Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перад выбарам


17 студзеня ва Ўкраіне адбудуцца прэзыдэнцкія выбары – 5-я з 1991 году.


На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 18 кандыдатаў. Паводле шматлікіх сацыялягічных апытаньняў найбольшыя шанцы на перамогу маюць двое – лідэр апазыцыі, былы прэм’ер, кіраўнік Партыі Рэгіёнаў Віктар Януковіч і дзейны кіраўнік ураду, лідэр блёку свайго імя Юлія Цімашэнка.

Практычна на працягу ўсёй кампаніі Януковіч апярэджваў Цімашэнку, паводле студзеньскага апытаньня фонду “Дэмакратычныя ініцыятывы” за былога прэм’ера гатовыя прагаласаваць прыблізна траціна выбаршчыкаў, за дзейнага прэм’ера – крыху болей за 19%. Ад іх істотна адстае “другая ліга кандыдатаў” – былы міністар эканомікі, мільярдэр Сяргей Цігіпка (9%), былы сьпікэр парлямэнту 35-гадовы Арсеній Яцанюк (6%), дзейны прэзыдэнт Віктар Юшчанка (каля 4%) і лідэр кампартыі Пятро Сыманэнка (каля 3%).

Яцанюк меў неблагія шанцы напачатку кампаніі, але паводле экспэртаў, згубіў значную частку сваёй папулярнасьці, абраўшы для кампаніі вобраз крутога мача. У апошнія месяцы на трэцяе месца выйшаў кіраўнік выбарчага штабу Януковіча ў выбарчай кампаніі 2004 году Сяргей Цігіпка, які зараз адбірае галасы ў былога шэфа. На думку экспэртаў палітык , які зойме трэцяе месца ў першым туры галасаваньня, можа стаць ключавой асобай, якая вызначыць, хто ж пераможа ў другім туры.

У адрозьненьні ад выбараў 2004 году – выбараў “аранжавай” рэвалюцыі, цяперашнія выбары цяжка назваць галасаваньнем, на якім будзе вырашацца геапалітычны шлях краіны. Безумоўна, пазыцыя Цімашэнкі больш празаходняя, чым Януковіча, але яны значна бліжэйшыя, чым былі пазыцыі кандыдатаў Януковіча і Юшчанкі 5 гадоў таму. Януковіч кажа, што Ўкраіна не павінна быць ні ў НАТА, ні ў АДКБ, Цімашэнка выступае за сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе, але і Януковіч ня супраць гэтага.

Дзейны прэзыдэнт Юшчанка называе абодвух лідэраў гонкі стаўленікамі Масквы. Аднак 5-е месца ў рэйтынгу самога Юшчанкі робіць ягоны ўласны посьпех малаімаверным.

Разьмеркаваньне папулярнасьці асноўных кандыдатаў па рэгіёнах даволі паказальнае. На захадзе перавагу мае Цімашэнка 22%, канкурэнцыю ёй складае дзейны прэзыдэнт Юшчанка – 14%, трэцяе месца , дарэчы, мае Януковіч з 10%.

У цэнтры лідзіруе Цімашэнка – 33%, за ёй – Януковіч (18%) і Цігіпка – 10%. У гэтых макрарэгіёнах шмат выбаршчыкаў яшчэ ня вызначыліся са сваімі сімпатыямі. А вось на поўдні, і на ўсходзе перавага Януковіча вельмі пераканаўчая – 45% на поўдні і паўднёвым усходзе супраць 9% за Цімашэнку, і амаль дзьве траціны галасоў за Януковіча ў рэгіёне Данецку і ў Крыму супраць 6% за Цімашэнку.

Апытаньні паказваюць, што рэгіянальны падзел – хіба не адзінае адрозьненьне ў электаратах асноўных украінскіх кандыдатаў. Калі, напрыклад, у Беларусі Аляксандра Лукашэнку больш схільныя падтрымліваць людзі сталага веку, з нізкай адукацыяй і якія жывуць ў вёсцы, то долі адукаваных, гаражанаў і моладзі сярод выбаршчыкаў Януковіча і Цімашэнкі прыблізна аднолькавыя.

Пакуль цяжка сказаць, якім будзе вынік галасаваньня. Віктар Януковіч наперадзе, хаця галасоў на ягоную карысьць наўрад ці хопіць, каб выйграць у першым жа туры. Юлія Цімашэнка – палітык, вядомая здольнасьцю да фінішнага рыўка. Але паводле прыгаданага апытаньня, ў адказах на пытаньне аб выбары ў другім туры паміж Януковічам і Цімашэнкай – 43% аддалі б перавагу Януковічу, а 27% - Цімашэнцы. Аднак адказы на такія гіпатэтычныя пытаньні наўрад ці могуць служыць верагодным прагнозам, людзі самі часам ня ведаюць, як павядуць сябе ў такой сытуацыі, да таго ж невядома, якія палітычныя канфігурацыі складуцца пасьля першага туру, хто сапраўды будзе трэцім, за каго заклічуць аддаць галасы кандыдаты, якія не патрапяць у другі тур. Так што інтрыга выбараў захоўваецца.

Вынікі апытаньняў украінскіх сацыялягічных цэнтраў


R&B Group TNSДэмакратычныя ініцыятывы
12.0912.0912.09
В. Януковіч33.326.333.6
Ю.Цімашэнка 16.6 18.6 19.2
С. Тігіпка 7.4 5.6 9.2
А. Яцэнюк 6.7 4.1 6.1
У. Літвін 4.1 3.1 2.6
В. Юшчанка3.84.23.7
П.Сіманенка3.42.33.4


Калі ў другі тур выбараў выйдуць Ю. Цімашэнка і В. Януковіч, за каго Вы прагаласеце?


TNSДэмакратычныя ініцыятывы
За В. Януковіча34.542.9
За. Ю Цімашэнку29.927.4
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG