Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучацца там, дзе цябе ведаюць


Міхаіл Лазавік
Міхаіл Лазавік

У Беларусі пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў. Паводле каляндарнага пляну выбарчай кампаніі гэты працэс стартаваў у нядзелю – 14 лютага. Але рэальна новы этап выбараў пачынаецца ад сёньняшняга працоўнага дня.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік (на здымку ўверсе) кажа: вылучэньне прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, бадай, самае цікавае ў выбарчай кампаніі. І вось яно пачалося:

“Гэта азначае, што ўжо можна праводзіць сходы працоўных калектываў па вылучэньню кандыдатаў у дэпутаты, паседжаньні кіраўнічых партыйных органаў, І можна таксама зьбіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў шляхам збору подпісаў”.

Для Руху “За Свабоду” надзвычай важная такая форма вылучэньня як збор подпісаў грамадзянаў. Справа ў тым, што рух пакуль не мае афіцыйна зарэгістраваных філіяў у рэгіёнах. І таму адзіны спосаб зарэгістраваць сваіх кандыдатаў – зьбіраць подпісы выбарцаў на іх падтрымку.

Юрась Губарэвіч – намесьнік старшыні руху -- адзначае:


“У нас набіраецца дастаткова шмат людзей, якія будуць вылучацца”.

Карэспандэнт: “У вас яны будуць вылучацца больш-менш раўнамерна па рэгіёнах. Ці будуць нейкія ўдарныя?”

“Я сказаў бы, што хутчэй раўнамерна. Таму што ў нас ва ўсіх абласьцях ёсьць структуры руху, хаця яшчэ і не зарэгістраваныя. Але ж яны дзейнічаюць, працуюць. Таму тут нейкага дысбалянсу ня будзе”.

Спадар Губарэвіч гаворыць: у адрозьненьне ад некаторых палітычных партыяў, якія акцэнтуюць свае сілы найперш на выбары дэпутатаў абласных і сталічнага гарадзкога Саветаў, рух “За Свабоду” будзе змагацца за месцы на ўсіх роўнях, нават сельскага Савету:

“Мы сыходзім зь інтарэсаў не арганізацыі, а канкрэтных людзей, якія маюць досьвед працы на акругах. Таму тут было б няслушным цэнтралізаванае разьмеркаваньне так званых ударных акругаў. Мы ж ня можам загадаць кандыдатам ісьці ў тыя акругі, дзе яны не працавалі і дзе іх ня ведаюць. Таму мы пакідаем права выбару за самімі кандыдатамі. У выніку спэктар будзе вельмі шырокім – ад сельскіх да абласных акругаў”.

Цяпер улады шмат гавораць пра выпраўленае выбарчае заканадаўства, што яно маўляў робіць мясцовыя выбары празрыстымі і дэмакратычнымі. Палітоляг Юры Чавусаў з такім меркаваньнем не пагаджаецца. Ён параўноўвае цяперашнюю выбарчую кампанію з той, што праходзіла ў 2007-м годзе:


“Па вялікім рахунку прынцыповага адрозьненьня няма. І пры абноўленым заканадаўстве сам электаральны працэс пакуль што адбываецца ў тым жа самы рэжыме. То бок колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у выбарчых камісіях мінімальная. Большай іх частцы было адмоўлена ва ўключэньні ў выбарчыя камісіі.

Але зь іншага боку, у адрозьненьне ад кампаніі 2007 году, мы пакуль не назіраем маштабнага, шырокага ўзмацненьня рэпрэсіяў, прэвэнтыўных мераў супраць палітычных апанэнтаў улады. Менш у параўнаньні з папярэднімі мясцовымі выбарамі прэвэнтыўных затрыманьняў, за дробнае хуліганства і г.д. Паглядзім ці працягнецца гэта тэндэнцыя падчас уласна агітацыйнай кампаніі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG