Лінкі ўнівэрсальнага доступу

DerStandard: “Лукашэнка паказаў Пуціну сьпіну”


Аглядальнікі заходніх выданьняў прысьвяцілі свае сёньняшнія публікацыі дачыненьням паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам.


Як піша аўстрыйскае выданьне DerStandard, замест таго, каб прымаць самага магутнага чалавека ў Расеі Ўладзімера Пуціна, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ўзяў ды дэманстратыўна накіраваўся ў Паўднёвую Амэрыку, дзе правёў перамовы адносна паставак нафты ў Беларусь з адным з самых блізкіх хаўрусьнікаў Масквы прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам.

Паводле венскага выданьня, стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй апошнім часам застаюцца напружанымі. Чым болей спрабуе Лукашэнка адчыніць дзьверы ў Эўропу, тым больш Масква штурхае яго за гэта па галаве.

Падчас свайго візыту ў Берасьце Пуцін даў зразумець, што Беларусь зьяўляецца залежнай ад Расеі. Расея са сваімі таннымі энэргетычнымі пастаўкамі, магла б штогод аказваць дапамогу Менску на чатыры мільярды даляраў ЗША. "Мы сыходзім з таго, што гэтыя інвэстыцыі апраўданыя, калі ўлічваць магчымасьці для далейшай інтэграцыі",- сказаў Уладзімер Пуцін.

Расейскі прэм'ер выказаў сваё разуменьне “далейшай інтэграцыі”. Беларусь павінна далучыцца да агульнай эканамічнай прасторы з адзінай валютай. У выпадку, калі Беларусь далучаецца да гэтай эканамічнай зоны, будзе цалкам адмененае мыта.

Як піша брытанскае выданьне The Times, тым часам Пуцін думае пра сваё вяртаньне ў Крэмль, а Савецкі Саюз паступова аднаўляецца.
Паводле брытанскага выданьня, ужо самым хуткім часам Пуцін будзе мець шанец зрабіць паслухмяным беларускі, а таксама казахстанскі рэжымы. У будучым годзе ў Лукашэнкі заканчваецца прэзыдэнцкі тэрмін, а ў 69-цігадовага Назарбаева няма відавочнага пераемніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG