Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Маркаўка Хоцімскага раёну


Шыльда свабоды
Вёска Маркаўка Хоцімскага раёну
У гэтым доме з 1991 да 2002 году журналіст Васіль Даўгалёў выдаваў незалежную газэту «Беларускі ўсход», якая стаяла на пазыцыях незалежнасьці Беларусі і дэмакратыі, была адным з самых папулярных рэгіянальных недзяржаўных выданьняў.
На Магілёўшчыне кажуць, што далей за Хоцімск — толькі Расея. На самым усходзе Беларусі ў невялікай вёсцы Маркаўка Хоцімскага раёну ў 1990-я гады адзін чалавек выдаваў незалежную газэту «Беларускі ўсход». Яе чыталі жыхары Хоцімскага, Краснапольскага, Крычаўскага, Клімавіцкага раёнаў, падпісваліся ў Магілёве. Наклад беларускамоўнага дэмакратычнага выданьня вагаўся ад 5 да 10 тысяч асобнікаў. Імя выдаўца Васіля Даўгалёва сталася шырока вядомым у нацыянальна-дэмакратычным асяродзьдзі Беларусі.

Пасьля паразы ГКЧП рэдакцыя хоцімскай раёнкі «Шлях кастрычніка» вырашыла зьмяніць назву на «Беларускі ўсход», але райвыканкам з гэтым не пагадзіўся. Тады намесьнік галоўнага рэдактара Васіль Даўгалёў паехаў у Менск і зарэгістраваў (у той час гэта было няцяжка) новае выданьне, заснавальнікамі якога выступілі хоцімская Сьвята-Троіцкая царква і саўгас «Трасьціно». Першы нумар «нацыянальнай дэмакратычнай газэты», як пісалася на тытуле побач з дэвізам «Жыве Беларусь!», выйшаў 28 cьнежня 1991 году. Праіснавала газэта дзесяць гадоў — да 14 лютага 2002 году.

Праваабаронца Леанід Сьвецік, які ў той час у Крычаве кіраваў няўрадавай арганізацыяй «Кантакт-цэнтар» называе газэту

«фантастычнай зьявай, бо ідэя, па-першае, належала аднаму чалавеку, да таго ж выхаванаму падчас савецкага ладу. І калі зьявілася магчымасьць, гэты чалавек вынес ідэю незалежнай газэты як праект, магчымы для ажыцьцяўленьня ў правінцыі, на ўсходзе Беларусі. Гэтаму, канечне, спрыяў час, быў дэмакратычны ўздым. Даўгалёў быў ня толькі творчым чалавекам. Ён знаходзіў спонсараў — прадпрымальнікаў, сярод якіх былі нават кіраўнікі буйных прадпрыемстваў ва ўсходняй частцы Магілёўшчыны».

Першая паласа першага нумара «Беларускага ўсходу» (28 сьнежня 1991 году)
Уся рэдакцыя складалася з двух чалавек — самога Васіля Даўгалёва і бухгальтаркі. Пісаў аўтар і рэдактар пераважна ад рукі ці на машынцы, кампутарам так і не навучыўся карыстацца. У лазьні (рэдакцыі) было самае прымітыўнае абсталяваньне. А затым Даўгалёў вёз рукапісы ў Магілёў, дзе газэта і друкавалася.

Да 1996 году зьмест газэты можна назваць радыкальным — зьмяшчаліся і перадрукі зь менскіх незалежных газэт. У другой палове дзесяцігодзьдзя Васіль Даўгалёў таксама адчуў ціск уладаў на незалежную прэсу. Давялося крыху зьмякчыць зьмест публікацыяў, аднак пазыцыя заставалася тая ж. Ён рабіў сваю справу і даваў прыклад іншым, што і ў вёсцы можна быць свабодным, — кажа Сяргей Аржанцаў, настаўнік, журналіст з Клімавічаў:

«Тым болей што ён ужо быў у сталым узросьце, але здолеў рабіць газэту ў няпростых умовах. Да яго таксама ж міліцыя прыяжджала і спрабавала адабраць кампутары. Ягоны прыклад найперш быў паказальным для асобаў, падобных да яго, што можна нешта рабіць. Калі ў яго атрымліваецца, дык і мы здолеем».

Памёр Васіль Даўгалёў 28 лютага 2002 году, не дажыўшы два тыдні да свайго сямідзесяцігодзьдзя. Ён працаваў над 188-м нумарам газэты. Яго пахавалі на вясковых могілках у Маркаўцы.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG