Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 моладзевых арганізацый стварылі новую кааліцыю


Дзевяць моладзевых арганізацый, сярод якіх “Малады фронт”, "Моладзь БНФ і “Правы альянс”, аб’ядналіся ў кааліцыю “Новае пакаленьне”. А 12-й гадзіне лідэры і прадстаўнікі арганізацыяў сабраліся ля сквэру Янкі Купалы. За імі назіралі кіраўнікі гарадзкой міліцыі, а таксама міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Яны папярэджвалі, што пры спробе правядзеньня вулічнай акцыі будзе ўжытая сіла. У двары Дому вэтэранаў стаялі два аўтазакі са спэцназаўцамі.

У кааліцыю “Новае пакаленьне” увайшлі “Малады фронт”, рух “Разам”, моладзь БХД, “Правы альянс”, “Ініцыятыва”, Вольная моладзь”, “Моладзь БНФ”, “Моладзь “Народнай Грамады” і МХСС “Маладыя дэмакраты”.

Лідэры арганізацый падпісалі пагадненьне аб стварэньні моладзевай кааліцыі “Новае пакаленьне”. Яны зазначылі, што аб’ядноўваюць свае намаганьні ў барацьбе за духоўна-нацыянальнае адраджэньне Беларусі на падмурку хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, нацыянальнай ідэі, кансэрватызму, прынцыпаў сацыяльнай справядлівасьці ды ідэалаў свабоды.

Усе чакалі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Спачатку ён не адказваў на званкі, а потым увогуле тэлефоны былі адключаныя.

Ягоная намесьніца Наста Палажанка зачытала тэкст пагадненьня аб стварэньні кааліцыі. Пасьля гэтага лідэры арганізацый падпісаліся пад ім.

Наста паведаміла “Свабодзе”:

“Уваходзіць 9 суб’ектаў моладзевага палітычнага асяродку. Сёньня яны дамовяцца пра сумесную працу, каардынацыю сваіх дзеяньняў і стварэньне новага моладзевага блёку”.

Гаворыць лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў:

“Гэтая кааліцыя не ствараецца насуперак Беларускаму незалежніцкаму блёку. Яна моладзевая і мае крыху іншы фармат у параўнаньні з дарослай кааліцыяй. Мы ня ставім выразна палітычных мэтаў, а збольшага грамадзкія. Таму мы адкрытыя для такіх структур, якія ня ставяць палітычных мэтаў, для розных моладзевых ініцыятываў.

Асноўная мэта – гэта аб’яднаньне на агульных каштоўнасьцях, прынцыпах дасягненьня нашых агульных мэтаў”.

Ад "Моладзі БНФ" пагадненьне падпісваў Сяржук Семянюк:

“Якраз гэта й ёсьць праблема, што ўсе дзейнічаюць паасобку. Кааліцыі вельмі актуальныя якраз падчас правядзеньня выбарчых кампаній. У наступным годзе іх дзьве. Таму недаравальна, калі моладзь будзе дзейнічаць паасобку і выконваць адны і тыя ж пастаўленыя задачы. Вось і ўзьнікла думка, што блізкія па духу арганізацыі могуць аб’яднацца і працаваць разам. Гэта не аб’яднане літаральнае, а гэта пляцоўка для сумесных рашэньняў і дзеяньняў. Трэба выходзіць на супольныя дзеяньні”.

Гаворыць каардынатар “Вольнай моладзі” Мікіта Красноў:

“Мы сабраліся, каб ушанаваць яшчэ й памяць Янкі Купалы, плянаваліся чытаньні. Але, на жаль, супрацоўнікі менскай міліцыі не далі нам правесьці мерапрыемства. Аб’яднацца ў кааліцыю – рашэньне прыроднае, бо моладзь павінна быць разам. Мы павінны іграць большую ролю ў тых працэсах, якія адбываюцца ў грамадзтве”.

Лідэры моладзевых арганізацый паведамілі, што задачай кааліцыі будзе супольны ўдзел у агітацыйнай і мабілізацыйнай кампаніях, каб адстойваць свой голас падчас мясцовых, парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах. Суб’екты кааліцыі будуць сумесна ладзіць кампаніі ў абарону незалежнасьці Беларусі, беларускай мовы, а таксама кампаніі салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых.

7 сьнежня сябры дзевяці моладзевых арганізацый, якія ўваходзяць у “Новае пакаленьне”, будуць зьбіраць подпісы за аднаўленьне на вучобе Тацяны Шапуцькі. Прэсавую сакратарку “Маладога фронту” адлічылі з вучобы за ўдзел у паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства”.

Да моладзевай кааліцыі могуць далучыцца іншыя арганізацыі, якія падтрымліваюць умовы пагадненьня і падзяляюць каштоўнасьці кааліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG