Цьвіком IT-навінаў байнэту за 14 красавіка, выглядае, аказалася афіцыйная прэзэнтацыя расейскага парталу Yandex з прыцэлам на беларускі інтэрнэт-рынак – Yandex.by.
Калі набраць у пошукавай сыстэме ALL.by згаданае дамэннае імя yandex.by, то можна ўбачыць, што пішуць на гэты конт беларускія электронныя мэдыі. Адным зь першых рэпартаж з прэзэнтацыі Yandex.by зрабіў сайт IT.TUT.BY – праект галоўнага канкурэнта Yandex.by у Беларусі – TUT.BY. Ад сябе заўважу, што, па вялікім рахунку, TUT.BY яшчэ вельмі далёка па-за канкурэнцыяй хаця б таму, што яго робіць вялікая каманда непасрэдна тут у Беларусі. Апроч таго, Yandex.by пакуль што ня можа прапанаваць беларусам нічога такого, дзеля чаго тыя мелі б замест TUT.BY ісьці на Yandex.by.
Наяўнасьць беларускай мовы ў інтэрфэйсе парталу, якую расейскія прадстаўнікі Yandex падаюць як вялікае дабрадзейства для тутэйшых тубыльцаў, абмяжоўваецца тузінам мэнюшак на тым жа самым “фэйсе”. А кантэнт усё адно застаецца расейскі, залінкаваны на yandex.ru. Хіба толькі таямнічае слова “Пробкі” вядзе на мапу Менску ды навакольляў (з пашырэньнем на ўвесь сьвет) – адзіны карысны, як на маю думку, сэрвіс.
Сярод чыста беларускіх асаблівасьцяў Yandex.by называўся пошукавы сэрвіс з улікам марфалёгіі беларускай мовы. Але, як высьветлілася, паводле апошніх дадзеных, такая магчымасьць пакуль не рэалізаваная: “Як паведаміў electroname.com кіраўнік сэрвісу "Яндекс.Новости" Леў Гершэнзон, сэрвіс яшчэ ня ўмее аналізаваць навінаў на беларускай мове і зьбіраць іх у сюжэты. Спроба запусьціць такі праект для ўкраінскай вэрсіі Яндэксу будзе распачатая найбліжэйшым часам, аднак выразнага і эфэктыўнага альгарытму для апрацоўкі навін на іншай мове пакуль што няма”.
Кажучы па-простаму, увесь прыход Yandex у Беларусь аказаўся хіба што “застаўбленьнем” за сабой дамэну .by у фірмовым назове. Вельмі нагадвае дэкарацыі бутафорскай вуліцы на кінастудыі “Масфільм”, дзе за фасадам дамоў з пап’е-машэ суцэльная пустэча.
Як чалавек, які расейскімі пошукавікамі не карыстаецца, я наагул не разумею, навошта гэны Yandex нам патрэбны. Амэрыканскі Google дае ня ў прыклад болей сэрвісаў, цудоўна шукае па-беларуску ды яшчэ й перакладае зь беларускай ды на беларускую мову зь некалькіх тузінаў замежных моваў. А Google.by, які ў нас таксама ёсьць, дазваляе абмежаваць пошук вэбсайтамі зь Беларусі.
Дарэчы, Рунэт (расейскі сэгмэнт інтэрнэту – .ru), падобна, таксама не застаўся абыякавы – паведаміў пра прыход Yandex'у ў Беларусь, дакладней – “в Белоруссию”. Пры гэтым, расейскія СМІ ня здолелі не пазубаскаліць наконт “нацыяналістаў”: “Еще одна особенность локального белорусского портала – возможность отображения информации на белорусском языке. Это, по идее, должно склонить на сторону российской поисковой системы некоторую часть националистов среди местных пользователей Google, которая уже давно имеет «пошук» на национальной «мове»”.
Дзякуй, што “экспэртаўцы” яшчэ не далі загалоўку ў стылі “Бульбаши отжЫгают”, як гэта робяць некаторыя іх землякі.
Дарэчы, лягатып Yandex.by таксама ёсьць адлюстраваньнем уяўленьнем маскоўцаў пра нацыянальныя сымбалі “бульбашоў”: поле з валошкамі, абэліск на плошчы Перамогі, шэрыя бэтонныя панэлькі гарадзкога спальнага раёну ды бусел у небе. Добра хоць замест бусла не паставілі дзядзьку ў брылі ў стылі этыкеткі на гарэлцы “Бульбашъ”. І на тым дзякуй.