ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Вынікі рэгістрацыі абвяшчаць не сьпяшаюцца
Ва ўсіх рэгіёнах Гарадзеншчыны, дзе падалі заяўкі на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты прадстаўнікі апазыцыі, паведамленьняў пра іх лёс дагэтуль няма. У выбарчых камісіях спасылаюцца на вялікую загружанасьць працай.
Смаргонскі актывіст Алесь Дзергачоў цікавіўся сёньня ў старшыні раённай камісіі — калі абвесьцяць прозьвішчы кандыдатаў? Аднак нічога канкрэтнага ў адказ не атрымаў:
“Мне сказалі, што накіравалі запыты наконт дэклярацый у адпаведныя органы і чакаем адказу. Хаця ў прынцыпе, на здаровы розум, гэтыя праверкі можна было б зрабіць за тры дні”.
У Мастах каардынатар “Новага пакаленьня” Зьміцер Кухлей кажа, што ў раённы савет на 25 месцаў — усяго 40 прэтэндэнтаў. Але выбарчыя камісіі, на яго думку, ня будуць без загаду зьверху браць на сябе ініцыятыву, каб абвясьціць вынікі рэгістрацыі раней:
“Відавочна, што яны робяць гэта дзеля таго, каб зьменшыць тэрмін агітацыі і зацягваюць час, які даецца на праверку. Бо калі б рэгістрацыя адбылася, то можна было б адразу займацца агітацыяй. Зразумела, што ім гэта невыгодна, і яны будуць цягнуць да апошняга”.
Астравецкі актывіст Іван Крук кажа, як спраўджваюць подпісы, сабраныя за яго:
“У іх жа ўсё схоплена, кандыдаты ад улады маюць адміністрацыйны рэсурс, усё ў іх руках. Мне людзі распавядалі, што прыходзяць на працу і пытаюцца, навошта за яго подпіс ставіў, а можа, ты ня ставіў — усё пад такім соўсам. І на працу прыходзяць менавіта да тых, хто працуе ў дзяржаўных установах”.
Слонімскія актывісты сказалі мне, што 25 сакавіка яны ў выканкам ня пойдуць, бо будуць сьвяткаваць. Такім чынам, яны даведаюцца пра вынікі рэгістрацыі ў лепшым выпадку на наступны дзень.
ВІЦЕБШЧЫНА
Меркаваньні партыйцаў з БНФ падзяліліся
Старшыня абласной суполкі партыі БНФ Кастусь Смолікаў распавёў, што ён па-ранейшаму зьбіраецца балятавацца ў Віцебскі абласны савет — вядома, калі яго зарэгіструюць:
“Усе ведаюць, што выбары — гэта ня выбары. Таму ёсьць два варыянты: нешта рабіць ці нічога не рабіць. Калі зарэгіструюць, то маё прозьвішча трапляе ў бюлетэні, і выбарцы будуць ведаць, што ёсьць і “апазыцыйны” кандыдат. Я магу надрукаваць нейкія плякаты, улёткі, ладзіць пікеты, сустракацца зь людзьмі…”
Старшыня Аршанскай раённай суполкі партыі БНФ Алесь Шутаў з такім меркаваньнем ня згодны:
“Калі чалавек прыйдзе на ўчастак і ўбачыць у бюлетэні адзінае прозьвішча, то, пэўна ж, у стане зрабіць высновы, што гэта будуць за выбары. Нашых прадстаўнікоў, якія хацелі ўвайсьці ў склад камісій, проста блякавалі. Мажлівыя фальсыфікацыі, бо ў камісіі ўключаны прадстаўнікі выканаўчай улады. Кіраўнікі прадпрыемстваў, як правіла, на чале камісій, у якія ўваходзяць іхныя падначаленыя. Аршанская рада АДС параіла адмовіцца ад удзелу ў гэтых выбарах у якасьці кандыдатаў, і я таксама не бяру ўдзелу”.
Алесь Шутаў паведаміў, што, тым ня менш, ня ўсе мясцовыя актывісты пагадзіліся з рэкамэндацыямі Аршанскай рады АДС. Да прыкладу, 20-гадовы Аляксандар Камінскі, сябар партыі БНФ, прынцыпова вырашыў змагацца за дэпутацкі мандат — гэта першы досьвед такога кшталту ў ягоным жыцьці. Сябар БСДП (Грамада) Віктар Міхасёў зьбіраецца балятавацца ў Баранскі гарсавет ужо трэці раз. Два папярэднія разы яго абіралі, ён мае пэўны аўтарытэт у мясцовых жыхароў і перакананы, што дэмакратычным кандыдатам усё-ткі варта ісьці на выбары.
АГП зьбіраецца дапамагаць іншым
Сябры АГП на Віцебшчыне вырашылі не ісьці ў кандыдаты, але ў некаторых рэгіёнах партыйныя актывісты мяркуюць дапамагаць падчас выбарчай кампаніі прадстаўнікам іншых партый. Да прыкладу, сябра АГП зь Мёраў Віктар Шульга распавёў пра ініцыятыву — падтрымаць сябраў стваранай партыі БХД:
“Мы балятавацца ня будзем. Па агульнай дамоўленасьці вырашылі, што будуць балятавацца актывісты незарэгістраванай партыі БХД, а мы папрацуем у камісіях. Нашага прадстаўніка ўключылі ў склад Мёрскай раённай выбарчай камісіі па выбарах у райсавет і ў сельскую выбарчую камісію. А я пагляджу: магчыма, стану даверанай асобай кагось з кандыдатаў ад БХД — яны ў нас зьбіраюцца ісьці і ў раённы, і ў абласны савет”.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Адны здымаюцца з выбараў, іншыя — за электаральную перамогу
Яшчэ да таго, як зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашыў ня браць далей удзелу ў цяперашніх выбарах, гомельская рэгіянальная рада АДС выказалася за тое, каб адклікаць сваіх прадстаўнікоў з кампаніі выбараў у мясцовыя саветы ўсіх роўняў. Ініцыятарамі адкліканьня былі найперш актывісты АГП.
Гаворыць сябра рады АДС, кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіль Палякоў:
“Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Гомельскай вобласьці вылучылі 112 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Мы паказалі рэальных людзей, якія гатовыя ісьці і ўдзельнічаць у выбарах. Але ўлады зрабілі ўсё, каб гэтыя людзі не змаглі браць удзел у так званых выбарах. Ідзе размова пра тое, каб пачакаць рэгістрацыі й адклікаць дакумэнты — зьняць свае кандыдатуры”.
Першымі пачалі здымацца з выбараў сябры партыі левых “Справядлівы сьвет”. Адмовіўся ўжо рэгістравацца кандыдатам у дэпутаты аблсавету Віктар Хоміч з Гомелю. Адклікалі таксама свае дакумэнты Ірына Сарычава й Мікалай Лазарэнка са Сьветлагорску, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты раённага савету.
А сябры партыі БНФ не адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах
У прыватнасьці, кіраўнік рэгіянальнай партыйнай арганізацыі Валер Пуціцкі. Ён вылучыўся ў Гомельскі абласны і Рэчыцкі раённы саветы:
“Асабіста я не зьбіраюся здымацца, хоць мне ўжо ў прыватнай размове сказалі, што я набяру ня больш як 20 адсоткаў галасоў у райсавет, куды я іду. Але ў Рэчыцы, я так мяркую, трэба проста рабіць альтэрнатыву начальнікам. Бо ўсе ведаюць, што дэпутаты ў нас — гэта нейкія дырэктары, начальнікі прадпрыемстваў, бальніц. Усе яны падпарадкаваны райвыканкаму ці аблвыканкаму. І таму, як кажуць, рука руку мые. Простаму чалавеку няма да каго зьвярнуцца, каб ён рэальна дапамог вырашыць нейкую справу”.
Не адмаўляюцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі й мясцовыя актывісты руху “За свабоду”. Гаворыць рэгіянальны каардынатар руху Пятро Кузьняцоў:
“Палітычная сытуацыя на Гомельшчыне склалася такім чынам, што частка дэмакратычных арганізацыяў прытрымліваецца адной стратэгіі ўдзелу ў выбарах, другая — іншай стратэгіі. Наша стратэгія адпачатку будавалася так, што мы будзем удзельнічаць у выбарах да канца. І наша галоўная мэта: калі не фактычная палітычная перамога, то хаця б электаральная. Каб большасьць электарату была за нас”.