СЛУХАЦЬ:
Сацук: Як я разумею, ідзе абнаўленьне кадравага складу. Праўда, я не зусім разумею, чаму гэта зроблена, бо “галоўную скрыпку” сёньня, напэўна, грае Зайцаў і ён вызначае, як працуе КДБ. Таму намесьнікі і кіраўнікі КДБ у абласьцях асабліва сытуацыю ня выправяцьРэч у тым, што апошнім часам КДБ пачало працаваць ужо занадта тапорна, няма ў чэкістаў “крэатыву”, які быў у савецкія часы і апошнія дзесяць гадоў постсавецкіх. А ад працы чэкістаў якраз чакаецца “творчы падыход”, а не дакладнае выкананьне літары закону.
Радыё Свабода: Хто, на вашу думку, быў ініцыятарам гэтых зьменаў? Асабіста старшыня КДБ Зайцаў?
Сацук: Не, наўрад ці. Усё ж, думаю, больш старэйшы сын прэзыдэнта ініцыюе амаладжэньне кадравага складу – бо ён адказвае за нацыянальную бясьпеку, дык, думаю, усё гэта ідзе ад яго. І – я гляджу па прозьвішчах – гэта ўсё людзі, якія нідзе не засьвяціліся і якім, як бы, даецца шанец адзначыцца і выявіць сябе.
Радыё Свабода: Значыць, вы ня думаеце, што гэта каманда Зайцава?
Сацук: У Зайцава няма сваёй каманды як такой. Ён – несамастойны гулец. Таму, я думаю, тут гэта больш ад сыноў ідзе, ад старэйшага сына.
Радыё Свабода: А якія гэта можа мець наступствы ў год выбараў?
Сацук: Складана сказаць. Гэта людзі зусім невядомыя. Нейкія пасады яны займалі, але ключавых пытаньняў не вырашалі, таму цяжка сказаць – як яны сябе пакажуць на новых пасадах. Думаю, яны будуць старацца, і мы пабачым сур'ёзныя зьмены ў дзейнасьці КДБ. Адзінае – ня ведаю, ці дапусьціць гэта Зайцаў, бо ў яго мэтады працы трошкі іншыя – пагранічныя, а не чэкісцкія. Так што магчымыя канфлікты Зайцава з тымі людзьмі – намесьнікамі і кіраўнікамі ў абласьцях.