Што для вас свабода?
Жыцьцё ў Духу Сьвятым, жыцьцё з Богам. Адпаведна — свабода ад граху.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Уласныя грахі.
Што для вас шчасьце?
Бачыць побач свабодных людзей.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Страціць веру ў Бога і ў людзей.
Які талент вы хацелі б мець?
Музычны. Вельмі люблю клясычную музыку, але таленту музычнага ня маю. Па-добраму зайздрошчу музыкам.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Эрнэстам Сабілам, Аляксандрам Агароднікавым.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Праводзіць час разам зь сябрамі, з жонкай і дачкой.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Шмат што, але жыцьцё адно, і я дзякую Госпаду за тое, што маю.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Аднойчы, год 15 таму, у адной з многіх размоваў-разважаньняў пра лёс Беларусі і пра тое, як можна здабыць лепшую будучыню для Беларусі і беларусаў, адзін з маіх суразмоўцаў працытаваў сьв. Сэрафіма Сароўскага: “...здабудзь дух мірны, і вакол цябе ўратуюцца тысячы…” Гэтыя словы і разважаньне над імі дапамаглі абраць шлях царкоўны, шлях веры.
Які ваш улюбёны дэвіз?
“…здабудзь дух мірны, і вакол цябе ўратуюцца тысячы…”
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Хрысьціянская дэмакратыя — да, і валадарства Божае — пасьля другога прышэсьця Хрыста.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У сваю, у гэтую.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Першы крок — гэта фармаваньне ўраду. Прызначэньне на адпаведныя кіраўнічыя пасады (кіраўнікамі міністэрстваў і інш.) прафэсіяналаў, людзей, якія не запэцкалі сябе злачынствамі. Надзейная прафэсійная каманда дазволіць пачаць рэфармаваньне беларускай эканомікі, зьнешняй і ўнутранай палітыкі, пасьпяхова рэалізаваць антыкрызысныя праграмы.
Другі крок: забесьпячэньне свабоды сродкаў масавай інфармацыі і правядзеньне свабодных парлямэнцкіх выбараў.
Трэці крок (ён будзе рабіцца супольна з законна абраным парлямэнтам) : рэфармаваньне беларускага заканадаўства, рэфармаваньне судовай, праваахоўнай, адукацыйнай сыстэм. Усе галіны жыцьця беларускай дзяржавы патрабуюць неадкладных зьменаў.
Дэмакратычныя законы, забесьпячэньне асноўных правоў і свабодаў дазволіць нам збудаваць сапраўды незалежную, эўрапейскую, заможную і духова разьвітую Беларусь.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрасуседзкія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?
Сваёй дыктатура можа быць толькі для дыктатара. Я не дыктатар і не жадаю ім стаць.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі мы, беларусы, навучымся па-сапраўднаму змагацца адзін за аднаго, а ня толькі кожны сам за сябе.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Яны ўжо гавораць. Сапраўдныя беларусы гавораць па-беларуску. Дома, у сям’і, на працы. А часам і з усімі навокал у гэтай краіне.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Беларусы ўжо гавораць па-беларуску. Абсалютная большасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь загаворыць па беларуску, калі да ўлады прыйдуць беларускія хрысьціянскія дэмакраты.