Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цудаў не бывае


Я бягу па сьнезе. Я даганяю турка. Ён бяжыць у лес. Так, сапраўдны турак бяжыць у звычайны беларускі лес, а я за ім ганюся. Усе засталіся ў катэджы суцяшаць зарумзаную дзяўчыну гэтага турка. Зараз ужо відавочна, што былую дзяўчыну. Пасьля таго як той зьезьдзіў ёй па пысе, ім, па-мойму, сустракацца больш няма чаго.

Я от усё думаю, адкуль у людзей бяруцца грошы? Як яны гэта робяць: раз — і купляюць машыну, два — і будуюць катэдж, атрымліваюць кватэру? У Менску гэтулькі кватэр, няўжо ніводная зь іх не дастанецца мне і я так і буду жыць з бацькам? У сьвеце так шмат грошай, няўжо мне нельга хоць драбніцу на новую гітару?

Гітара — гэта тое, чым я жыву. Не, шчыра, бяз патасу — я зарабляю тым, што граю на гітары. Джаз — дык джаз, рок — калі ласка, народная творчасьць, хардкор, нью-мэтал, карпаратывы, што там яшчэ? Я прафэсійны музыка. Даю прыватныя ўрокі. Нядорага. Мабыць, таму не магу назьбіраць на гітару. Часам запісваю партыі для якой-небудзь папсы, але гэтага ўсё адно нестае.

Нядаўна трэба было адзін блатны саляк прыдумаць. Мне гэты тыпу сьпявак кажа:

— Сыграй, як быццам ты ў “матыльку”.

— У чым? — перапытваю.

— Гальштук такі — “матылёк”, і гарнітур да яго адпаведны. Калі мне спадабаецца, добра заплачу.

Сыграў я, вядома, без усякіх “матылькоў”, але сумленна спрабаваў уявіць сябе “пацаном”, каб адчуць гэтую іхную рамантыку. Той чэл аж абалдзеў.

— Боская праца, — крычыць, — За такое плачу табе 20 баксаў!

У мяне адразу рукі апусьціліся.

— Табе па якім, — кажа, — курсе?

— А па любым.

Калі за такую драбязу кожны раз душу выварочваць, на сваю музыку зусім не застанецца.

Вунь Віцько, чыя студыя, даўно ўжо ня грае ні сваю, ні чужую музыку. Раней усё па канцэртах езьдзіў, песьні сьпяваў, а як назьбіраў бабла, купіў апаратуры і пачаў студыю здаваць у арэнду. Сам сядзіць на ўваходзе і ў прыстаўку рэжацца, слухае, як яго арандатары рэпетуюць, усьміхаецца і кажа: “А нехта ж яшчэ сур'ёзна ставіцца да сваёй творчасьці”.

Неяк адзін з маладых музыкаў выпіў лішняга, жадаючы натхніцца перад рэпэтыцыяй, і не дабег ад комбіка да сарціра. Абрыгаў дзьверы студыі. Дык Віцько яму кажа:

— Трэба прыбіральніцы плаціць.

— Колькі?

— Сто баксаў.

Віцько нават на ванітах гроша зробіць.

Тут яшчэ можна шмат усяго распавесьці, але мне няма калі, я ж ганюся за туркам. Я яго збольшага ўжо дагнаў. Ён прываліўся да хвоі, асеў на сьнег і захінуў рукамі падрапаны твар.

Я сярод гасьцей асоба эпізадычная. Мяне наша вакалістка папрасіла падыграць. Хацела сяброўцы, якая гасьцей на Новы год зьбірала, сюрпрыз зрабіць. Граў я ў гэты вечар не за грошы, а за яду і выпіўку, і нават калі пабег за туркам, не забыўся захапіць са стала бутэльку віскі.

Турак быццам бы і сам вінаваты: хто ж б'е дзяўчат па пысе? Можа, гэта ў іх у Турцыі і прынята, а ў нас сябры пабітай адразу ўступіліся, павалілі турка на сьнег, пакалацілі. І ўсё было б справядліва, калі б тая чувіха першая не ўчапілася турку ў твар. Ён бо цэлы вечар хадзіў самотна, ні знаёмых, нікога. З усімі загаварыць спрабаваў, дурнавата неяк па-турэцку хіхікаў. Мне сказаў, што я добра граю. І тут — опа, гляджу, а яны ўжо сварацца, дзяўчына раз яму па храпе манікюрам, два. Той з перапуду і ўрэзаў ёй. А тут ужо сябрукі падбеглі і давай мянташыць, турак ледзь вырваўся — і ў лес. Я за ім. Куды ён адзін у чужой краіне?

Вось і ўся гісторыя. Не люблю я гэтых мажорных дзевак.

— Чувак, супакойся, нельга ж так: бяз курткі ўзімку ў лесе. Гэта ў вас у Турцыі, пэўна, на Новы год цёпла, а тут трэба апранацца, брат.

Глядзіць, цяміць штосьці.

— У цябе закурыць ня знойдзецца? — пытае.

— Не, толькі выпіць, — я дастаю віскар і сядаю побач з ім пад хвою.


Спрабую турка са ступару размовамі вывесьці. Распавядаю пра сваіх чувіх, якія ў мяне засады бывалі. Такіх, як у яго, вядома, не здаралася, але ўсё ж, усё ж.

Потым успамінаю, што чытаў Архана Памука, а гэта ж турэцкі пісьменьнік.

— Я вось вашага Памука чытаў, дарэчы. Так што я крышачку ведаю вас, туркаў. Звычайныя там у вас людзі жывуць. Ня горшыя за нашых. Або вось, ты не чытаў, у яго ёсьць там пра аднаго футбаліста.

І я пачынаю ўспамінаць гісторыю. Там футбаліста-турка не ўзялі ў нацыянальную зборную. Чымсьці ён ім там не падышоў. Затое ўзялі ў зборную Грэцыі. І вось калі абедзьве каманды сустракаліся ў Стамбуле, то гэты забракаваны туркамі футбаліст забіў за грэкаў два мячы. Ледзь ня плакаў, а забіваў. Выйграла Грэцыя. П'яныя фанаты-туркі пасьля матчу хадзілі па горадзе і напявалі невясёлыя песьні пра тое, што яны зробяць з гэтым футбалістам і кожным яго сямейнікам паасобку.

— Вось і прыкінь, на чыім месцы ты б хацеў апынуцца, — сканчаю я пераказ.

— А ты ведаеш, што я раней у футбол гуляў? — кажа турак, і позірк у яго такі, нібы ён і быў тым самым футбалістам.

— Ну не, ня можа быць, — кажу, — Што за хрэнь?


Рэдка калі здараецца такая незадача.

Калі мы дапілі віскі, я прынёс яму куртку і пасадзіў на таксі. Больш я яго не сустракаў.

На наступны Новы год я атрымаў пасылку з Турцыі. У прыкладзеным лісьце мой выпадковы знаёмы пісаў, што не забыўся мяне і ўсяго, што я яму зрабіў; што ўдзячны; што знайшоў добрую дзяўчыну ў Турцыі і жыве зь ёй у Стамбуле; і што з такой нагоды просіць прыняць ад яго падарунак — гітару, на якую я так яшчэ і не сабраў грошай.

Тут, здавалася б, можна паверыць у цуды. Але вы мяне хоць забіце, а я лічу, што цудам было б, калі б у мяне дагэтуль не было новай гітары. А то арэш, арэш…

paulantipov



Павал Анціпаў. Жыву ў Мінску. Пішу апавяданьні. Недавучыўся ў Літаратурным інстытуце, але давучыўся ў Беларускім калегіюме. Працаваў, друкаваўся, удзельнічаў у розных літаратурных конкурсах, пра што сьведчаць запісы ў працоўнай кніжцы, публікацыі ў часопісах і дыплёмы.

1.Навошта я пішу блог
Пішу ў блог, мабыць, таму, што ўсе пішуць. Вельмі цяжка зараз ня весьці блог, калі ўсе навокал толькі гэтым і займаюцца.
2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах
Люблю ў блогах камэнты.
3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах
Не люблю, калі размаўляюць пра Асю Паплаўскую.
4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

slotoviepus, andrreas, dkuzmin, elena-sophia, iten.

XS
SM
MD
LG