Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, плошча Бангалор


Шыльда свабоды
Менск, плошча Бангалор
30 жніўня 1997 году на гэтай плошчы, куды з цэнтру гораду рэжым выцясьняў акцыі апазыцыі, паэт Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць удушэньня свабоды слова.
Менскую плошчу зь дзіўным для беларускага вуха індыйскім назовам Бангалор многія ўдзельнікі апазыцыйных рухаў 1990-х — пачатку 2000-х гадоў гатовыя ўключыць у сьпіс адрасоў не свабоды, а ганьбы. Бо менавіта гэту плошчу, у баку ад урадавых і грамадзкіх установаў, Лукашэнкава ўлада вызначыла месцам, дзе апазыцыйныя сілы маюць права дэманстраваць свае пратэсты.

Хаця там усё ж адбыўся шэраг гучных акцыяў. Адна зь іх у абарону свабоды слова на гэтым несвабодным месцы стала нават сымбалічнай.

30 жніўня 1997 году беларускія журналісты наладзілі дэманстрацыю на знак салідарнасьці з карэспандэнтам расейскага тэлеканалу ОРТ Паўлам Шараметам, які сядзеў у беларускай турме.

У гэты дзень гэты задворак сталіцы ўвасабляў вязьніцу, а трынаццаць журналістаў, апранутых у турэмныя робы з кратамі ў руках, — яе вязьняў.

У часе дэманстрацыі паэт Славамір Адамовіч нечакана выняў з кішэні мэдычную іголку зь ніткай і зашыў сабе рот.

Паэт толькі што выйшаў з турмы, у якой ён правёў 10 месяцаў за напісаны ім саркастычны верш «Убей презідента». Славамір Адамовіч кажа, што форму пратэсту ён вынес менавіта з турмы:

“Там я пачуў пра гэта і сказаў сабе, што, на жаль, на волі, напэўна ж, гэта давядзецца скарыстаць. Акт зашываньня рота, як і лёзунг “Ня вер, ня бойся, не прасі” нарадзіў яшчэ ў 1939-я гады вялікі кантынгент савецкіх палітычных зьняволеных у якасьці, я сказаў бы, духоўнага акту супраціву”.

Гэта быў палітычны заклік да іншых не маўчаць, змагацца з дыктатурай у любы спосаб. Хаця праз гады пасьля яе Адамовіч лічыць, што верш “Убей презідента” меў большы плён:

“Верш меў свой рэзананс і, на жаль, застаецца актуальным. Ён працягвае рабіць справу. Калі актам зашываньня рота я рабіў балюча сабе, дык вершам я рабіў балюча майму палітычнаму апанэнту”.

Акцыі з удзелам Славаміра Адамовіча — шэсьце з паходнямі ў Менску 27 ліпеня 1994 году, зьезд нацыяналістаў у Віцебску 27 лістапада 1996 году, сухая галадоўка пратэсту ў турме КДБ у тым жа годзе, зашываньне рота, эміграцыя ў Нарвэгію ў 2002 годзе — мелі выразна палітычны характар. А праз гады сталі прыгожымі легендамі змаганьня за свабоду.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG