Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя камісіі ў Менску – сфармаваныя


У Менску сёньня завершана фармаваньне ўсіх дзевяці раённых (з правамі акруговых) выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія пройдуць 25 красавіка.


У кожную камісію ўключылі максымальную колькасьць чальцоў – па 13, усяго - 117.

Агулам жа ў камісіі вылучаліся 202 чалавекі. Найбольшую актыўнасьць тут праявіла грамадзянская супольнасьць: 85 чалавек вылучылі ад разнастайных грамадзкіх аб’яднаньняў – найбольш ад праўрадавых, кшталту “Белая Русь” і БРСМ. 61 прэтэндэнта вылучылі палітычныя партыі, як пазыцыйныя, так і тыя, што падтрымліваюць дзейную ўладу. Толькі 13 асобаў вылучылі працоўныя калектывы, 43 – грамадзяне праз збор подпісаў.

На сумесным паседжаньні прэзыдыюму Менскага гарсавету і выканкаму высьветлілася, што шэраг арганізацыяў ажыцьцявілі вылучэньне з парушэньнямі заканадаўства. Гэта тычыцца прынамсі аб’яднаньня “Грамадзянскі форум” і Беларускай партыі зялёных. А сем прадстаўнікоў Беларускай патрыятычнай партыі вылучылі ад менскай гарадзкой партыйнай арганізацыі, якая ўжо не існуе дэ-юрэ.

Як ніколі шмат, сёлета патрапілі ў склад камісіяў партыйцы – аж 25 з 117. Сярод іх 8 сябраў КПБ, 6 – ЛДП, 4 – “Справядлівага сьвету”, 3 – сацыяльна-спартовай партыі, па 2 – АГП і БНФ. А найбольшая перавага была адданая працоўным калектывам: з 13 прэтэндэнтаў у камісіі ўключылі 11.

Кожны трэці вылучэнец ад БНФ патрапіў у камісію

Шэсьць прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту (два ад партыі і чатыры ад руху) увайшлі ў склад дзевяці раённых (з правамі акруговых) выбарчых камісіяў у Менску. Гэта стала вядома сёньня пасьля фармаваньня сталічных камісіяў.

Бандарэнка і Багданкевіч – у акруговых камісіях

Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі -- народныя артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч уключаныя сёньня ў склад (адпаведна) Кастрычніцкай і Фрунзенскай раённых (з правамі акруговых) выбарчых камісіяў па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Партыі падвысілі актыўнасьць

Як паведаміў “Свабодзе”сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, у склад усіх акруговых камісіяў накіравана 5499 прадстаўнікоў: грамадзянамі праз збор подпісаў – 1888, працоўнымі калектывамі – 910, грамадзкімі аб’яднаньнямі і палітычнымі партыямі – 2701.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG