Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень агітацыйнай кампаніі Хрыстафора Жаляпава


Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

Старшыня Віцебскага аргкамітэту руху “За свабоду”, сябра БНФ Хрыстафор Жаляпаў балятуецца ў Віцебскі абласны савет па Лёзненскай выбарчай акрузе.


Райцэнтар Лёзна месьціцца за 40 км ад Віцебску. Гэта памежны рэгіён з Расейскай федэрацыяй. Паводле спадара Жаляпава, блізказць да мяжы дужа ўплывае на сьвядомасьць мясцовых жыхароў – тут няма апазыцыйных структураў, хаця цяперашнім уладам людзі не давяраюць таксама. Усё гэта і паўплывала на выбар віцебскага апазыцыянэра, які вырашыў тут балятавацца:

“Людзі тут звыкліся, што, можа, увогуле апазыцыі няма, і што ёсьць толькі, як у часы савецкага саюзу, адна партыйна-дзяржаўная лінія. Таму я хачу паказаць жыхарам Лёзьненшчыны, што ёсьць палітычныя сілы, якія па-іншаму ацэньваюць цяперашнюю сытуацыю”.

Паездку ў Лёзьненскі раён давялося пачаць з самога райцэнтру. Тут старшыня камісіі па выбарах у абласны савет Пётр Верам’ёў уручыў Хрыстафору Жаляпаву пасьведчаньне кандыдата. І нагадаў пра тое, што на агітацыйную кампанію кандыдатам выдаткоўваецца ўсяго па 35 базавых велічынь – па 280 тысяч рублёў.

Пасьведчаньне кандыдата ўручае Пётр Верам’ёў

Хрыстафор Жаляпаў – кандыдат у дэпутаты

На гэтыя грошы можна друкаваць агітацыйныя матэрыялы, але гэта будзе пазьней. У першы дзень агітацыі Хрыстафор Жаляпаў вырашыў проста сустрэцца і паразмаўляць са сваімі выбарцамі.

Зь ім разам на Лёзьненшчыну прыехалі давераныя асобы зь Віцебску – экс-палітвязень Сяргей Парсюкевіч і Тамара Карызна. І ў Лёзьне ўжо знайшлося прынамсі двое прыхільнікаў: спадарыня Тацяна і малады хлопец, які абяцаў дапамагаць усім чым можна, але прасіў на называць ягонае імя.

У газэце “Сьцяг перамогі” надрукавалі сьпіс кандыдатаў

Спадарыня Тацяна падаравала Хрыстафору Жаляпаву нумар лёзьненскай “раёнкі” са сьпісам кандыдатаў у розныя саветы. Але яна лічыць, што варта было б асобна надрукаваць паболей матэрыялаў пра кандыдата зь Віцебску, і паабяцала заняцца гэтым – зьмясьціць матэрыялы пра спадара Жаляпава ў газэце “Суразмоўца”, якую выпускае мясцовае таварыства інвалідаў

“Афіцыйна выпускаем, так. Усё раскажам. А то во ідзе чалавек на выбары, а яго тут ведаюць добра калі 5%, а 95% увогуле ня ведаюць.”

Каб пазнаёміцца бліжэй, спадар Жаляпаў і ягоныя давераныя асобы скіраваліся на мясцовы кірмаш – пагаварыць і параздаць для пачатку інфармацыйныя матэрыялы віцебскай суполкі Партыі БНФ. Газэткі людзі бралі ахвотна, а вось з размовў вынікала, што сваіх цяперашніх дэпутатаў яны ня ведаюць, а ўладам ўвогуле – не давяраюць:

“Я нікому ня веру! І на выбары не хаджу 15 год. Не хадзіў і не пайду. Вы што, зь Месяца ўпалі? Хіба мне нехта памог? Я й ня ведаю, хто ў нас дэпутат”.

“Я не ведаю, хто ён. Я да яго не зьвяртаюся. І як завуць, ня ведаю”.

“Ні за каго мы не галасуем. А за каго галасаваць, калі мне нават двор пачысьціць ня могуць. Пакуль не патэлефаную, дык ніхто й не прыедзе!”


Жыхар Лёзна, які 15 год ня ходзіць на выбары


Бюлетэнь “Магістрат” раздае Тамара Карызна


Цяперашняга дэпутата абласнога савету ў Лёзьне ня ведаюць. Кандыдатаў на будучых выбарах будзе два: апазыцыянэр і начальнік Віцебскага аддзяленьня Беларускай чыгункі. Спадар Жаляпаў ня мае ілюзіяў, што зможа перамагчы на выбарах праўладнага кандыдата:

“Я ня маю ілюзіяў! Падчас размоваў з выбарцамі я зразумеў, што яны дужа незадаволеныя цяперашнім становішчам, але ня пэўыя, што нешта могуць зьмяніць. Таму мая мэта, як я й казаў раней – гэта даць людзям альтэрнатыву”.

Лёзьненскія прадпрымальніцы, якія ня ведаюць дзейнага дэпутата

На 60 месцаў у абласным савеце прэтэндуюць 98 кандыдатаў, так што альтэрнатыўнымі выбары будуць не паўсюль – а перадусім там, дзе супраць прадзяржаўных вылучыліся незалежныя кандыдаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG