Спадарыня Ярмошына прызнае, што традыцыю можна было б і зьмяніць:
«Краіна мае права запрашаць і на мясцовыя выбары міжнародных назіральнікаў. Але гэта ўжо права той дзяржавы, якая праводзіць выбары.
Так склалася практыка ў нашай краіне, дый у суседзяў таксама, што мы запрашаем міжнародныя місіі толькі на агульнанацыянальныя выбары. Пры гэтым яны ў нас прысутнічаюць вельмі маштабна: па тысячы чалавек на апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах».
Юрыст, праваабаронца Ўладзімер Лабковіч сам некалькі разоў працаваў у складзе міжнародных назіральных выбарчых місіяў. Ён зьдзіўлены тым, што Беларусь не запрашае экспэртаў БДІПЧ на рэгіянальныя выбары:
Улады фактычна прызнаюць — зьмены, якія адбыліся, не дасягаюць міжнародных стандартаў у галіне свабодных выбараў.
Лідзія Ярмошына сказала, што за працэсам галасаваньня змогуць сачыць супрацоўнікі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваныя ў Беларусі:
«Гэта — жэст добрай волі. Міністэрства замежных спраў распаўсюджвае адпаведную ноту сярод амабасадаў. І яна зьяўляецца запрашэньнем для назіраньня для тых дыпляматаў, якія стала пражываюць у Беларусі і жадаюць назіраць за выбарамі».
З просьбай акрэдытавацца на мясцовыя выбары ў ЦВК зьвярнуліся 50 дыпляматаў з 24 краінаў. Найбольш ахвотных — з ЗША (5 чалавек), са Швэцыі і Літвы (па 4).
Уладзімер Лабковіч лічыць, што замежныя дыпляматы ня змогуць паўнавартасна замяніць місію Бюро АБСЭ:
«Іх колькасьць, пры ўсёй павазе да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, невялікая. Яна ня дасьць магчымасьці супольна выпрацаваць пазыцыю міжнароднага грамадзтва да выбарчага працэсу ў Беларусі. І гэта не дае магчымасьці сказаць, што падчас выбараў адбываўся іх маніторынг — ад самага пачатку да падвядзеньня вынікаў галасаваньня. А мэтодыка БДІПЧ АБСЭ найперш прадугледжвае доўгатэрміновае назіраньне. Яна пачынаецца не пазьней як за 30 дзён да даты выбараў, а пажадана і значна раней. Такое назіраньне не стварае ў міжнароднай супольнасьці агульнай карціны пра тое, як адбываюцца выбары ў Беларусі».
Аляксандар Лукашэнка ўчора заявіў, што «апазыцыя адмаўляецца ад удзелу ў выбарах, паколькі прадбачыць поўную паразу». Гэтае выказваньне кіраўніка дзяржавы я папрасіў пракамэнтаваць для «Свабоды» Лідзію Ярмошыну:
«Кіраўнік дзяржавы мае права рабіць палітычныя заявы наконт выбарчых працэсаў, якія цяпер адбываюцца. У адрозьненьне ад старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая ўсё ж павінна рабіць юрыдычныя заключэньні».