Кандыдат у прэзыдэнты Украіны прэм’ер Юлія Цімашэнка галасавала на выбарчым участку ў сваім родным Днепрапятроўску. На выбары яе з мужам праводзіла маці.
Яна заявіла пра свой цудоўны настрой і сказала, што яе не турбуе 13-е месца ў выбарчым бюлетэні.
“Сёньня для Ўкраіны пачынаецца новы шлях. Народ абірае ня толькі прэзыдэнта, а сваю будучыню на дзясяткі гадоў”,-- заявіла Цімашэнка.
Сёньня ж Цімашэнка накіравалася ў Кіеў. А 20-й гадзіне яна зьбіраецца выступіць у прэсавым цэнтры свайго выбарчага штабу ў кіеўскім гатэлі “Хаят”.
“Я прагаласаваў за зьмены да лепшага,-- заявіў на сваім выбарчым участку ў Кіеве лідэр апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч. – Я адчуваю, што ўкраінскі народ хоча перамен”.
Януковіч таксама паведаміў, што напярэдадні ён маліўся ў адной з цэркваў Кіева і зноў выказаўся, што ў выпадку перамогі будзе працаваць і з Расеяй, і з Эўропай.
Дзейны прэзыдэнт Віктар Юшчанка разам з сям’ёю галасаваў на ўчастку ў будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў на Майдане незалежнасьці Кіева, як і 5 гадоў таму.
На пытаньне журналістаў, што ён будзе рабіць, калі ня будзе абраны прэзыдэнтам Юшчанка ўпэўнена адказаў:
“Буду абраны”.
Сьпікер Вярхоўнай Рады Уладзімер Літвін прыехаў на ўчастак для галасаваньня разам са сваімі бацькамі з Жытоміршчыны. Ён абяцаў пасьля галасаваньня паказаць ім будынак парлямэнту, дзе тыя ніколі не былі.
А вось Сяргей Цігіпка прыйшоў на выбарчы ўчастак адзін. Ён заявіў, што ня супраць атрымаць раніцай у панядзелак сюрпрыз. Цігіпка лічыцца трэцім у перадвыбарчым рэйтынгу пасьля Януковіча і Цімашэнкі.