Што для вас свабода?
Магчымасьць будаваць кожны дзень паводле свайго разуменьня і ў адпаведнасьці са сваімі пачуцьцямі. У гэтым сэнсе маё ўспрыманьне свабоды амаль супадае з разуменьнем шчасьця.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Вымушанасьць мірыцца з дыктатам большасьці.
Што для вас шчасьце?
Свабода ва ўсіх праявах. Нават у асабістым жыцьці. Але наконт асабістага патлумачу. У фільме «Неспрыстойная прапанова» на пачатку гучыць голас за кадрам: «Калі кахаеш нешта — адпусьці яго, і калі яно да цябе вернецца — будзе тваім назаўжды, калі не вернецца — яно не было тваім ніколі».
Чаго вы найбольш баіцеся?
Страціць пакуты творчасьці і пачуцьцё навізны.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент тактычнага чаканьня непунктуальных, але блізькіх людзей.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Роберд дэ Ніро і даўнішні камандзір Мар’інагорскай брыгады палкоўнік Галадзед.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Атрымліваць грошы за любімую і добра выкананую працу!!!
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Пасьля такога пытаньня спачатку згадалася ўся безьліч глупстваў, памылак і шалёных учынкаў, большасьць якіх зроблена пад уздзеяннем адпаведных напояў і рэчываў. Але пасьля невялікага асэнсаваньня адчуваю ўдзячнасьць лёсу, Богу і людзям за ўсё перажытае і пабачанае. Таму змяніў бы толькі адчуванне часу — не губляў бы яго на дробязі!
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
«Свой лёс будуй сам!» і «Не затрымлівай кубак!»
Які ваш улюбёны дэвіз?
Супадае з папярэднім адказам!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Якая пакідае дастатковае поле для працавітай рэалізацыі асабістых амбіцый. Калі я здольны «вкалываць» і ў мяне ёсmць вялікія жыцmцёвыя плzны, я не хачу дапамагаць атрымліваць стабільны аклад тым, хто працаваць нz хоча і плzнуе жыццё толькі ад пляшкі да пляшкі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі, але з прынцыпам расmсялення людей паводле культурных і жыцmцёвых прыярытэтаў. У маім двары ў цэнтры Менску рэгулярна можна бачыць карціну, як чалавек у добрым строі сядае ў добрую машыну, а праз 2 метры «сінякі» «душаць» чарговую бутэльку «чарла». У прынцыпе гэта старая мара — пабудаваць пасёлак пад Менскам, дзе б жылі выхаваныя і сmвядомыя беларусы са сваёй паліцыяй, сваёй школай і ўніверам, сваёй прэсай і сваім кабельным ТВ. І гэта нz так і складана пачаць — хаця б некалькім з нас прадаць свае кватэры, набыць за капекі на рэгіёнах драўляныя pрубы, перавезmці і сабраць. А далей — працаваць да чырвонага поту дзеля нашых дзяцей!
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Гісторыкі і фантасты даўно вызначылі, што мы ня здольныя нармальна жыць ні ў якай іншай эпосе, акрамя той, у якую нарадзіліся і вырасьлі.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Культурная рэвалюцыя, побытавая фізычная культура (загартоўваньне, ёга, ушу і інш.), адкрытая спэкуляцыя на геаграфічным становішчы ў сфэры міжнароднага транзытнага гандлю, легалізацыя «чорных» капіталаў, шырокае мясцовае самакіраваньне, падтрымка гістарычнай спадчыны, найшырэйшае разьвіцьцё ўсіх відаў турызму. Нешта атрымалася шмат — нейкая перадвыбарчая праграма! Але гэта выглядае цэльна, а нейкае адно дзеяньне ня здольнае заўважна зьмяніць становішча!
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Часта бываю ў краінах Еўразьвязу і ведаю «процьму» іх амаль невырашальных праблем. Таму аптымальным шлях Беларусі — добрасуседскія стасункі з Усходам і Захадам пры захаваньні свайго ўнікальнага статусу і пры дбаньні пра свае нацыянальныя беларускія «шкурныя» выгоды. Толькі паводле такіх прынцыпаў ВКЛ ганарліва пражыло пяць стагодзьдзяў.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Такія, як і з Эўразьвязам. Наша гісторыя паказвае, што калі аддаваць перавагу аднаму з бакоў — аўтаматычна «скатваесься» ў падначаленьне да аднаго і супрацьпастаўляесься другому. МЫ гордая незалежная нейтральная дзяржава з дбаньнем толькі сваіх, а не чужых інтарэсаў. Наш шлях — мір з суседзямі і праз гэта добры бізнэс паміж імі і іхнымі рэсурсамі!
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?
Я зусім ня супраць дыктатуры, бо мы, беларусы, па натуры поўныя балбесы і разьгільдзяі! Але я супраць дыктатуры, якая ня мае нацыянальных прыкмет і прымушае актыўных сваіх грамадзян жыць на адным узроўні з вялікім пасыўным статкам.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Ну, балбесамі і разьгільдзяямі мы не перастанем быць! Здаровы жыцьцёвы «пафігізм» у нас таксама ня зьнікне, бо фарміраваўся доўгія стагодзьдзі і дапамог нам выжыць! Таму адказ тут адзін — зьменіцца ўсё імкліва і хутка, калі хаця б адно зьвяно гэтага напружанага ланцужка ня вытрымае і парвецца. І я ўжо зараз шчыра баюся тых часоў. Баюся за родных, блізкіх і сяброў, бо з нашымі недахопамі ў нацыянальным характары і многімі негатыўнымі рысымі, выхаванымі СССР і РБ, пэўна, давядзецца ўжываць здольнасьці абароны і самаабароны. Таму я толькі за мэтанакіраванае, але павольнае рэфармаваньне ўлады. Хаця, магчыма, гэта параноя!
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Два варыянты: ці калі ўлада «абмовіцца», ці калі мова стане моднай. Калі «ён» пачне хаця б зрэдку ўжываць родную мову — зьменіцца многае. Пры сучаснай сыстэме ўлады амаль адсутнічаюць перашкоды, каб за некалькі гадоў Беларусь стала збольшага беларускамоўнай. Гэтым ўлада толькі ўмацавала б свае пазіцыі. Чаму «ён» гэтага не разуме?! Наконт «моднага» шляху вельмі сумняваюся. Яго амаль няма каму рэалізаваць. Зусім нядаўна я безвынікова спрабаваў пераканаць знаёмага, што важней папулярызацыя мовы, чым бясконцыя зьнясільваючыя спрэчкі прафэсійна нерэалізаваных мовазнаўцаў наконт таго, які правапіс і граматыка больш адпавядае нацыянальнаму характару. Тут шмат што можна сказаць жудасна негатыўнага пра ўсіх, хто зводзіць праблему жывога грамадзкага ўжываньня мовы да навуковых спрэчак пра граматыку. У мяне складаецца ўражаньне, што гэта нейкая добра прадуманая дывэрсія — хай актыўныя беларусы лепш трацяць час на спрэчкі між сабой, чым мілагучнымі беларускімі выразамі з добрай усмешкай і пазытыўным стаўленьнем да суразмоўцы паказваюць, што карыстацца мовай можа быць прыгожа і модна!
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Як шматразова ў гісторыі — «выедзем», выжывем, «перакантуемся» на здаровым «пафігізме» да лепшых часоў! У горшым выпадку станем «аўстрыйцамі». Хаця горшага выпадку ня будзе!!!