Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: дэмакратаў пазбаўляюць падтрымкі


Сёньня ў Беларусі — перадапошні дзень рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Як толькі патэнцыйны прэтэндэнт на дэпутацкі мандат атрымлівае адпаведныя дакумэнты, ягоная група можа пачынаць зьбіраць подпісы.

Прэтэндэнт у абласны савет мусіць сабраць 150 подпісаў, у раённы і гарадзкі — 75, у пасялковы і сельскі — 20 подпісаў.

Але, як высьвятляецца, і на гэтым этапе выбарчай кампаніі чыноўнікі чыняць ціск на людзей, якія падтрымліваюць вылучэнцаў ад апазыцыі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

Страціць заробак — страшней, чым змагацца за дэпутацтва


У Рагачове мясцовае начальства вымусіла рабочага Мікалая Мельнікава забраць з раённай камісіі заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў.

Спадар Мельнікаў — сябра партыі левых “Справядлівы сьвет”. Ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты райсавету ў Прывакзальнай акрузе № 10. Але ў мінулую пятніцу дырэктарка школы мастацтваў, у якой Мельнікаў абслугоўвае будынкі, загадала тэрмінова ісьці ў аддзел культуры райвыканкаму:

“У пятніцу мяне ўжо тэрмінова выклікае начальнік аддзелу культуры райвыканкаму Міхаіл Зайцаў. Ён сказаў: “Ідзіце й забірайце заяву. Вы ж думаеце працаваць? Думаеце! І наагул, у музычнай школе пры аддзеле культуры вы яшчэ знаходзіцеся ў партыі — яны, маўляў, і так глядзяць на гэта скрозь пальцы. А выбары — нават і пытаньня пра гэта ня можа быць. Гэта ўжо я, кшталту, ня ў тую браму ламлюся”.

Мікалай Мельнікаў — пэнсіянэр. Яму не хацелася губляць дадатковы заробак, і ён быў змушаны забраць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, у якой значылася пяць ягоных памочнікаў.

Начальнік аддзелу культуры Рагачоўскага райвыканкаму спадар Зайцаў адмаўляе ўсякі ціск:

“Якое глупства! Госпадзі, я не разумею, адкуль гэта ўзята?! Мельнікаў — пэнсіянэр. Я ведаю, што ў школе мастацтваў у нас працуюць у асноўным пэнсіянэры. Дык што яго прымушаць? Чаго ён там яшчэ дамагаўся? Я не разумею. Я нават у разгубленасьці”.

Спадар Мельнікаў, якога не пусьцілі ў кандыдаты, жыве на тэрыторыі Прывакзальнай выбарчай акругі, даўно абраны ў тамтэйшы квартальны камітэт і карыстаецца павагай сярод насельніцтва.



Даведка “Свабоды”


Паводле каляндарнага пляну, заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў падаваліся з 14 па 18 лютага. Паводле ЦВК, усяго камісіі атрымалі 16 873 такія заявы. Сярод прэтэндэнтаў, якія вырашылі зьбіраць подпісы выбарцаў, каб вылучыцца кандыдатам, — 71 сябра Партыі БНФ, 60 — сябры АГП і БСДП (Грамада), 25 — Партыі левых “Справядлівы сьвет”, па 3 — Партыі зялёных і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, 2 — Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.

Па словах сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Паўла Севярынца, больш як 200 вылучэнцаў таксама рэгіструюць свае ініцыятыўныя групы.

Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты — з 14 лютага па 15 сакавіка. 16—25 сакавіка адбудзецца афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG