Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскі візыт: трэцяя спроба


Беларускі кіраўнік, які ад пачатку тыдня знаходзіцца зь візытам у Швайцарыі, пакуль так і ня трапіў у цэнтар увагі мясцовай грамадзкасьці. Пра наведаньне ім Канфэдэрацыі і дагэтуль няма зьвестак у мясцовых мэдыях, а таксама на сайце швайцарскага ўраду ды МЗС.

Як мяркуюць некаторыя швайцарскія палітыкі і грамадзкія дзеячы, гэты візыт, хутчэй за ўсё, так і застанецца засакрэчаным, бо мэта паездкі беларускага кіраўніка ў краіну — вакацыі, і ён тут як прыватная асоба.

У прэсавай службе беларускага прэзыдэнта пасьля афіцыйнай інфармацыі ў сераду адносна рабочага візыту Лукашэнкі ў Швайцарыю, які будзе сумяшчаць «дзелавую частку з кароткатэрміновым адпачынкам» і «сустрэчы ў адкрытым фармаце з канфідэнцыйнымі», нічога новага не паведамляецца.

Паводле інфармацыі са швайцарскіх крыніцаў, Аляксандар Лукашэнка адпачывае ў Альпах на ўсходзе краіны, аднак дакладная назва курорту нідзе не павінна згадвацца зь меркаваньняў бясьпекі.

У сувязі з тым, што Лукашэнка знаходзіцца ў Швайцарыі як прыватная асоба, ён ня будзе прыняты швайцарскім кіраўніцтвам — ні прэзыдэнтам, ні ўрадам.

Як паведаміў «Свабодзе» вядомы швайцарскі палітык і сябра ПАРЭ Андрэас Грос, «ня выключана, што факт знаходжаньня беларускага прэзыдэнта ў краіне скарыстае цяперашняя кіраўніца Рады Эўропы і МЗС Швайцарскай Канфэдэрацыі Мішлі Кальмі Рэ. У гэтым выпадку міністарка будзе сустракацца зь ім найперш як кіраўніца Камітэту міністраў Рады Эўропы».

Беларускі кіраўнік раней ужо двойчы бываў у Швайцарскай канфэдэрацыі.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, беларускі кіраўнік раней ужо двойчы бываў у Швайцарскай канфэдэрацыі.

Гучным і нават скандальным атрымаўся яго першы візыт у чэрвені 1998 году, калі Лукашэнка прыбыў на эканамічны форум у Кран-Мантана.

Гэта было пасьля высяленьня замежных амбасадараў з рэзыдэнцыяў у Драздах.

Пасьля выступу беларускі кіраўнік пачуў шмат пытаньняў адносна палітычнай сытуацыі ў краіне. Дыскусія атрымалася рэзкай, пісалі аглядальнікі, і ў выніку Лукашэнка пакінуў залю, не дачакаўшыся заключнага выступу прэзыдэнта форуму Жана-Поля Картэрона. Плянавалася, што беларускі кіраўнік выступіць у штаб-кватэры ААН у Жэнэве, а таксама сустрэнецца з прэзыдэнтам Швайцарскай Канфэдэрацыі. Аднак гэтага не адбылося.

У Кран-Мантана ў інтэрвію ІТАР-ТАСС беларускі кіраўнік заявіў, што «чакаў рознага кшталту выпадаў, аднак такой несумленнасьці і такога недэмакратызму сабе не ўяўляў. Гэта абуральны факт і паказчык нецывілізаванасьці. Аднак мы да ўсяго гатовыя. Мы знаходзімся на вастрыі».

Якіх-колечы афіцыйных сустрэчаў са швайцарскім кіраўніцтвам тады не адбылося.

Другі раз Лукашэнка наведаў Швайцарыю ў 2003 годзе дзеля ўдзелу ва Ўсясьветным саміце па інфармацыйным грамадзтве ў Жэневе, на якім абмяркоўваліся і пытаньні інтэрнэту.

Выступаючы на форуме, беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь — высокатэхналягічная краіна, якая ня страціла свой навуковы патэнцыял. Выступ прайшоў спакойна. Швайцарскія ды іншыя заходнія СМІ ніяк яго, як і сам візыт, не асьвятлялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG