Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Першамайская, 18. “Марш свабоды”


Шыльда свабоды
Менск, вуліца Першамайская, 18
17 кастрычніка 1999 году на скрыжаваньні вуліц Першамайскай і Пуліхава адбылася жорсткая сутычка паміж удзельнікамі «Маршу свабоды» і міліцыяй. Дзясяткі чалавек былі параненыя, шмат каго кінулі ў турмы.
17 кастрычніка 1999 году ў часе «Маршу свабоды» вулічныя змаганьні апазыцыі і ўлады, распачатыя ў 1996 годзе Чарнобыльскім шляхам, дасягнулі свайго піку. Адбылася сапраўдная бітва зь дзясяткамі параненых з абодвух бакоў і дзясяткамі кінутых у турмы.

У той дзень з патрабаваньнямі да ўлады спыніць выкраданьне палітычных апанэнтаў, выпусьціць на волю палітвязьняў, а таксама зь лёзунгамі за незалежнасьць краіны выйшлі на менскія вуліцы больш як 30 тысяч чалавек.

Стартаваў марш на плошчы Якуба Коласа і па праспэкце Скарыны і вуліцы Сурганава дайшоў да плошчы Бангалор. Пасьля невялікага мітынгу дэманстранты рушылі ў цэнтар гораду, разгарнуўшы трыццацімэтровыя палотнішчы сьцягоў — бел-чырвона-белага і Эўразьвязу. У калёне дэманстрантаў пераважала моладзь. Людзі скандавалі: «Свабоду палітвязьням!», «Не — дыктатуры!», «Беларусь у Эўропу!» ,"Жыве Беларусь!"

На шляху дэманстрантаў міліцыянты і людзі ў цывільным раз-пораз правакавалі ўдзельнікаў на бойкі. Арганізатары шэсьця, якія хацелі пазьбегнуць сутыкненьняў, вырашылі збочыць з праспэкту. Пайшлі па вуліцы Першамайскай, а на скрыжаваньні з вуліцай Пуліхава іх чакала пастка, — кажа Мікола Статкевіч, які кіраваў шэсьцем:

«Там ужо стаялі вельмі шчыльныя міліцэйскія шыхты. І я зрабіў усё, каб не дапусьціць лабавога сутыкненьня, бо маглі быць ахвяры. Мне ўдалося амаль немагчымае — разьвярнуць натоўп. Людзі пайшлі назад. Тады група спэцназаўцаў ударыла ў сьпіну дэманстрацыі, і людзі былі проста вымушаныя абараняцца. Яны сталі хапаць плітку, якая там валялася, і пачалі адганяць іх. Адагналі. Калёна дэманстрантаў зноў пачала адыходзіць. І зноў ім ударылі ў сьпіну. Усё паўтарылася некалькі разоў. Людзі вымушаныя былі бараніцца. Міліцыянты таксама хапалі гэтыя пліткі і кідалі ў бок дэманстрацыі».

Бойка трывала каля паўгадзіны. Уцякаючы з-пад дубінак і ботаў спэцназаўцаў, людзі нават кідаліся ў ледзяную раку. Працягваліся сутычкі і пазьней, калі міліцыя пачала рабіць зачысткі двароў.

Дзясяткі людзей былі схопленыя і кінутыя ў турму на Акрэсьціна, а сем чалавек трапілі ў «Валадарку» з пэрспэктывай крымінальнай справы. Пасьля двухтыднёвай галадоўкі пад ціскам міжнароднай супольнасьці выпусьцілі з турмы Статкевіча, а празь дзень і астатніх. Судзілі толькі Статкевіча са Шчукіным, а пяцёх маладых людзей удалося пераправіць за мяжу, дзе яны працягнулі сваю адукацыю.

«Марш свабоды» паказаў беларусам, што з дыктатурай можна змагацца. Міжнародная супольнасьць зразумела, што шмат хто ў Беларусі робіць выбар на карысьць Эўропы і дэмакратыі. Мікола Статкевіч лічыць, што высновы мусіў зрабіць і рэжым:

«Упершыню беларусы паказалі, што ёсьць мяжа, якую ўладзе пераходзіць нельга. Гэта — незалежнасьць і палітычныя забойствы».

З таго часу палітыкі ў Беларусі бясьсьледна не зьнікалі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG