МАГІЛЁЎШЧЫНА
Замест зручнасьцяў — наўмысныя перашкоды
На Магілёўшчыне апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты публічнай агітацыйнай кампаніі яшчэ не распачыналі.
Незалежны кандыдат у дэпутаты аблсавету Ўладзімер Шанцаў у сваёй агітацыйнай пасіўнасьці вінаваціць улады. Яны, цьвердзіць актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, арганізавалі выбары такім чынам, каб схаваць ад выбарцаў канкурэнцыю кандыдатаў:
«Выбарчая кампанія павінна быць арганізавана так, каб выбарцам было зручна галасаваць, зручна сустракацца з кандыдатамі, бачыць іх дыскусіі, ацэньваць, хто зь іх лепшы, а хто горшы. У маёй
У маёй выбарчай акрузе толькі адно месца, дзе я магу сустракацца з выбарцамі, і гэтае месца знаходзіцца па-за межамі маёй акругі.
Аб’яднаная грамадзянская партыя адмовілася ўдзельнічаць у выбарчым маратоне. Партыйны вылучэнец Уладзімер Шанцаў пра сваё байкатаваньне гаворыць пакуль толькі як пра пэрспэктыву.
Цяжэй таму, хто вылучаецца ўпершыню
Тэхнічныя праблемы й занятасьць не дазваляюць распачаць агітацыйную кампанію актывістцы стваранай партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» з Магілёва Марыі Кульманавай:
«Пасьлязаўтра вось пачнём ужо. Дакумэнты атрымаем і пачнём. У нас жа яшчэ ўлёткі не гатовыя. Я яшчэ каманду зьбіраю. Я першы раз удзельнічаю. Я дужа хвалююся. Таксама, як і па зборы подпісаў я хадзіла, хвалявалася. Але я ўсё рабіла сама. І мы таксама працуем. Мы ж не свабодныя людзі. У нас адпачынак па графіку».
Газэтчыкам забаранілі выкарыстоўваць свой журналісцкі рэсурс
У Горках змагаюцца за месцы ў саветах трое журналістаў. Сваю агітацыйную кампанію яны мяркуюць распачаць толькі пры канцы тыдня. Праблемы тыя ж — няма ўлётак, няма зручных месцаў для агітацыі. А што з журналісцкім рэсурсам? Нас яго пазбавілі, цьвердзіць кандыдатка ў дэпутаты Галіна Будная.
«Калі нам выдавалі пасьведчаньні, то сказалі, што мы ня можам нават ніякай інфармацыі друкаваць у сваёй газэце пра выбары. Ня толькі свае нейкія інфармацыйна-агітацыйныя матэрыялы, якія б мы тэарэтычна маглі зьмясьціць, але наагул што-небудзь пра выбары, напрыклад — тое, колькі кандыдатаў зарэгістравана. У нас ёсьць адна газэта „Ленінскі шлях“, якая ўсё гэта друкуе».
ВІЦЕБШЧЫНА
За праўладных кандыдатаў пачалі агітаваць яшчэ да рэгістрацыі
Пакуль зарэгістраваныя на кандыдатаў у дэпутаты дэмакратычныя актывісты яшчэ толькі працуюць над сваімі ўлёткамі ды плякатамі або дамаўляюцца з друкарнямі, агітацыйная кампанія за іхных праўладных канкурэнтаў ужо пачалася.
Раённая газэта «Наша Талачыншчына» яшчэ ў лютым надрукавала нарысы пра дырэктара Коханаўскай сярэдняй школы Ірыну Талкачову, старшыню СВК «Краснасельле» Сяргея Марчанку, а таксама пра іншых кіраўнікоў і чыноўнікаў раённага маштабу, якія пасьля 25-га сакавіка сталі кандыдатамі. Тое самае ад пачатку сакавіка рабіла і «Аршанская газэта». А таксама гарадзкая газэта «Віцьбічы», якая з нумара ў нумар друкавала фотаздымкі і нарысы пра тых, каго пазьней зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты гарсавету: пра ваенкама Канстанціна Ходасава і намесьніка дырэктара віцебскага ДБК Аляксандра Кушарава ў нумары ад 20 сакавіка, яшчэ праз тры дні — пра дырэктарку школы Ларысу Азярэц. Цягам месяца былі надрукаваны артыкулы ці не пра ўсіх праўладных кандыдатаў.
Віцебскі сябар Аргкамітэту па стварэньні БСДП(НГ) Аляксей Гаўруцікаў кажа, што такая практыка ўжо даўняя, і артыкулы ў «Віцьбічах» можна лічыць незаконнай датэрміновай агітацыяй:
«Мы яшчэ толькі пачыналі зьбіраць подпісы, калі зьявіўся вялікі артыкул пра майго канкурэнта, пазьней зарэгістраванага кандыдатам, Ігара Курганава, начальніка ЖЭУ-22. У інтэрвію ён распавядае, які ён патомны камунальнік... Газэта „Віцьбічы“ яшчэ здаўна, маючы заснавальнікамі Віцебскі гарсавет і Віцебскі гарвыканкам, дужа прыгожа прапагандуе кандыдатаў — прадстаўнікоў ад уладаў. Адно што не пазначаюць іх статус — што яны кандыдаты. Але старанна раскручваюць, падтрымліваюць, зьмяшчаюць вялікія інтэрвію»...
Сам спадар Гаўруцікаў агітацыйную кампанію яшчэ не распачынаў — ён толькі дамаўляецца з друкарняй пра выданьне ўлётак. Такія мэтады агітацыі, як пікеты або выступы перад выбарцамі на сходах, ён лічыць немэтазгоднымі. Бо месцы, якія Першамайская раённая адміністрацыя вызначыла пад пікеты, знаходзяцца не ў ягонай Паўднёвай выбарчай акрузе № 25, і ўстановы, дзе можна праводзіць сустрэчы, таксама. Таму ён ня пэўны, што выбарцы кінуць усе свае справы ды паедуць на другі канец гораду, каб зь ім сустрэцца.
Калі ні пікетаў, ні сходаў няма, то дапаможа відэафільм
У адрозьненьне ад Аляксея Гаўруцікава, чыя акруга — гэта «спальны» раён Віцебску, актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч балятуецца ў гарсавет ці ня ў самым цэнтры Віцебску — недалёка ад тэхналягічнага ўнівэрсытэту.
Але адміністрацыя Кастрычніцкага раёну вызначыла месцы для сходаў і пікетаў такім чынам, што ў Тэхналягічнай акрузе № 9 іх няма. Таму Ўладзімер Рамановіч мусіць вынаходзіць іншыя мэтады для сваёй агітацыйнай кампаніі:
«Я ўчора падаў дзьве заявы. Адну на імя рэктара, каб мне далі дазвол на выступ у тэхналягічным унівэрсытэце. А другую — да прарэктара спадара Шута. Ён мой канкурэнт, і я прапаную яму разам са мной правесьці нейкія дэбаты, дыскусіі перад студэнтамі. Ёсьць яшчэ задумка зьняць пра сябе відэаролік».
Відэафільм пра сябе і сваю праграму Ўладзімер Рамановіч мяркуе зьмясьціць у інтэрнэце — найперш у сацыяльных сетках, папулярных сярод студэнцкай моладзі. Кандыдат не выключае, што ягоны канкурэнт, прарэктар Аляксей Шут, паспрабуе ўплываць на волевыяўленьне студэнтаў адміністрацыйнымі мэтадамі.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Кандыдаты наракаюць, што няма падтрымкі ад партыяў
На Гарадзеншчыне кандыдаты ў дэпутаты разьлічваюць толькі на свае сілы, бо дапамогі чакаць няма адкуль.
Мікалай Уласевіч зь вёскі Варняны Астравецкага раёну балятуецца ў абласны савет. Агітацыі ён не пачынаў, таму што бегае зараз па друкарнях і раённых газэтах, каб надрукавалі ягоную праграму. А паўсюль, зь яго слоў, кажуць, што трэба пачакаць.
Цяжэй за ўсё, на думку Ўласевіча, падчас выбарчай кампаніі будзе з грашыма. Сродкі, якія выдзеляць з выбарчай камісіі, цалкам пойдуць на патрэбы друкарні, а ягоныя выбарцы жывуць на тэрыторыі двух раёнаў — Астравецкага і Ашмянскага, і да іх трэба яшчэ дабрацца.
Уласевіч: «Гэта будзе вельмі рэсурсаёмістая кампанія, і я ня ў стане буду правесьці яе належным чынам, бо папросту не валодаю такім рэсурсам. Гэта ж трэба на бэнзін, іншыя выдаткі... у мяне няма такіх сродкаў».
На дапамогу сваёй партыі — АГП — спадар Уласевіч таксама ня мае надзеі, і ўжо бачыць гэта зараз, бо на партыйным зьезьдзе было прынята рашэньне ня браць удзелу ў выбарах.
На партыю спадзявацца не выпадае
Сябра БСДП (Грамада) зь Вялікай Бераставіцы Алег Рамашкевіч таксама балятуецца ў абласны Савет. Ягоны супернік — цяперашні старшыня Гарадзенскага абласнога савету спадар Карпуць.
Спадар Рамашкевіч кажа, што вядзе сваю выбарчую кампанію практычна адзін. Да агітацыі ў яго пакуль таксама справа не дайшла.
Рамашкевіч:
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы маглі б і павінны былі б папрацаваць у гэтую кампанію. Але мне здаецца, што апазыцыя не зусім ведае, чаго яна хоча.
Мае суразмоўцы дадаюць, што іх выбарчыя праграмы ў асноўным скіраваныя на мясцовыя праблемы — на тое, каб аднавіць самакіраваньне, правесьці рэформы ў ЖКГ. Гэтага, дарэчы, падчас збору подпісаў найболей патрабавалі выбарцы.
Кандыдат склаў праграму на аснове пажаданьняў выбарцаў
Алесь Масюк са Слоніма, які балятуецца ў раённы савет ад руху «За свабоду», зазначае, што склаў сваю праграму цалкам з пажаданьняў выбарцаў, пачутых падчас збору подпісаў.
Масюк: «Найперш гэта праблемы, зьвязаныя з ЖКГ, дрэнныя дарогі, дзіравыя дахі. Потым людзі наракаюць, што пагаршаецца эканамічны стан, кожны дзень растуць кошты. І да ўсяго — кантрактная сыстэма, якая скіравана на запалохваньне людзей, каб яны баяліся адстойваць свае правы».