Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўда: "Адмова лідэраў апазыцыі ад удзелу ў выбарах кепска скаардынаваная"


Сярод кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў амаль няма лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў. Па ўсёй Беларусі іх не набіраецца і дзясятка.


Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч абіраецца па Галадзедаўскай выбарчай акрузе № 6. Яна знаходзіцца ў Заводзкім раёне сталіцы і мае сваю спэцыфіку. Тут жыве шмат рабочых зь вялікіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў: МАЗа, падшыпнікавага заводу, заводу шасьцерняў.

Спадар Янукевіч дзеліцца сваімі ўражаньнямі:

Аляксей Янукевіч
"Спакойна, без эксцэсаў кампанія праходзіць, плянава. Асноўнае, што мы робім, гэта абыход кватэраў — ад дзьвярэй да дзьвярэй. Рэакцыя людзей вельмі пазытыўная. Іх актыўнасьць адчуваецца больш, чым нават на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах".

Кандыдат у дэпутаты кажа, што людзі найперш занепакоеныя сваім эканамічным становішчам. Асабліва гэта адчувалася, калі яны працавалі па тры дні на тыдзень:

"Іх турбуе, як што будзе? Што будзе з крызісам: наступіць паляпшэньне ці будзе яшчэ горш?

А мясцовая тэма № 1, зь вялікім адрывам, гэта — капітальны рамонт дамоў. Тут вельмі шмат дамоў, якім больш за 30 гадоў. А рамонт робіцца вельмі марудна. Зробяць адзін дом і ідуць у наступны квартал. А дамы ўсе патрабуюць капітальнага рамонту. І гэта вельмі моцна клапоціць людзей".

Сакратар ЦК партыі "Справядлівы сьвет" Валеры Ўхналёў балятуецца ў Акадэмічнай акрузе № 48 сталіцы. Ён распавядае пра працу сваёй групы падтрымкі:
Мы ўжо другім наваратам паклеілі свае плякаты, бо іх зьдзіраюць ...

"Мы ўжо другім наваратам паклеілі свае плякаты, бо іх зьдзіраюць. Нават са спэцыяльных выбарчых стэндаў зьдзіраюць. І там застаюцца толькі плякаты і ўлёткі кандыдата ад улады. Я ў суботу па коле езьдзіў. Вяртаюся праз 20—30 хвілінаў да стэнду, а маёй улёткі ўжо няма, майго плякату таксама няма.

Сёньня ў мяне была важная сустрэча, таму яшчэ не пасьпеў зьезьдзіць паглядзець, ці засталіся хоць дзе-небудзь мае ўлёткі і плякаты".

Палітоляг Уладзімер Роўда лічыць, што бальшыня лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў слушна адмовілася ад удзелу ў кампаніі:

Ўладзімер Роўда
"Ніякай нармальнай выбарчай кампаніі не адбываецца. А ў Беларусі цяпер фактычна няма і саветаў, бо мясцовая ўлада у нас даўно ўжо не абіраецца народам, а прызначаецца прэзыдэнтам.

Таму я лічу няўдзел лідэраў у выбарчай кампаніі нармальнай справай. Але ён быў вельмі кепска скаардынаваны. Гэта можна было зрабіць у выглядзе агульнанацыянальнай кампаніі байкоту. Патлумачыць насельніцтву, чаму байкот неабходны і які плён ён прынясе. І тады можна было б казаць пра крок наперад у падрыхтоўцы да прэзыдэнцкай кампаніі. Таму што ў прэзыдэнцкай кампаніі ўдзельнічаць патрэбна. Як і патрэбна навязваць уладзе сваю стратэгію".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG