Што для вас Свабода?
Свабода — гэта самае першае і найважнейшае людзкое права. Нават Бог, ствараючы чалавека, даў яму свабоду выбару. Без свабоды ўсе іншыя людзкія правы ня маюць сэнсу.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Пачуцьцё адказнасьці за тое, што робіцца вакол мяне. Пакуль трэба будзе змагацца за волю беларускага народу, ня буду адчуваць сябе цалкам свабоднай.
Што для вас шчасьце?
Для мяне шчасьцем было б не тужыць, не пераймацца лёсам дарагіх мне людзей, дажыць да часу, калі Беларусь будзе другой Даніяй.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Масквы і яе захопніцкіх намераў.
Які талент вы хацелі б мець?
Захапляюся ўсімі талентамі, апроч аднаго, а гэта здольнасьць некаторых людзей набываць багацьце за любы кошт, і менавіта за кошт іншых.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Маладымі героямі, якія ў цяжкіх умовах змагаюцца за лепшую Беларусь. Адным зь іх уважаю Франака Вячорку.
Што найбольш любіце рабіць?
Тварыць з пэндзлем у руках.
Калі б можна было жыцьцё пражыць яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
У тых самых умовах — можа нічога. Але калі б мела выбар, дзе і калі жыць,
дык выбрала б зусім іншае. Я разумею, што індывідуальнае шчасьце залежыць у вялікай меры ад пачуцьця прыналежнасьці да тае вялікае сям’і, якой ёсьць народ.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Гэта адказ на маё пытаньне адной цудоўнай жанчыны — Анны Расмуссэн. Калі я ў яе спытала, што я магу зрабіць, каб адудзячыцца ёй за ўсё, што яна для мяне зрабіла (было мне тады 12 гадоў), яна адказала: «Як вырасьцеш, зрабі тое самае».
Які ваш улюбёны дэвіз?
Словы Багушэвіча — «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі»
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У дэмакратыі, падобнай да той, што існуе ў Даніі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Хацела б пражыць усё жыцьцё ў вольнай дзяржаве Беларусі, ветлай, добразычлівай, шчасьлівай, дзе б людзі шанавалі і любілі адзін аднаго, шанавалі і любілі свой край.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Хацела б жыць у часе, калі б зайздрасьць, хвараблівыя амбіцыі, нянавісьць між людзьмі былі нязнанымі, даўно забытымі канцэптамі.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б вы зрабілі найперш?
Скасавала б пакараньне сьмерцю — жыцьцё сьвятое. Аднавіла б нацыянальныя сымбалі і сьвяты.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Як найлепшыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Будзе шмат залежаць ад Расеі.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?
Дыктатура — паняцьце для мяне непрымальнае. Дыктатура — гэта непавага дыктатара да чалавека, непавага дыктатара да свайго народу.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі беларускі народ зразумее, што ён жыве ў няволі.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі зразумеюць, што крыўдзяць самі сябе, гаворачы на чужой мове.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Гэта немагчыма. Я веру ў наш народ. Калі перастануць прамываць яму мазгі, ён вернецца да пашаны сваёй мовы, сваёй спадчыны.