Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бябенін: “Мая справа проста заглухла”


У два апошнія дні невядомыя людзі ў цывільным схапілі і вывезьлі за горад лідэра “Эўрапейскай Беларусі” Яўгена Афнагеля і лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Такія выпадкі былі і раней. Прэсавы сакратар “Хартыі’97” Алег Бябенін распавёў “Свабодзе” пра такую ж гісторыю, якая здарылася зь ім яшчэ ў лістападзе 1997 году, напярэдадні “Дзядоў”:


“У той час я працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Імя”. Я крочыў па праспэкце Скарыны (тады ён называўся яшчэ так) і пачаў лавіць таксоўку. Каля мяне тармазнуў аўтамабіль. Зь яго выйшлі нейкія людзі. І раптам яны гвалтам запхнулі мяне ўсярэдзіну. Гэта адбылося імгненна. Я нават не пасьпеў нічога сказаць.

Мне закрылі вочы рукой і некуды павезьлі. У выніку мы апынуліся каля Заслаўя. Мяне падштурхнулі ў бок і сказалі: ідзі ў лес. Адвялі на некалькі сот мэтраў. І тут мне пачалі пагражаць. Казалі пра актыўную працу незалежных журналістаў. І пагражалі, што на маім прыкладзе пакажуць усім, як трэба паводзіць сябе з уладамі.

Але ж, дзякуй Богу, нічога ня здарылася. У мяне адабралі сродкі сувязі — тады гэта былі тэлефонная картка і пэйджар — і грошы. Увечары я на папутках даехаў да гораду, прыйшоў у рэдакцыю.

Людзі, якія схапілі мяне, не хавалі сваіх твараў, паводзілі сябе вельмі нахабна і самаўпэўнена. Іх я ніколі не забуду. Там быў нейкі чалавек з вусамі, былі пара брытагаловых хлопцаў. Як кажуць, стандартны набор”.

Алег Бябенін кажа, што больш гэтых людзей ён ніколі не сустракаў:

“Я зьвяртаўся тады ў Цэнтральны РАУС, па месцы майго выкраданьня. Мы двойчы выяжджалі на гэтае месца, былі складзеныя нейкія пратаколы. Але потым усё проста заглухла”.

Спадар Бябенін дадае:

“Калі я на апошнім тыдні бачыў усю гэтую інфармацыю пра хлопцаў, якіх таксама выкрадалі, вывозілі, якім пагражалі, я вяртаўся ў той час. Я ўспомніў інцыдэнт зь Юрыем Дракахрустам і ягонай жонкай, акцыю ў падтрымку Паўла Шарамета. Тады праяўлялася сапраўдная карпаратыўная салідарнасьць. І тое, што такія інцыдэнты зноў паўтараюцца, сьведчыць пра тое, што гэты рэжым ніякай лібэралізацыі ня робіць. Абсалютна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG