МАГІЛЁЎШЧЫНА
Раней жанчыны ніколі не працавалі ў ініцыятыўных групах, аднак пагадзіліся дапамагчы Вячаславу Шэлегу, бо добра знаёмыя зь ім. Праблемы ў загадчыцы фэльчарска-акушэрскага пункту і санітаркі пачаліся адразу па рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
“Іх паставілі перад выбарам: альбо яны будуць працаваць, альбо ўдзельнічаць у выбарах. Ім далі машыну, адвезьлі ў выканкам, паклалі перад імі ўзор ужо гатовы, сказалі: “Вось перапісвайце, і ўсё”. Яны перапісалі гэты ўзор адзін у адзін, што яны ўжо ня будуць удзельнічаць у маёй ініцыятыўнай групе і хочуць выйсьці”, — паведаміў “Свабодзе” Вячаслаў Шэлег.
“Я адразу не зразумела, што гэта за палітыка”
Сваю адмову ўдзельнічаць у зборы подпісаў у падтрымку Вячаслава Шэлега жанчыны камэнтуюць зь неахвотай. Гаворыць адна зь іх:
Проста я адразу не зразумела, што гэта такое. Што гэта за палітыка. Я без вышэйшай адукацыі, таму так атрымалася ...
“Мяне ніхто не прымушаў гэта рабіць, таму я са сваёй ініцыятывы паехала й напісала адмову. Проста я адразу не зразумела, што гэта такое. Што гэта за палітыка. Я без вышэйшай адукацыі, таму так атрымалася”.
Актывіст не зьбіраецца пакідаць інцыдэнт па-за ўвагай:
“Я маю намер, і зь юрыстамі я ўжо гаварыў, цягам бліжэйшых двух дзён падрыхтаваць пазоў у суд аб тым, што быў аказаны ціск на ініцыятыўную групу, і пасудзіцца з выбаркамамі абласным і раённым — Кіраўскага раёну”.
Вячаслаў Шэлег балятуецца ў абласны й раённы саветы. Ён бізнэсовец, у 2008 годзе ўдзельнічаў у выбарах у палату прадстаўнікоў.
“Улады чыняць ціск на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах ці вучацца”
Магілёўская кааліцыя “За правядзеньне мясцовых выбараў” зарэгістравала каля дзясятка фактаў ціску на сяброў ініцыятыўных групаў у рэгіёне:
“Такі ціск чыніцца на людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, прадпрыемствах, або вучацца ў навучальных установах. Таксама ціснуць і на прадпрымальнікаў, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у выбарах”, — зазначае каардынатар кааліцыі Юры Новікаў.
Пакуль з ініцыятыўных груп апазыцыянэраў на Магілёўшчыне выйшлі толькі тры чалавекі. Усяго ж у рэгіёне заяўляюць пра намер удзельнічаць у выбарах каля васьмідзесяці апазыцыянэраў. У складзе ініцыятыўных групаў задзейнічаныя каля 600 чалавек.