Дакумэнт ужо накіраваны беларускім уладам. У ім пералічаныя станоўчыя і адмоўныя моманты з пазыцыі міжнародных экспэртаў у галіне свабоды выказваньня.
У прыватнасьці, паведамляецца, што прэзыдэнцкі ўказ №60 “Аб захадах на ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт”, падпісаны 1 лютага 2010 года, утрымлівае некаторыя станоўчыя моманты.
Так, інфармацыя аб органах улады будзе больш даступная грамадзянам, паколькі палажэньні ўказа прадугледжваюць адказнасьць гэтых устаноў за разьмяшчэньне інфармацыі пра сваю дзейнасьць на іх сайтах; аўтарскае права ў Інтэрнэце будзе абароненае; правайдэры інтэрнэт-паслугаў будуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю паводле заяўнага прынцыпу і г.д.
Пры гэтым, аднак, удакладняецца, што многае будзе залежаць ад таго, як гэтыя палажэньні будуць ужывацца на практыцы: “Прававы інструмэнт павінен выключаць небясьпеку абмежаваньня свабоды Інтэрнэту ў Беларусі”.
Галоўныя падставы для занепакоенасьці, якую выказалі экспэрты АБСЕ, наступныя.
- Указ абавязвае ўладальнікаў і адміністратараў інтэрнэт-клюбаў праводзіць ідэнтыфікацыю наведвальнікаў, захоўваць запісы і асабістыя дадзеныя карыстальнікаў. Гэткае ж правіла прымяняецца да тэхнічных сродкаў карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў падчас падключэньня да Інтэрнэту.
- Незразумела, хто і як будзе вызначаць сутнасьць інфармацыі, у дачыненьні да якой будзе атрыманы запыт на абмежаванне доступу. Вызначэньне тыпаў “шкоднай інфармацыі” паводле беларускага заканадаўства дазваляе прававую двухсэнсоўнасць катэгорый.
- У выпадку немагчымасьці выкананьня загаду адпаведнага органа на выпраўленьне парушэньняў ці спыненьне аказаньня інтэрнэт-паслугаў, адказнасць за зьмест пераходзіць на правайдэраў, уладальнікаў і адміністратараў пунктаў калектыўнага карыстаньня Інтэрнэтам.
Беручы на ўвагу гэтыя ды іншыя спрэчныя моманты, эксперты АБСЭ выказалі бееларускім уладам шэраг рэкамэндацыяў, якія адпавядаюць абавязальніцтвам арганізацыі ў галіне свабоды СМІ:
- адмяніць абавязковую ідэнтыфікацыю карыстальнікаў Інтэрнэт-паслугаў і іх тэхнічных сродкаў падключэння да сеціва;
- растлумачыць значэньне і працэдуру ўвядзеньня абмежаваньняў на распаўсюд “забароненай інфармацыі”;
- растлумачыць сфэры адказнасьці правайдэраў у выпадку немагчымасьці выкананьня загаду адпаведнага органа на выпраўленьні парушэньняў ці перапыненьне аказаньня інтэрнет-паслугаў;
- разгледзець магчымасьць патрабаваньня да органаў улады і іншых дзяржаўных установаў публікаваць інфармацыю ня толькі аб іх дзейнасьці, але і аб выніках гэтай працы;
- адмяніць патрабаваньне ўключаць гіпэрспасылкі на першакрыніцу інфармацыі ў матэрыялах СМІ, якія распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт.