Шыльда свабоды
Горадня, вуліца Карла Маркса, 11
У гэтым будынку з 1996 да 2003 году знаходзіўся офіс Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ — адзін з цэнтраў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
У гэтым будынку з 1996 да 2003 году знаходзіўся офіс Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ — адзін з цэнтраў нацыянальна-дэмакратычнага руху.
«Было вельмі шмат народу, амаль дзьвесьце чалавек. Мы здолелі прывезьці каля трыццаці байцоў, якія змагаліся з саветамі тут, у Заходняй Беларусі. Вялікае ўражаньне для ўсіх было. Гэта былі ўжо вельмі старыя людзі, ім тады было каля васьмідзесяці — васьмідзесяці пяці гадоў. І ім самім было цікава, што пра іх памятаюць, іх яшчэ хочуць паслухаць. Тады гэта атрымалася...»
За сем гадоў, што гарадзенская арганізацыя БНФ займала гэтае вялікае памяшканьне, тут прайшлі сотні імпрэзаў. Тутсама пэўны час месьціліся і рэдакцыя пазьней забароненай газэты «Пагоня», і Таварыства беларускай мовы. Знайсьці шлях туды было вельмі проста — цэнтар гораду, шыльда «БНФ» на дзьвярах і партыйны бел-чырвона-белы сьцяг.
Выціснуць з цэнтру гораду гэты асяродак свабоды ўладам удалося праз спосаб, апрабаваны шмат у якіх кутках Беларусі — кажа Вадзім Саранчукоў:
«Упраўленьне камунальнай гаспадаркі вырашыла, што дом аварыйны і яму патрэбны рамонт. Нам як арандатарам выставілі рахунак каля 30 тысяч даляраў на правядзеньне рамонту. Ясна, што для нас гэтая сума была непад’ёмная, і нам давялося вызваліць памяшканьне. І нягледзячы на тое, што мы праводзілі незалежную экспэртызу, якая ня выявіла ніякіх вялікіх пашкоджаньняў у будынку, суды прынялі бок камунальнай гаспадаркі. На сёньняшні дзень там месьцяцца крамы і вясельны салён. А рамонту ў будынку так і не было».
Улады не зламалі актывістаў БНФ высяленьнем — ідэалягічна нічога не зьмянілася, але меней стала наведвальнікаў у офісе, бо далей ад цэнтру і памяшканьне ў разы меншае. Але зноў амаль усе гарадзенцы-дэмакраты разам: грамадзкія арганізацыі і партыі знайшлі прытулак у прыватным доме.