасавалі лідэры апазыцыйных партый?


14.15
Пра парушэнні на рэгіянальных выбарчых участках расказвае сустаршыня аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец.

У Гомелі Кастусь Жукоўскі, кандыдат у дэпутаты па студэнцкай акрузе №15 ў Гомельскі аблсавет, сутыкнуўся з тым, што старшыня камісіі складала пратакол датэрміновага галасавання па яго патрабаваньні проста з чыстага аркуша.

Калі Жукоўскі запатрабаваў дадзеныя, па датэрміновым галасаваньні, старшыня выбарчай камісіі яму адмовіла. Тады ён патэлефанаваў у ЦВК, пасьля чаго старшыня проста ад рукі пачала пісаць, колькі людзей прагаласавала датэрмінова. Паколькі на ўчастку у той час не было нікога, а ўсе зьвесткі жанчына выдумвала з галавы, Жукоўскі выклікаў міліцыю.

5 міліцыянтаў, якія прыйшлі на выклік, вырашылі абвінаваціць Жукоўскага ў парушэньні грамадскага парадку на выбарчым участку.

У Слоніме на фабрычнай акрузе №54, дзе балатуецца кандыдат у дэпутаты ад БХД Барыс Кучынскі, на выбарчых участках паздымалі агульныя плякаты. Камісія патлумачыла, што ўся агітацыя забаронена, хаця плякаты – гэта не агітацыя, а выбарчая інфармацыя, якая павінная быць на выбарчым участку.

14.00 Як галасавалі ў Менску

Такія скрыні адносілі да тых, хто сам не здолеў прыйсьці прагаласаваць

"За каго тут галасаваць?" З кандыдатамі выбаршчыкі знаёмяцца непасрэдна на ўчастках
Традыцыйна ў буфэтах на ўчастках гандлююць крэпкімі напоямі, нягледзячы на тое, што яны месьцяцца ў школах

Ад скрыні - у буфэт


13.45 Магілёў: Першыя вынікі выбараў

У гарадзкім шпіталі, на ўчастку для галасаваньня №55 Машэкаўскай выбарчай акругі, перамог дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства “Прамысловая лізінгавая кампанія” Анатоль Жыгалаў. Па гэтай акрузе балятаваўся і актывіст стваранай партыі Свабоды і Прагрэсу Юры Стукалаў. За ходам галясаваньня й падліку галасоў назіраў яго аднапартыец Аляксандар Сілкоў.

У шпіталі вэтэранаў вайны, на закрытым выбарчым участку №37 Пячэрскай акругі, назіральнікам быў Юры Стукалаў. Ён аднапартыец кандыдата на дэпутацтва ў гарсавеце Сяргея Кагулкіна. Паводле спадара Стукалава перамог у лякарні дзейны дэпутат гарсавету Валерый Кірэеў. За яго прагаласавалі 320 выбарцаў:

За галасаваньнем Стукалаву дазволілі назіраць за сорак мэтраў ад кабінак і скрыняў для бюлетэняў.


13.35 Фотакарэспандэнту "Белгаэты" Вадзіму Заміроўскаму не даюць здымаць на выбарчым участку

Заміроўскі знаходзіцца на выбарчым участку №41 (гэта СШ №159), што ў Фрунзэнскім раёне г. Менску.

Паводле ягоных словаў, дырэктарка гэтай школы Людміла Радкевіч, якая зьяўляецца старшынёй камісіі, спачатку забрала журналісцкае пасьведчаньне, з якім доўгі час знаходзілася ў сваім кабінэце. Праз нейкі час яна выйшла і дазволіла здымаць.

Вадзім расказвае, што зрабіў толькі адзін кадр, і праз нейкі час Радкевіч запыталася, чаму ён не здымае. Вадзім патлумачыў, што чакае зручнага моманту. Тут жа дырэктарка школы пачала вучыць фотакарэспандэнта журналістыцы. Пасьля 10-хвіліннай лекцыі, як патрэбна працаваць, яна заявіла, што фотажурналіст неаб'ектыўна асьвятляе падзеі, выклікала супрацоўнікаў міліцыі, якія вывелі Заміроўскага з выбарчага ўчастка і зараз кантралююць, каб Вадзім не зайшоў у будынак ізноў.

Заміроўскі лічыць, што гэта быў мэтанакіраваны ціск, каб перашкодзіць яму працаваць.


13.30 Горадня: на закрытым участку – 97,6% за праўладнага кандыдата

У шпіталі №4 Горадні па Музычнай выбарчай акрузе №24 у гарадзкі Савет праўладны кандыдат, дырэктар гімназіі Ўладзмер Сяброўскі, атрымаў 198 галасоў, сябра АГП спадар Бандарчук – 10 галасоў і супраць усіх – 2 і 2 несапраўдныя бюллетэні. За праўладнага кандыдата прагаласавалі 93 % выбарцаў.

У абласны Савет па закрытаму ўчастку Будаўнічай акругі №13 за праўладнага кандыдата, камандзіра вайсковай часткі прагаласавалі 207 выбарцаў, за Паўла Станеўскага ад “Справядлівага сьвету” - 1 голас і несапраўдных 2 бюлетэні. За праўладнага кандыдата аддалі свае галасы – 97,6% выбарцаў.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, які прысутнічаў на ўчастку ў якасьці назіральніка.
Паводле Істоміна, ён ня меў магчымасьці кантраляваць падлік галасоў, паколькі стол на якім ляжалі бюлетэні быў закрыты сябрамі камісій.


13.40 Артура Фінькевіча
пагражаюць зьняць з выбараў

Старшыня раённай выбарчай камісіі у тэлефоннай размове заявіла кіраўніку руху "Маладая Беларусь" Артуру Фінькевічу: яна мае зьвесткі пра тое, што Фінькевіча бачылі ні адным з выбарчых участкаў. Ун са сваімі паплечнікамі нібыта апытваў выбарцаў без адпаведнага дазволу.

Старшыня выбарчай камісіі сказала, што калі зьвесткі пацьвердзяцца, то кандытуру Фінькевіча здымуць выбараў.


13.00 Ярмошына кажа пра адзінкавыя скаргі ў ЦВК

Скаргі, якія паступаюць у Цэнтравыбаркам з нагоды правядзеньня выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, адзінкавыя. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына ў эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала.

У ЦВК пакуль усяго толькі два вусныя звароты. Адзін зь іх тычыўся ўнясеньня ў сьпісы выбарцаў у Менску памерлага чалавека. Ярмошына выбачылася за дадзены факт і адзначыла, што гэта была недапрацоўка ўчастковай камісіі, якая недастаткова старанна выверыла сьпісы выбарцаў. Яшчэ адзін зварот — зь Менскай вобласьці. Ён тычыўся высьвятленьня асабістых узаемаадносінаў паміж выбарцам і ўчастковай камісіяй, перадае БЕЛТА.


12.50 Лябедзька: "Улады "малююць" прывабныя лічбы"

На сёлетніх мясцовых выбарах зафіксаваны рэкорд — ніколі раней у папярэднім галасаваньні ня ўдзельнічала так багата выбарцаў. На пытаньне "Свабоды", чым гэта можна патлумачыць, адказвае старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

"Гэта якраз і ёсьць рэагаваньне на рашэньне, у тым ліку і нашай партыі, выйсьці з гэтай кампаніі. Гэта рэагаваньне на тое, што ня толькі мы, але і выбарцы байкатуюць заключную частку выбараў. Улада такім спосабам змагаецца за адчуваньне таго, што велізарная колькасьць людзей імкнецца ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Таму што пытаньне стаіць так: ці ў нас поўны крызіс уладнай сыстэмы, на які рэагуюць ня толькі апазыцыя, а і выбарцы? Ці — не? І ўлады не знайшлі нічога лепшага, як зноў "намаляваць" прывабную лічбу. А каб яна была больш унушальная, яе трэба падняць праз заганяньне людзей на выбарчыя ўчасткі.

А па-другое, лічба датэрміновага галасаваньня — і ёсьць тая лічба, якая закладаецца ў перамогу прадстаўніка ад улады".


12.40 Як галасуюць у Фаніпалі


Чэргаў на участках пакуль няма


Традыцыйны буфэт



12.20 Адзін кандыдат — тэарэтычна яшчэ не дэпутат

Сёлета на мясцовых выбарах у Беларусі ўпершыню скасаваны парог яўкі выбарцаў. "Ці азначае гэта, што тых кандыдатаў, якія балятуюцца ў безальтэрнатыўных акругах, ужо можна віншаваць з дэпутацкім мандатам?"

"Тое, што парог яўкі адменены, азначае, што выбары адбудуцца, калі прагаласаваў нават толькі адзін выбарца. Аднак гэта не азначае, што ва ўсіх акругах будуць абраныя дэпутаты. Тэарэтычна можа атрымацца так: калі ў акрузе балятуецца толькі адзін кандыдат (а ў нас такіх акруг вельмі многа), а галасоў "супраць" будзе болей, чым галасоў "за", то атрымаецца, што выбары адбыліся, а дэпутат не абраны", — заявіў у інтэрвію “Свабодзе” сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.


12.15
Электронны ліст ад Яўгена Асіеўскага: Менск. На ўчастку №48 па Чыгуначнай акрузе давераную асобу кандыдата Фёдара Масьленікава выгналі з участку. Ніякіх прычына, па якіх выгналі Андрэя Папроцкага, названа не было. Зараз на месцы праходзіць размова ст. камісіі з Фёдарам Масьленікавым.

Старшыня камісіі ўчастка №48 па Чыгуначнай акрузе г. Мінска лічыць, што давераная асоба не можа прысутнічаць на ўчастку падчас галасаваньня і прапануе прыйсьці на падлік галасоў. Сакратар камісіі лічыць, што пасьведчаньне даверанай асобы падроблена, дарэчы подпіс сп. Шэбеса (ст. выбарчай камісіі) і пячатка стаяць. Пакуль Андрэй Папроцкі (дав.асоба Ф. Масьленікава) знаходзіца ў будынку, дзе знаходзіцца ўчастак. Яго дапусьцілі ў пакой для галасаваньня, але да той пары, пакуль не вырашыцца пытаньне.


12.00 “Была ўстаноўка, каб датэрмінова прагаласавалі 30% выбарцаў”

Назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель сьцьвярджае, што на чатырох участках для галасаваньня ў абласным цэнтры ня вывешаныя пратаколы датэрміновага галасаваньня:

“Пратаколы не абнародавалі на 112, 113, 114 і 116 участках. Мне іх паказалі толькі пасьля майго настойлівага патрабаваньня. Яны складзеныя абсалютна неінфарматыўна. Разабрацца, колькі чалавек прагаласавалі за дні датэрміновага галасаваньня, складана. Я матэматык, і то ледзь разабраўся. Як вынікае, на чатырох участках прагаласаваў прыкладна аднолькавы працэнт выбарцаў — каля трыццаці працэнтаў. Відаць, была такая ўстаноўка. На 116 участку, гэта ў шостай школе, месца для назіральніка выдзелілі так, што яму не відаць дзьве траціны памяшканьня. Не відаць, як галасуюць, як кідаюць у урны бюлетэні і як працуе сама камісія. На ўчастках, дзе ёсьць назіральнікі ад апазыцыйных вылучэнцаў, побач сядзяць назіральнікі ад працоўных калектываў і прадзяржаўных арганізацыяў — БРСМ і “Белай Русі”.


11.45 Бяляцкі: "Выбары нагадваюць савецкія часы"

На сёлетніх мясцовых выбарах зафіксаваны рэкорд – ніколі раней у папярэднім галасаваньні не ўдзельнічалі так многа выбарцаў. На пытаньне "Свабоды": чым гэта можна патлумачыць, адказвае адзін з арганізатараў ініцыятывы "Праваабаронцы – за свабодныя выбары" Алесь Бяляцкі:

"Людзей гоняць, гоняць і гоняць галасаваць заўчасна. Але ж ніхто ня мае гарантыяў, што робяць пасьля з гэтымі бюлетэнямі.

А па-другое, шмат дзе няма назіраньня. Асабліва ў тых акругах, дзе балятуецца толькі адзін кандыдат. А там вельмі важны псыхалягічны момант колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня. Чаму? Бо нашы выбары гэта ня толькі тэхналягічны працэс але ж яшчэ і ідэалягічны. І гэта вельмі моцна нагадвае савецкія часы, калі абавязкова ў выбарах удзельнічалі больш за 90% выбарцаў і амаль усе галасавалі за кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных. І вось гэты гіпноз вялікіх лічбаў беларускія ўлады захоўваюць і цяпер.

Навошта яны гэта робяць? Па-першае, для падаўленьня любых пратэстных ініцыятыў супраць масавага падману. А па-другое, для "падпітваньня" сябе, каб зрабіць выгляд, што людзі іх падтрымліваюць. Ім гэта неабходна. Прынамсі тады яны, мабыць, больш упэўненыя ў сябе, калі бачаць такія лічбы".


11.30
Электронны ліст ад Яўгена Асіеўскага: " Я давераная асоба Фёдара Масленікава, Маладыя Дэмакраты. Зараз знаходжуся на ўчастку №50 Чыгуначнай выбарчай акругі №20 г Мінска. На акрузе 37% чалавек прагаласавала датэрмінова, на некаторых участках на дадзены момант прагаласавала 80%(!!!) На участку №55 ст. камісіі адказала наглядальніку, калі той папрасіў пратакол на 24 красавіка. Шмат выпадкаў, калі па два чалавекі заходзяць у кабінку. Уся камісія гуляе па участку, на вуліцы. Паляць кожныя 10 хвілін. А так такіх вялікіх парушэнняў не заўважыў!"


11.25 Фонд Адэнаўэра: “Міжнародная цікавасьць да мясцовых выбараў у Беларусі вялікая”


11.05 Вайсковы аркестар суправаджае галасаваньне

На прыступках сярэдняй школы № 203 г. Менску, што па вуліцы Гарадзецкай, 54, грае вайсковы аркестар.

Гэта выбарчы ўчастак № 40, на якім балятуецца намесьнік камандзіра вайсковай часткі Барушка Г. В.


11.00 Магілёў: “За галасаваньнем назіраю на адлегласьці 40 мэтраў і нічога ня бачу”

Юрыю Стукалаву, даверніку кандыдата на дэпутацтва ад стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Сяргея Кагулкіна, зь цяжкасьцю ўдалося атрымаць дазвол назіраць за галасаваньнем на выбарчым участку №37 Пячэрскай акругі Магілёва. Участак лічыцца закрытым, бо знаходзіцца ў шпіталі вэтэранаў вайны.

“Мы доўга спрачаліся. Старшыня камісіі настойваў, што я мусіў зарэгістравацца ўчора да 19 гадзіны. Я ж яму сказаў, што ён не да канца ведае Выбарчы кодэкс. Згодна зь ім давераная асоба кандыдата можа назіраць за галасаваньнем у любы момант і для гэтага не патрабуецца рэгістрацыя. Канфлікт удалося залагодзіць. Цяпер я сяджу за сорак мэтраў ад урнаў і кабінак для галасаваньня й нічога адсюль ня бачу. Людзі ідуць патокам і сьпінамі загароджваюць мне ўвесь участак. Нешта выхапіць мне ўсё ж удавалася. Здаралася так, што ў кабінкі заходзілі і па два, і па тры вэтэраны. Зрабіць я нічога не магу. На мае заўвагі не рэагуюць. Галасаваньне амаль у нас скончылася. Хутка будуць падлічваць галасы”.


10.45 Масты: Назіральнікам не дазволілі прысутнічаць, калі апячатвалі скрыні

Адразу на трох участках у Мастах (Гарадзенская вобласьць): Будаўнічым, Савецкім і Цэткінскім старшыні камісій забаранілі назіральнікам прысутнічаць у момант, калі яны раніцай апячатвалі урны.

На ўсіх гэтых участках балятуецца апазыцыйны кандыдат Зьміцер Кухлей, сябра партыі БХД. Як ён кажа, ягоным назіральнікам адмовілі з той прычыны, што нібыта яны позна зарэгістраваліся.

Праўда, пазьней назіральнікаў дапусьцілі ў залю для галасаваньня, але ніхто зь іх не зафіксаваў, ці былі урны для галасаваньня пустымі.

Зьміцер Кухлей паведаміў "Свабодзе", што на Будаўнічым участку № 6, згодна з пратаколамі, датэрмінова прагаласавала 42% выбарцаў.


10.40
Гомель: Назіральніцу адгарадзілі ад урнаў

У Чыгуначным раёне на выбарчым участку № 19 назіральніца ад партыі левых “Справядлівы сьвет” Людміла Манагарава ня можа сачыць за галасаваньнем. Яе разьмясьцілі так, што урны для галасаваньня аказаліся загароджанымі сталом намесьніка старшыні выбарчай камісіі.

Назіральніца Манагарава й давераная асоба кандыдата ў дэпутаты гарсавету ад “Справядлівага сьвету” Ўладзімер Сякерка склалі акт, што немагчыма назіраць за ходам галасаваньня. Рэакцыі старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Людмілы Стаінай за 2 гадзіны, што прайшлі ад пачатку галасаваньня, не было.

Гомельскія назіральнікі ад “Справядлівага сьвету” аспрэчваюць і вынікі папярэдняга галасаваньня на ўчастку № 18. З гэтай нагоды яны зьвярнуліся з заявамі ў пракуратуру Чыгуначнага раёну, а таксама ў Цэнтравыбаркам і акруговую камісію.

Назіральнікі патрабуюць асобна падлічыць бюлетэні датэрміновага галасаваньня, апытаць выбарцаў, ці сапраўды яны бралі ўдзел у датэрміновым галасаваньні 23 красавіка.

10.45
Лазавік: "Тры фактары высокай актыўнасьці выбарцаў"

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік у інтэрвію "Свабодзе" назваў тры прычыны, чаму сёлета ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня болей:

"Першы фактар – стабільная сацыяльна-палітычная і эканамічная абстаноўка ў нашай рэспубліцы. І гэта адзін з важнейшых крытэраў, які напэўна ляжыць у аснове выбару любога грамадзяніна, калі ён думае пра будучыню цэнтральнай альбо мясцовай улады.

Другі фактар – гэта ўсё-такі вясна, надвор'е. Мінулыя выбары праходзілі зімой. Цяпер жа зусім іншыя ўмовы надвор'я. Людзі з задавальненьнем гуляюць па вуліцы, а заадно заходзяць і на выбарчыя ўчасткі.

І трэці фактар – нягледзячы на тое, што парог яўкі выбарцаў скасаваны, арганізатары выбараў нацэльвалі ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу – нельга ні на адзін працэнт зьніжаць арганізацыйную і тлумачальную працу над датэрміновым галасаваньнем. Людзі павінны ведаць, што такое права ў іх ёсьць. А арганізатары выбараў павінны даць ім умовы, каб такое права рэалізаваць".


10.35
Слонім: у сьпісах няма навасёлаў

Кандыдат ад партыі БНФ Алесь Масюк, які балятуецца па Заводзкай акрузе № 13 у раённы Савет, даведаўся пра гэта за дзень да выбараў.

Масюк выпадкова сутыкнуўся на ўчастку зь людзьмі, якія прыходзілі галасаваць датэрмінова, але ім казалі, што іх няма ў сьпісах. Пазьней старшыня камісіі, паводле Масюка, паабяцаў выбарцам, што іх будуць запісваць у дадатковыя сьпісы.

Алесь Масюк кажа, што дзевяціпавярховы дом, у якім 180 кватэраў, здалі нядаўна. Зараз, на яго думку, у яго засялілася прыкладна траціна жыхароў.

Некаторыя зь іх пасьля ўчорашняй сустрэчы на ўчастку сказалі, што ня пойдуць галасаваць 25 красавіка.


10.20
Вячаслаў Шэлег: “Мне заявілі, што я выбары прайграў”

Кандыдат на дэпутата ў Магілёўскі абласны савет, прыхільнік стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" з Бабруйску Вячаслаў Шэлег паведаміў: у выбарчай камісіі яму заявілі, што ён выбары прайграў.

Сказана гэта было падчас разгляду ягонай скаргі на канкурэнта -- намесьніка генэральнага дырэктара па ідэалягічнай працы акцыянэрнага таварыства “Белшына” Аляксандра Казлова:

“Я выявіў парушэньне. За праўладнага кандыдата Казлова раскідвалі па паштовых скрынках яго агітацыйныя ўлёткі, зробленыя на ксэраксе. Я зрабіў 3100 улётак, і гэтага хапіла на шэсьцьдзесят працэнтаў дамоў акругі. А ў яго было зроблена трыста каляровых плякатаў толькі. Але чамусьці чорна-белыя, зробленыя на ксэраксе, улёткі распаўсюджваліся па ўсёй акрузе. Я паскардзіўся ў камісіі й запатрабаваў, каб яго зьнялі з выбараў. На паседжаньні камісіі заявілі, што не знайшлі тых, хто раскідваў, не злавілі за руку, таму скаргу задаволіць ня можам. З выбараў яго не зьнялі, а мне сказалі, што калі я прайграў ужо, то няма чаго рукамі разводзіць. За Казлова галасуюць усе шыньнікі, бо ён ідэалягічны работнік – людзі яго ведаюць”.


10.10 37% не зьбіраліся ісьці галасаваць на мясцовых выбарах


10.05
Давераную асобу Алеся Зарэмбюка не пусьцілі на выбарчы ўчастак

Аляксандар Пудаўкін, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Алеся Зарэмбюка на выбарах у Мастоўскі раённы савет (Гарадзенская вобласьць), паведаміў, што ранкам складзены тры акты пра парушэньне правілаў правядзеньня галасаваньня. Ён хацеў прысутнічаць, калі апячатвалі і плямбіравалі скрынкі для асноўнага галасаваньня на ўчастку № 2 у Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 3. Аднак старшыня камісіі Міхаіл Жук не пусьціў яго, сказаўшы: прыходзьце заўтра.

Скарга ў раённую камісію дала вынік, спадара Пудаўкіна пусьцілі на ўчастак, але скрынка была ўжо апячатана. У акце ён напісаў, што старшыня камісіі ня ведае сваіх абавязкаў. Адразу былі зафіксаваны іншыя парушэньні: памяшканьні побач з выбарчым участкам (у адным будынку) аказаліся адчыненымі, не апячатанымі, як належыць.

10.00
Віцебск: Назіральніца дамаглася, каб з участку выдалілі БРСМаўцаў

Тацяна Севярынец
, якая назірае за выбарамі на ўчастку № 47 Тэхналягічнай выбарчай акругі № 9, запыталася ў выбарчай камісіі, на якой падставе ў памяшканьні для галасаваньня прысутнічае група маладзёнаў з БРСМ.

Як высьветлілася, хлопцы і дзяўчаты не зарэгістраваныя ў якасьці назіральнікаў. Іх проста запрасілі, каб раздаваць асобнікі Канстытуцыі 18-гадовым выбарцам – тым, хто сёлета галасуе ўпершыню.

Спадарыня Севярынец сказала, што на тых самых умовах зараз запросіць на ўчастак сяброў дэмакратычнай жаночай арганізацыі “Ўльляна” або Беларускай асацыяцыі журналістаў ці яшчэ якой грамадзкай структуры – і яны таксама прыйдуць з падарункамі.

У камісіі, паводле Тацяны Севярынец, тут жа адбылася нарада, пасьля чаго групу моладзі выдалілі. А раздаваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь даручылі аднаму з чальцоў камісіі.

9.50
Парушэньні выбарчага заканадаўства зафіксаваў назіральнік Леанід Гаравы ў Гарадку (Віцебская вобласьць). Ён дзяжурыць на Гагарынскім выбарчым участку № 5.

Сябру руху “За свабоду” Леаніду Гаравому паведамілі, што раённы пракурор будзе разглядаць пратаколы толькі з 11-й гадзіны. Ён кажа, што да таго часу могуць быць зафіксаваныя новыя парушэньні – бо выбарчая камісія не зьвяртае ўвагі, да прыкладу, калі выбарцы ўваходзяць у кабінку для галасаваньня па некалькі чалавек адразу.


Ці правільна выдаюцца бюлетэні і ці ня раяць чальцы камісій, за каго трэба галасаваць, назіральнік адсачыць практычна ня можа: яму вызначылі месца для назіраньня за некалькі дзясяткаў мэтраў ад стала камісіі, і ён бачыць толькі сьпіны выбарцаў.

Старшыня раённай суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які балятуецца ў Гарадку ў Віцебскі аблсавет, не выключае, што зробіць заяву, каб не прызнаваць вынікаў выбараў. Ён зьвяртае ўвагу на няроўныя правы кандыдатаў падчас агітацыі: якраз учора ў раёнцы “Весьнік Гарадоччыны” выйшаў вялікі ўхвальны артыкул пра ягонага праўладнага канкурэнта – Сяргея Старавойтава, дырэктара прадпрыемства "Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт". Пра незалежнага кандыдата ў газэце не напісалі ні слова.

9.45
Цэнтравыбаркам акрэдытаваў назіральнікамі 50 дыпляматаў з 24 амбасадаў.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына раней заяўляла, што Беларусь звычайна запрашае міжнародных назіральнікаў толькі на прэзыдэнцкія і парляменцкія выбары.

Паводле ейных слоў, акрэдытацыя супрацоўнікаў амбасадаў на мясцовыя выбары — "гэта жэст добрай волі".



9.20 Датэрмінова на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прагаласавала 29,3% выбарцаў, паведаміў БелаПАН сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

Датэрміновае галасаваньне ў рэгіёнах:
  • Берасьцейская вобласьць - 26,4%
  • Віцебская - 33,2%
  • Гомельская - 33,9%
  • Гарадзенская - 25,4%
  • Магілёўская - 34,3%
  • Менская - 30,1%
  • Менск - 23,5%

Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 красавіка.

На сёлетніх мясцовых выбарах яўка выбарцаў падчас датэрміновага галасаваньня была большая, чым на папярэдніх, якія праходзілі ў 2007 годзе. Тады датэрмінова прагаласавалі амаль 25% выбарцаў.

8.00
У Беларусі адкрыліся выбарчыя ўчасткі. Пачалося галасаваньне.

У выбарчай кампаніі ўдзельнічае 25 тысяч кандыдатаў. Зь іх 45% - жанчыны.


Хто ідзе ў дэпутаты? (%)



"Свабода" пра выбары


Кроніка выбарчай кампаніі

Станьце карэспандэнтам “Свабоды!



Станьце карэспандэнтам “Свабоды!
Зрабіце фота.

Здыміце відэа.

Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org

Пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266 39 52


“Сэнсу ў выбарах ня бачу, але засталася прывычка галасаваць…”

“Сэнсу ў выбарах ня бачу, але засталася прывычка галасаваць…”
Ці ведаеце, што сёньня адбываецца? Ці пойдзеце або хадзілі галасаваць? Адказваюць гарадзенскія мінакі.

Спадар: «Што выбары — знаю, але не хадзіў і не пайду. Сэнсу ня бачу зусім. Я лічу, што нічога ад гэтага не мяняецца, тым больш на мясцовым узроўні».

Спадар: «Я-то пайду яшчэ, а наконт сэнсу? Засталася прывычка галасаваць. Як паглядзіш: адны дырэктары, дырэктары, дырэктары ў саветах, і сумы, якія яны зарабляюць — у газэце надрукавалі — для чаго ім яшчэ туды лезьці? Людзям трэба даць, хай ня простаму рабочаму, а інжынэру. Што яны там для нас, для народу зробяць? Нічога! Мы — простыя рабочыя».

Ягоны прыяцель: «Мае чатыры гадавыя заробкі мае ў месяц. У мяне пяцьсот тысяч рублёў цяпер, нават чатырыста за месяц, працую па адзінаццаць дзён, астатні час дома. Я яшчэ падумаю — ці хадзіць галасаваць. Я на «карданных валах» працую, на «Белкардзе».

Сталая спадарыня: «Пойдзем галасаваць абавязкова».

Сталы спадар: «У Лядовы палац сходзім, прагаласуем за ўрача, за харошую жанчыну, каторая шмат харошага зрабіла, таму з задавальненьнем пойдзем галасаваць».

Малады спадар: «Схадзіць можна, ад нас ня ўбудзе. Паглядзім, дадзім ім шанец, прынамсі».

Ягоны прыяцель: «Не, я не пайду, таму што я зьехаў у камандзіроўку, так атрымалася. Я цяпер ня дома, у мяне не атрымаецца».

Сталы спадар: «Што выбары, я ведаю. Хадзіць не хадзіў і не пайду, толку няма. За мінулыя выбары каго ні спытай, ніхто ня ведае — хто ў нас дэпутатам і што з гэтымі будзе? Нічога ня будзе, маё меркаваньне такое».

Малады спадар: «Сэнсу ў галасаваньні ня бачу і галасаваць не хадзіў. Таму што, думаю, усё зараней ужо сплянавана і прадумана, інфармацыі няма ні па тэлебачаньні, ні па радыё — дзе хто ўдзельнічаў, інфармацыя закрытая ад людзей, і сапраўднай, хутчэй за ўсё, няма ўвогуле».

Спадарыня: «Ведаем, хадзілі, сэнсу ня бачым. Чаму хадзілі? Не, не прывычка, а каб за нас не прагаласавалі».

Яе муж: «Як жонка сказала, так і я — таксама, зь ёю згодны».

Малады спадар: «Так, хадзілі. Думаю, што трэба часам мяняць улады».

Малады спадар: «Ведаю, што выбары. Пакуль не хадзіў, пра кандыдатаў практычна ніякай інфармацыі няма, апроч некаторых аркушыкаў, якія расклейваюцца каля крамаў. У дадзеных выбарах мала сэнсу. Прыйсьці, нічога ня ведаючы пра кандыдатаў, — цяжка рабіць выбар. Адзіны стымул — каб не рабіць дзяржаве другія выбары, дзеля эканоміі грошай».

Спадар: «Тое, што выбары — ведаем. Галасаваць не хадзілі, бессэнсоўна гэта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG