Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіева ў Менску пакуль не бачылі


Курманбэк Бакіеў
Курманбэк Бакіеў

Здымачныя групы тэлеканалаў ОНТ, РТР, Першага расейскага, фотакарэспандэнты АФП, “Ройтэрз” і карэспандэнт “Свабоды” сёньня з раніцы дзяжурылі ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, спадзеючыся сустрэць зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курбанбэка Бакіева.


Аднак прыкметаў таго, што Бакіеў прыбыў у Беларусь, заўважыць не ўдалося, ніякіх спэцыяльных захадаў бясьпекі ў аэрапорце таксама ня бачна. Дзяжурныя службы аэрапорта абвяргаюць інфармацыю, што чакаецца самалёт з былым прэзыдэнтам Кіргізстану.

У прэсавай службе адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі інфармацыі на гэты конт няма. Тэлефоны пасольства Кіргізстану ў Менску не адказваюць.

Сёньня а восьмай гадзіне раніцы зьявілася інфармацыя агенцтва "Інтэрфакс-Казахстан" са спасылкай на інфармаваную крыніцу аб тым, што Бакіеў нібыта выляцеў у Менск. Пазьней ІТАР-ТАСС паведаміў, што Бакіеў застаецца ў Казахстане.

Увечары ў чацьвер Бакіеў прыбыў з Кіргізстану ў казахстанскі горад Тараз, дзе абвясьціў аб складаньні з сябе паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы. Увечары ў пятніцу дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Казахстана "Казінфарм" размясьціла на сваім сайце копію рукапіснай заявы Бакіева аб адстаўцы.

Раней Бакіеў казаў, што Беларусь прапанавала яму прытулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG