Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны “Усходняга партнэрства” — за ўдзел Палаты прадстаўнікоў у Эўранэсьце


Парлямэнты Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны хочуць бачыць у Эўранэсьце (Парлямэнцкай асамблеі Партнэрства) беларускіх дэпутатаў, а не пазапарлямэнцкую апазыцыю.


Пра гэта, як падае польскае інфармацыйнае агенцтва РАР, гаворыцца ў адмысловым лісьце, распаўсюджаным у Брусэлі. Дакумэнт падпісалі кіраўнікі парлямэнтаў пяці названых краін “Партнэрства”. Яны патрабуюць, каб Беларусь мела ў Эўранэсьце гэткае ж прадстаўніцтва, як і “партнэрская” пяцёрка.

Паводле армянскіх, азэрбайджанскіх, грузінскіх, малдоўскіх і ўкраінскіх парлямэнтароў, гэта тая саступка, якою неабходна было б заплаціць за непрызнаньне Лукашэнкам і Беларусьсю сэпаратысцкіх грузінскіх рэгіёнаў — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Тым часам кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі Яцэк Пратасэвіч, які нядаўна наведаў Менск у складзе дэлегацыі Эўрапарлямэнту, адзначыў, што ліст “пяцёркі” — вынік “вельмі эфэктыўнай дзейнасьці беларускай дыпляматыі” ў былых савецкіх рэспубліках.

Нагадаем, што ў адпаведнасьці з праскай дэклярацыяй у склад ПА “Усходняга партнэрства” павінны ўваходзіць 60 парлямэнтароў — па дзесяць ад кожнай краіны-ўдзельніцы. Аднак у сувязі з тым, што Эўрапарлямэнт не прызнае беларускі Нацыянальны сход з-за недэмакратычнага характару выбараў, ён прапанаваў Эўранэсту наступны кампраміс па Беларусі — пяць прадстаўнікоў ад беларускага парлямэнту і пяць — ад дэмакратычнай апазыцыі. У свае чаргу, Менск адхіліў такую прапанову. А таму Эўрапарлямэнт вырашыў запрасіць на першае паседжаньне ПА “Ўсходняга партнэрства” дзесяць назіральнікаў ад апазыцыі.

“Існуюць розныя прычыны, чаму дэпутаты з былых савецкіх рэспублік падтрымліваюць пазыцыю беларускага парлямэнту і ўладаў. Бывае, што гэта зьвязана з пытаньнем двухбаковых адносінаў, часам — з агульнымі інтарэсамі… Акрамя таго, ва ўсіх гэтых краінах назіраецца не найлепшая карціна з правамі чалавека і дэмакратыяй”, — заявіў журналістам учора ўвечары Пратасэвіч.

Хоць “Эўранэст” — добрая ідэя ў справе супрацоўніцтва парлямэнтаў усходнеэўрапейскіх краін, “Эўрапарлямэнт ня можа даць згоду на працу любой цаной”, — падкрэсьліў Яцэк Пратасэвіч.

Як бы там ні было, эўрапарлямэнтары занепакоеныя падобнай салідарнасьцю зь Беларусьсю з боку пяці краін-удзельніц “Партнэрства”. Таму ня выключана, што заплянаваны раней тэрмін паседжаньня “Эўранэсту” (24—25 сакавіка) будзе адкладзены.

Напярэдадні была распаўсюджаная інфармацыя, што прадстаўнікі АДС маюць намер правесьці кансультацыі з дэпутатамі, якія прадстаўляюць краіны “Ўсходняга партнэрства”. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, беларуская апазыцыйная кааліцыя хоча даслаць адпаведныя лісты да парлямэнтаў “пяцёркі” і патлумачыць сваю пазыцыю адносна складу дэлегацыі Беларусі ў “Эўранэсьце” .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG