Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея наступіла на малочны “мазоль” Беларусі


Расейская фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду “Рассельгаснагляд” узмацняе кантроль за 10 беларускімі малочнымі і мяснымі прадпрыемствамі. Паведамляецца, што ў вырабленых у Беларусі прадуктах знайшлі шкодныя для здароўя рэчывы. Якая верагоднасьць новага вітка “малочнай вайны” на тле беларуска-расейскага нафтавага ды энэргетычнага канфліктаў?

На сайце cлужбы “Рассельгаснагляду” паведамляецца, што пад узмоцнены кантроль трапіла прадукцыя Барысаўскага малочнага камбінату, Слуцкага сыраробнага заводу, Маладэчанскага малочнага заводу, Лепельскага малочна-кансэрвавага камбінату, Стаўпецкага мясакамбінату ды некаторых іншых. Падставай стаў маніторынг прадуктаў, у якіх былі выяўленыя шкодныя рэчывы. Так, у сырах берасьцейскага “Савушкінага прадукту” знойдзены даксіцыклін, у пастэрызаваным малацэ прадпрыемства “Малочныя прадукты” — стафілакок, у стаўпецкай ялавічыне перавышаны ўзровень мэзафільных аэробных мікраарганізмаў, у тварагу аб’яднаньня “Малако” выявілі плесьню.

На беларускіх прадпрыемствах лічаць чарговыя прэтэнзіі з расейскага боку надуманымі. Прадстаўніца аб’яднаньня “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна кажа, што ўся малочная прадукцыя адпавядае стандартам якасьці, у тым ліку адаптаваным у Расейскай Фэдэрацыі. Да таго ж якасьць берасьцейскіх прадуктаў ацэньвалі непасрэдна расейскія спэцыялісты, якія дагэтуль ня мелі да паставак ніякіх пытаньняў:
уся малочная прадукцыя адпавядае стандартам якасьці, у тым ліку адаптаваным у Расейскай Фэдэрацыі ...

“Уся наша прадукцыя, якая павінна была прайсьці сэртыфікацыю на адпаведнасьць санітарна-гігіенічным нормам Расейскай Фэдэрацыі, фэдэральнаму закону, была ўзятая ў нас на прадпрыемстве спэцыялістамі акрэдытаваных лябараторый — адразу ж пасьля таго, як былі вызначаныя гэтыя лябараторыі. Яны адабралі асартымэнт на складзе гатовай прадукцыі і завезьлі ў свае лябараторыі для дасьледаваньняў. Прэтэнзій па якасьці гэтай прадукцыі мы ня маем. Мала таго, цяпер рыхтуюцца дакумэнты на атрыманьне новых сэртыфікатаў на нашу прадукцыю”.

У аб’ёме паставак малочнай і мясной прадукцыі Беларусь амаль 100-працэнтна залежыць ад расейскага рынку. У іншыя краіны беларускія харчы пастаўляюцца мінімальна. І калі дывэрсыфікацыі няма, то любая спроба расейскіх кантрольных ведамстваў выхаваць беларускіх вытворцаў выклікае амаль панічную рэакцыю.

Некаторыя экспэрты лічаць, што малочныя абмежаваньні — лягічны крок у шэрагу беларуска-расейскіх канфліктаў. Ня мае плёну перамоўны працэс у справе паставак расейскай нафты ў Беларусь, сёньня пачаліся перамовы наконт транзыту расейскай электраэнэргіі праз тэрыторыю краіны — Менск настойвае на пяціразовым падвышэньні тарыфаў. Варта нагадаць, што летам мінулага году малочныя непаразуменьні ледзьве не прывялі да аднаўленьня паўнавартаснай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй, а Аляксандар Лукашэнка, пратэстуючы супраць спыненьня на загад “Расспажыўнагляду” паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расею, публічна праігнараваў саміт АДКБ у Маскве.

Адмысловец у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук лічыць, што такога кшталту канфлікты не нараджаюцца на роўным месцы. А спробы беларускага боку зрабіць пакрыўджаны выгляд не заўсёды абгрунтаваныя:

Аляксандар Ярашук
“Маюць месца шматлікія ўхіленьні ад дамоўленасьцяў што тычыцца і якасьці прадукцыі, у тым ліку і малочнай, і што тычыцца наагул строгага выкананьня міждзяржаўных абавязаньняў. Усе мы памятаем гісторыю з тым жа цукрам, калі падмешвалі ў цукар з цукровых буракоў трысьняговы. І калі мяса адпраўлялі, купляючы яго ў Польшчы, а прадаючы на расейскі рынак як сваё. Усё гэта тыя справы, якія ня толькі сумнеўныя з гледзішча нейкай маралі, але і наагул прынцыпаў, і якія, вядома, значна падрываюць давер да нашай краіны. Натуральна, тут ня тая сытуацыя, калі і адны, і другія белыя і пушыстыя (асабліва гэта тычыцца беларускага боку). Але такія адносіны суседніх краінаў недапушчальныя, бо яны папросту вядуць сытуацыю ў тупік”.

Барыс Жаліба
У інтэрвію Радыё Свабода эканаміст Барыс Жаліба выказаў думку, што ў рамках агульнага ціску на Беларусь Крэмль будзе выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы, каб паставіць Менск на калені. Балазе практычна па ўсіх спрэчных момантах — ад паставак нафты да экспарту беларускага малака — кошт пытаньня для Беларусі надзвычай высокі. І ўрэшце беларускаму кіраўніцтву нічога не застанецца, як прыняць навязаныя звонку правілы гульні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG