Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варушыся! Беларусы — мэтэазалежная нацыя


Сяргей Гудзілін
Сяргей Гудзілін
Надыход чарговай вясны для беларусаў — гэта заўсёды «глябальнае пацяпленьне». Прычым няважна, якая яна — каляндарная ці прыродная... Чамусьці так сталася, што вясна разварушвае наш люд ня толькі эмацыйна, але і дзейнасна — большасьць значных падзей у Беларусі адбываецца ці пачынае адбывацца менавіта вясной... Каб падтрымаць «абуджальны» настрой, пакажу колькі эмацыйных вясновых здымкаў, ну і патлумачу на сваім прыкладзе, чаму я лічу беларусаў мэтэазалежнай нацыяй.

Каторы год ужо назіраю такую асаблівасьць: актыўнасьць фатографаў-рэпартэраў падвышаецца з пачаткам вясны. Яно і зразумела — вясной у нас адкрываецца чарговы працоўны сэзон, бо актывізуюцца амаль усе сфэры нашага грамадзтва — ад палітыкі (традыцыйна палітычны сэзон у нас распачынаецца вулічнымі акцыямі. У гэтым годзе «пашанцавала» і на мясцовыя выбары) да спорту. Як на мяне, дык рэзкія зьмены надвор’я і пацяпленьне выклікаюць выбух энэргіі, якая назапашвалася ў нашых людзях усю доўгую зіму. Прынамсі, ні восеньню, ні летам я такога не назіраю... Для сябе заўважыў, што найбольш прадуктыўны пэрыяд у сэнсе пасьпяховых кадраў у мяне таксама пачынаецца вясной.

Вось так я сустракаў мінулы сакавік — здымаў адкрыцьцё лёгкаатлетычнага сэзону. «Глябальнае пацяпленьне — 2009» у Беларусі мне запомнілася такім:


На гэтым эмоцыі вясны не сканчаюцца. Потым сыходзіць сьнег і на вуліцу выкотваюцца экстрэмалы. Вось тут сапраўды назіраю выбух той энэргіі, што ніяк не магла зьявіцца зімой. Эмоцый пасьля тых здымкаў хапіла надоўга.




А вось зімовыя віды спорту, згодна з прагнозам надвор’я Гідрамэтэацэнтру, сканчаюцца. Фінал самага палітычнага віду спорту ў 2009 годзе быў такі: сталічнае «Юнацтва» перайграла «Гомель». Як бачна, эмоцый на розны густ хапіла ўсім:


Ну і, канечне, свой зачын бярэ чэмпіянат Беларусі па футболе — самым масавым відзе спорту. Нягледзячы на палеміку пра яго перанос, у нас ужо каторы год ён таксама пачынаецца вясной. Гэта ўжо нейкая асаблівасьць беларускага футболу і нашай мэтэазалежнай мэнтальнасьці — пачынацца тады, калі астатнія чэмпіянаты амаль скончаны:


Ну, і самымі эмацыйнымі беларусамі веснавой пары лічу футбольных заўзятараў. Яны як ніхто радуюцца пачатку футбольнага сэзону і забітым галам сваіх клюбаў і дэманструюць найвышэйшую ступень эмацыйнасьці беларусаў. Мінулай вясной назіраў вось такія заўзятарскія эмоцыі:


Сьпіс прыкладаў і фота магчыма і працягнуць, але рэдактарскія ўмовы варта фотаблогеру выканаць. Таму закругляемся. Віншуем беларусаў з пачаткам вясны. І зычым не хаваць сваіх эмоцый. Хаця гэта і наўрад ці ўдасца. Народ мы мэтэа- (мэдыя-?) залежны.

Сяргей Гудзілін

нарадзіўся 11.06.1987 г. у Жодзіне. Фатограф-фрылансэр. Стаж працы 4 гады. Спэцыялізацыя: рэпартаж, спартыўнае фота. Не жанаты, але заручаны... Цяпер выконваю канстытуцыйны доўг і служу ва Ўзброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Але застаюся блогерам — тэхналёгіі і афіцэры дазваляюць (ці не забараняюць) гэта рабіць. У ЖЖ я hudzilin — гэта ангельская трансьлітарацыя майго прозьвішча, што азначае супадзеньне маіх «я-віртуальнага» і «я-рэальнага»... Увогуле, нікі, якія не адлюстроўваюць сапраўдных імёнаў, мне ня вельмі падабаюцца.

1. Навошта я пішу блог

Каб рэпрэзэнтаваць прафэсійную і прыватную сфэры свайго жыцьця. Што да здымкаў — дык паказваю іх, каб пачуць меркаваньне іншых. Тэксты — гэта мае прыватнасьці, эмоцыі і перажываньні... Раней такую функцыю выконваў папяровы дзёньнік, цяпер — электронны. Можа, пасьля аддам яго ў спадчыну сваім дзецям :)

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Шчырасьць. Дакладнасьць. Эмацыйнасьць. Актуальнасьць. Апэратыўнасьць. Актыўнасьць. Крытычнасьць. Ляканічнасьць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Ананімнасьць. Даўгія пасты. Няшчырасьць. Неканкрэтнасьць. Адсутнасьць гіпэрспасылкі на фота ці тэкст.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць.


Даруйце, але тут толькі беларускія фатографы:

liankevich.livejournal.com — блог фатографа Андрэя Лянкевіча — рэпартажы і мастацкае фота

prosto_free.livejournal.com — падзеі Гарадзеншчыны ў аб’ектыве Леаніда Шчаглова

strenger.livejournal.com — беларускі экстрым і гламур ад Паўла Паташнікава

vasukovich.livejournal.com — блог фотарэпартэра Аляксандра Васюковіча

n_ablozhei.livejournal.com — блог фотарэпартэра Натальлі Аблажэй
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG