Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ізноў пачынаецца палітычны прэзыдэнцкі лахатрон”


Ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах незалежных беларускіх журналістаў, візыт кіраўніка Беларусі ў Вэнэсуэлу, падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя саветы, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Cупрацоўнікі менскай міліцыі 16 сакавіка правялі ператрусы ў офісе сайта “Хартыя-97”, рэдакцыі газэты “Народная воля”, у кватэры журналісткі Ірыны Халіп і яе мужа, кіраўніка грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Андрэя Саньнікава, а таксама ў кватэры журналісткі “Народнай волі” Марыны Коктыш. Былі канфіскаваныя сыстэмныя блёк кампутараў і электронныя носьбіты інфармацыі. Падчас ператрусу пацярпела супрацоўніца “Хартыі-97” Натальля Радзіна, якую ўдарылі па твары. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Ператрус “Хартыі”, менавіта з маскамі, сьведчыць вось аб чым. Радзіна ж па працы ў “Хартыі” падрыхтавана некага пазнаць ці нешта заўважыць. Таму і маскі не выпадкова, і ўдар у вока таксама не выпадкова, таму што там нехта з Расеі, ФСБ, або СБП беларуская, або КДБ”.

Падчас візыту кіраўніка Беларусі ў Вэнэсуэлу дасягнута дамоўленасьць з прэзыдэнтам гэтай краіны Уга Чавэсам пра ваеннае і эканамічнае супрацоўніцтва, у тым ліку ў галіне паставак нафты і будаўніцтва. Камэнтар слухачкі “Свабоды”:

Спадарыня, Менск: “Наша сяброўства з вэнэсуэльскім прэзыдэнтам Чавэсам — вельмі добра, бо ў свой час ён казаў, што будзе рабіць так, каб лепей жылося найбяднейшым слаям насельніцтва. Трэба, каб з гэтага бралі прыклад нашы прадстаўнікі ўлады. Найбяднейшыя ў нас — гэта пэнсіянэры, якія атрымліваюць невялікую пэнсію. А тое, што там нешта будзе будавацца, цагельныя заводы, яшчэ нейкія заводы, дык гэта так далёка да нас! Калі нашы будуць удзельнічаць у будаўніцтве і будуць працоўныя месцы для нашых людзей — гэта адно, а калі не — то іншае. Вельмі далёкая краіна, і перавозка абыдзецца дорага, але нашым кіраўнікам відней. Пажывем — пабачым. Але трэба разьвіваць прамысловасьць і сельскую гаспадарку тут і цяпер”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў і прэзыдэнцкіх выбараў:

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Я хацеў бы сказаць, што зноў пачынаецца палітычны прэзыдэнцкі лахатрон — выбары прэзыдэнта. Колькі там налічылі гэтых кандыдатаў у прэзыдэнты, і ўсе яны робяць усё для таго, каб разьяднаць дэмакратычныя сілы Беларусі. Я лічу, што мы будзем жыць за Лукашэнкам яшчэ гадоў 50, можа 55 — столькі, колькі ўжо “Свабодзе”.

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода”! Фальсыфікацыя выбараў за 16 гадоў даўно адпрацавана. Выйдзем на вуліцы, пастаім — і разышліся. Бяда ў тым, што мы перасталі думаць, як нам далей жыць і што рабіць”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG