Што для вас свабода?
Калі жывеш у прававой краіне, дзе жаданьні індывідуюмаў і патрабаваньні грамадзтва збалянсаваныя, дзе не патрапляеш у «чорныя сьпісы» ўлады за тое, што любіш сваю краіну, але ня згодны з палітыкай уладатрымаўзцаў.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Разуменьне, што мой лоб не «чыгунны».
Што для вас шчасьце?
Шчасьце — гэта чароўны аазіс, да якога імкнесься, нібыта дасягаеш, але калі ўздымаеш галаву, бачыш, што яно зноў наперадзе.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Сур’ёзных праблемаў у блізкіх людзей.
Які талент вы хацелі б мець?
Моц «добрага» тэрмінатара — не спыніць, не стрымаць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Людзьмі, якія трапляюць у складаныя сытуацыі і годна трымаюцца да канца. Такімі, як Ніна Мацяш.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Бавіць час у коле сям’і, вандраваць па Беларусі, глядзець на плынь ракі. Люблю калі ідзе сьнег, калі цвітуць сады. Больш падрабязна на маім блогу: http://alesarkush.livejournal.com/profile
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Не рабіў бы тое, што насамрэч абсалютна не патрэбна ў жыцьці.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Трэба свой розум мець.
Які ваш улюбёны дэвіз?
На Бога спадзявайся, ды сам не агінайся.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У кастытуцыйнай манархіі. Неяк я нават прапаноўваў асобу, якую можна запрасіць на беларускі трон, — Яўхіма, малодшага сына дацкай каралевы, бо дацкі каралеўскі род мае часьцінку крыві Рагвалодавічаў.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У беларускай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У гэтую. Цікава было б таксама зазірнуць у Полацак часоў Усяслава Чарадзея. Ёсьць некалькі пытаньняў, якія варта было б з князем абмеркаваць.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Адразу зьмяніў бы кіраўнікоў сілавых міністэрстваў.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Партнэрскія.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Дыктатура — гэта загніваньне. Хаця на годзік дыктатуры якога-небудзь разумнага нацыянальнага палітыка я пагадзіўся б...
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Гэта найвялікшая загадка беларускай сучаснасьці.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі зразумеюць, якая каштоўсьць — уласная краіна. А без беларускай мовы Беларусь не пабудуеш.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Яны перастануць быць беларусамі.