Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая крымінальная справа супраць Бэрлюсконі


Неўзабаве пасьля візыту ў Менск прэмьер-міністру Італіі Сільвіа Бэрлюсконі давядзецца паўстаць перад судом. Яго абвінавачваюць у даваньні хабару ягонаму адвакату Дэвіду Мілсу.

Справа будзе разглядацца ў Міляне 4 сьнежня. Паводле абвінавачваньня, Бэрлюсконі даў хабар свайму былому брытанскаму адвакату, які праходзіў сьведкам па іншай справе аб карупцыі, якая тычылася дзейнасьці напачатку 90-х гадоў адной з кампаніяў італьянскага прэмьера.

Дэвід Мілс паведаміў у лісьце свайму сябру пра падарунак у 600 тысяч даляраў ад Бэрлюсконі. Гэтае неасьцярожнае прызнаньне стала галоўнай улікай у справе брытанскага адваката, які ў лютым сёлета быў асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня за атрыманьне хабару і ільжэсведчаньне.

Той, хто атрымаў хабар, сядзіць, той, каго падазраюць у даваньні хабару –на волі. Суд першай інстанцыі ўскосна прызнаў віну Бэрлюсконі. Справа супраць яго была прыпыненая пасьля прыняцьця т.зв. “закону Альфана” аб судовай недатыкальнасьці кіраўнікоў дзяржавы. Аднак 7 кастрычніка сёлета Канстытуцыйны суд Італіі прызнаў гэты закон неадпаведным Канстытуцыі. Справа супраць Бэрлюсконі была адноўленая.

Усяго за апошнія дзесяць гадоў супраць цяперашняга кіраўніка ўраду Італіі было распачата каля 90 крымінальных справаў. Яго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, незаконным фінансаваньні палітычных партыяў і ў карупцыі. Але кожны раз Бэрлюсконі ці апраўдвалі, ці вызвалялі ад адказнасьці з прычыны надыходу тэрміну даўніны правапарушэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG