Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Twitter: нерэалізаваны патэнцыял


Колькасьць карыстальнікаў мікраблогаў Twitter набліжаецца да ста мільёнаў, што, у прынцыпе, ня дзіва. Папулярнасьць гэтага сэрвісу сапраўды зараз шалёная. Але яго рэальная запатрабаванасьць пакуль выклікае сумневы.

З часу, калі 21 сакавіка 2006 году былі зьмешчаныя першыя «твіты», сэрвіс прапусьціў празь сябе сотні мільёнаў паведамленьняў. Для шмат каго Twitter зрабіўся ледзь не адзіным спосабам камунікаваньня, што дало падставы думаць, што пераможнае шэсьце “птушынай мовы” не спыніць. Між тым аналітыкі адзначаюць, што рост папулярнасьці сэрвісу пачаў запавольвацца, а большасьць зарэгістраваных карыстальнікаў застаецца неактыўнымі ці малаактыўнымі.

Так, у першай палове мінулага году сэрвіс прырастаў на 7,8 млн. чалавек у месяц. А ў пачатку зімы, па дадзеных кампаніі RJMetrics, гэтая лічба склала 6,2 млн., што дало падставы казаць пра падзеньне папулярнасьці Twitter. Балазе зьнізіўся і адсотак актыўных карыстальнікаў. У сьнежні 2009 году доля мікраблогаў, у якіх зьявіўся хаця б адзін запіс, дасягнула рэкордна нізкага паказчыка – 17%. Тады як у пачатку 2007 году, гэтая лічба была нашмат вышэйшая – 70%, хаця агульная колькасьць карыстальнікаў тады была вартай сьмеху ў параўнаньні зь цяперашняй сытуацыяй.

Аналітыкі RJMetrics разам з калегамі з кампаніі Hubspot заўважылі, што зьніжэньне тэмпаў росту Twitter сапраўды пачалося восеньню. У сакавіку 2009 году папулярнасьць сэрвісу павялічылася на 13%, а ў кастрычніку – усяго на 3,5%. Хтосьці нават пажартаваў, што падобная цыклічнасьць цалкам адпавядае “птушынаму” назову сэрвісу. Восеньню птушкі адлятаюць у вырай, а вясной вяртаюцца. Сёлета гэтая тэндэнцыя паўтарылася. Паводле кампаніі comScore, прырост новых карыстальнікаў цяпер перавышае леташні на 8%. Толькі за студзень па-птушынаму зашчабяталі 6 мільёнаў чалавек. А гадавы прырост карыстальнікаў склаў ажно 1105%!

Але тое ўсё ў абсалютных лічбах. Насамрэч, актыўных карыстальнікаў сэрвісу ня так і шмат. Паводле згаданай RJMetrics, сярэдні Twitter-карыстальнік зараз мае ўсяго 27 чытачоў, тады як у жніўні 2009 году гэты паказчык складаў 42. Кожны чацьвёрты ня мае чытачоў наогул (у жніўні – кожны пяты). 40% – ад аднаго да пяці чытачоў. А 80% мікраблогераў разьмясьцілі менш за дзесяць паведамленьняў.

Сытуацыя ў прынцыпе тыповая для сацыяльных сетак, калі адгукаючыся на запрашэньне сябра, чалавек рэгіструецца, а пасьля не карыстаецца сэрвісам. Як там казаў вядомы пэрсанаж Булгакава – Шарыкаў? “На ўлік – стану, а ваяваць не пайду”. Дый сапраўды, што мала традыцыйных сродкаў абмену паведамленьнямі? Skype працуе, дый старую добрую “аську” (ICQ) ніхто не адмяняў.

Зрэшты, цалкам магчыма, што ніша Twitter знаходзіцца ў іншай сфэры – у бізнэсе. Так, спэцыялісты дасьледчай кампаніі Gartner лічаць, што праз два гады больш за палову кампаній (прынамсі, у ЗША) будуць выкарыстоўваць сацыяльныя сэрвісы і Twitter для сумеснай працы, абмеркаваньня ідэяў і зваротнай сувязі з кліентамі. Але тое пакуль прагноз. Як яно будзе – пакажа час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG